26 сакавіка — Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі
Прафесійнае свята — гэта заўсёды нагода для таго, каб пагутарыць пра сутнасць той ці іншай прафесіі. Яе прадстаўнікі дакладна бачаць у гэты дзень абодва бакі аднаго медаля — і сваю напружаную працу, і нячастую, шчыра кажучы, даніну павагі ім за тое, наколькі эфектыўна яны спраўляюцца з няпростымі надзённымі задачамі.
Сёння мы пазнаёмім нашых чытачоў з прадстаўнікамі дзвюх галін гаспадаркі — жыллёва-камунальнай і бытавога абслугоўвання — якія заўтра адзначаюць сваё прафесійнае свята.
У прафесіі цырульніка мала рабіць стрыжкі або прычоскі — неабходна ўмець рабіць чалавека прыгожым. У гэтым упэўнена Марына Уладзіміраўна Імбра, якая вось ужо амаль тры дзясяткі гадоў займаецца любімай справай.

У Капыльскі камбінат бытавога абслугоўвання яна прыйшла адразу пасля заканчэння Слуцкага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 209. Менавіта там, а пазней пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў, сярод якіх у першую чаргу называе Наталлю Віктараўну Рудакоўскую, Марына зразумела, што кліенты заўсёды жадаюць выходзіць ад цырульніка прыгожымі, а значыць, стаіць задача — разгледзець прыродную прывабнасць кожнага чалавека і падкрэсліць яе. Да таго ж вельмі часта гэта работа патрабуе ўмення раіць і пераконваць людзей, без навязвання ім свайго меркавання.
— Цырульнік — гэта прафесія, дзе нельга дасягнуць нейкай вышыні, — упэўнена Марына Уладзіміраўна. — Пастаянна з’яўляюцца новыя вяршыні, новыя тэндэнцыі, новыя тэхнікі, а таму ў прафесіі можна расці вечна. І тут добрым дарадцам з’яўляецца інтэрнэт. Менавіта з яго дапамогай можна сачыць, у якім напрамку рухаецца сучасная мода.
Аднак не толькі імкненне ісці ў нагу з сучаснымі трэндамі робіць Марыну Імбра адным з самых запатрабаваных цырульнікаў у Капыльскім РКБА. Ёй уласціва нейкая асаблівая далікатнасць, цеплыня ў адносінах да кліентаў і адначасова ўпэўненасць у сваіх сілах. І гэта апраўдана, бо безадказныя адносіны да работы, некарэктнасць у словах і дзеяннях могуць толькі адштурхнуць наведвальніка: наўрад ці мы вернемся туды, дзе нам сапсавалі прычоску або настрой.
— Я вельмі люблю людзей, нават з усімі іх недахопамі і маленькімі капрызамі, — адзначае наша гераіня. — Стараюся дакладна размяжоўваць дом і работу: зачыняючы за сабою дзверы, пакідаю за імі ўсе свае праблемы, нястачы, непрыемнасці. Мае кліенты павінны заўсёды бачыць на маіх вуснах усмешку і ведаць, што я рада іх прыходу.
Работу цырульніка лёгкай не назавеш. Увесь дзень на нагах, пастаянна занятыя рукі — а гэта значная фізічная нагрузка. Да таго ж даводзіцца сутыкацца з рознымі хімічнымі злучэннямі, што можа выклікаць або абвастрыць алергію, хваробы дыхальных шляхоў. Ды і кліенты бываюць рознымі: нехта любіць пагаварыць у крэсле, і трэба ўмець падтрымаць размову на любую тэму, камусьці дастаткова лёгкай музыкі, каб адчуваць сябе камфортна. Асаблівая катэгорыя наведвальнікаў — дзеці, у якіх гук электрычнай машынкі або лязгат нажніц часта выклікаюць панічнае жаданне хутчэй уцячы з крэсла. І з імі таксама трэба знайсці агульную мову.
Словам цырульнік — гэта своеасаблівы псіхолаг, і гэта ўменне прыходзіць да кожнага спецыяліста з вопытам. Марына Уладзіміраўна не толькі сама дакладна валодае ўсімі тонкасцямі сваёй справы, але з вялікім жаданнем дзеліцца імі з вучнямі. А іх у майстра за гады працы было нямала.
— Я ўспамінаю тыя гады, калі сама вучылася азам прафесіі, — расказвае Марына Імбра, — таму ведаю, што тым дзяўчынкам, якія толькі робяць першыя крокі як цырульнікі, вельмі няпроста. Стараюся іх падтрымаць, паказаць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Да таго ж у нас вельмі добры дружны калектыў: з Аленай Грыцкевіч, Галінай Камёнка, Аленай Сінькевіч і Святланай Матусевіч разам мы працуем не адзін год, і мне вельмі важна іх меркаванне.
З цеплынёй расказвала Марына Уладзіміраўна пра сваіх родных — бацькоў, якія і сёння жывуць у вёсцы Карзуны. Яна стараецца як мага часцей наведвацца ў такі мілы яе сэрцу дом. Вельмі задаволена жанчына, як складваецца лёс яе любых сыноў Юрыя і Дзмітрыя, цешыцца маленькім унучкам Савеліем.
У дзень прафесійнага свята яна, безумоўна, атрымае віншаванні ад самых дарагіх людзей разам з пажаданнямі дабра і цеплыні любячага сэрца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара