Работнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Капыльшчыны з мётламі, лапатамі, граблямі, сякерамі наводзілі чысціню падчас і абласнога, і раённага суботнікаў. За кожнай брыгадай быў замацаваны свой участак: нехта працаваў на падведамаснай тэрыторыі, іншыя накіраваліся ў сельгаспрадпрыемствы і аказвалі дапамогу ў зборы камення, для прадстаўнікоў некаторых калектываў знайшлася работа на добра- ўпарадкаванні вясковых вуліц, сквераў, мемарыяльных комплексаў, помнікаў воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
[caption id="attachment_39837" align="aligncenter" width="580"]
У скверы ля помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, наводзяць парадак педагогі і тэхнічныя работнікі Старыцкай СШ[/caption]
Рэдакцыйная брыгада наведалася на некаторыя аб’екты, каб на свае вочы пабачыць, як ідзе работа.
[caption id="attachment_39838" align="aligncenter" width="580"]
Працуюць настаўнікі Камсамольскай СШ[/caption]
У Капылі ўвагу прахожых прыцягвала вялікая група людзей, якія наводзілі парадак на прыдамавой тэрыторыі па Партызанскай, 1. Побач, на месцы будучых клумбаў, рыхтавалі глебу пад пасадку расады кветак. Аляксандр Паляшчук, намеснік дырэктара КУП «Капыльская ЖКГ», які кіраваў усімі работамі, расказаў, чым падчас суботніка заняты работнікі прадпрыемства: «Сёння перад намі стаіць задача давесці да ладу тэрыторыі ля дамоў №№ 1, 3, 5, 7 па вуліцы Партызанскай. Мы высякаем парасткі, выцягваем галіны і складваем іх у трактарны прычэп. Жанчыны выграбаюць сухое лісце і смецце. Другая наша брыгада наводзіць парадак у пойме рэчкі па вуліцы М. Горкага і будзе рухацца да самых гаражоў. Высадзіўся працоўны дэсант і ў аграгарадку Быстрыца: там устанаўліваюць кантэйнерную пляцоўку, прыбіраюць прыдамавыя тэрыторыі. Пад увагай камунальнікаў сёння будуць і агароджы, якія патрабуюць рамонту і пафарбоўкі».
[caption id="attachment_39839" align="aligncenter" width="580"]
На зборы камення супрацоўнікі райЦГЭ[/caption]
Накіроўваемся ў аграгарадок Старыца і заўважаем людзей, якія збіраюць каменне. А побач, на дарозе, знаёмы аўтамабіль — за ходам работ назірае дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі. Як сапраўдны гаспадар, ён не можа пакінуць без увагі ні адзін аб’ект, дзе ў гэты дзень кіпіць работа. «Каменне нас замучыла, — прызнаецца Уладзімір Анатольевіч. — Таму сёння для яго збору мы накіравалі дзве брыгады. Тут, ля Андросаўшчыны, працуюць нашы шэфы — прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райветстанцыі і ветлабараторыі. Усяго каля 30 чалавек. Другая група, у склад якой увайшлі работнікі нашай бухгалтэрыі, участка працаёмкіх працэсаў, электрыкі, іншыя спецыялісты (усяго каля 40 чалавек), выехала ў Слабада-Кучынку. Настаўнікі і тэхработнікі Старыцкай СШ выграбаюць леташняе лісце ў парку каля помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, а на тэрыторыі, якая прылягае да дарогі Асіповічы – Баранавічы (насупраць адміністрацыйнага будынка Старыцкага лясніцтва), шчыруюць супрацоўнікі аддзела статыстыкі, райаддзела ФСАН і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва. Акрамя работ па навядзенні парадку, гаспадарка працуе ў рытме веснавой пасяўной кампаніі: закрываем вільгаць, рыхтуем палеткі пад сяўбу, у тым ліку і пад раннюю бульбу — у першых чыслах красавіка плануем пусціць бульбасаджалкі, а пакуль будзем нарэзваць барозны. Сёння мы плануем закончыць падкормку азімых збожжавых і рапсу, вядзём сяўбу — у полі два пасяўныя агрэгаты. Працоўны дзень у сельгаспрадпрыемстве ўжо пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і цягнецца да 20.00, двойчы на дзень кормім усіх занятых на веснавых палявых работах. Словам, гаспадарка працуе ў зладжаным рытме, каб у самыя кароткія тэрміны завяршыць пасяўную».
[caption id="attachment_39840" align="aligncenter" width="580"]
Ідуць работы ў аграгарадку Грозава[/caption]
Такую ж старанную працу мы назіралі і на тэрыторыях іншых сельсаветаў, праз якія давялося ў гэты дзень праехаць. Спыніліся, каб зрабіць фотаздымак, каля ўезду ў в. Камсамольская, дзе выграбалі лісце і бялілі дрэвы паўз дарогу, што вядзе на цэнтральную сядзібу філіяла «Лакнея», педагогі і тэхнічныя работнікі Камсамольскай СШ. У Грозаве сустрэліся са старшынёй сельвыканкама Жаннай Скрыган. «Каб яшчэ хвіліна — і вы б мяне не засталі, — усміхаецца Жанна Леанідаўна. — Спяшаюся ў Камень, там мяне чакаюць. Сёння, як, дарэчы, і ў папярэднія дні аб’яўленага месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, амаль у кожным населеным пункце арганізаваны работы: убіраюць пустуючыя сядзібы, наводзяць парадак на грамадзянскіх могілках, у парках. Самыя актыўныя — работнікі ўстаноў сацыяльнай сферы, шмат чаго зрабілі на сваіх тэрыторыях і сельгаспрадпрыемствы, прыязджаюць на дапамогу гараджане — супрацоўнікі фінаддзела райвыканкама, ДРБУ №124, райспажыўтаварыства, кааппрама».
[caption id="attachment_39841" align="aligncenter" width="580"]
Прыдамавую тэрыторыю прыбіраюць работнікі ЖКГ[/caption]
Рухаемся далей — у Доктаравіцкі сельсавет. І тут работы па навядзенні парадку на тэрыторыі арганізаваны як след. Пра гэта мы даведаліся ад спецыяліста сельвыканкама Таццяны Дзісяк. А асаблівая ўвага надаецца пустуючым сядзібам.
[caption id="attachment_39842" align="aligncenter" width="580"]
На тэрыторыі Капыльскай ЦРБ[/caption]
Нават нягледзячы на тое, што надвор’е не радавала яркім сонейкам, а спрабавала абсыпаць працуючых дробным дажджом, настрой у людзей, якія выйшлі на суботнік, быў прыўзняты. Бо, як гаварыў Маленькі прынц у вядомай казцы Антуана дэ Сэнт-Эзюперы, «прачнуўся раніцай — прыбяры сваю планету, інакш яна зарасце баабабамі». Вось і ў гэты суботні ранак усе разам мы прыводзілі ў парадак родную зямлю.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара