Адзначаючы свята Божага Нараджэння, мы вызнаём веру ў тое, што Бог уцелавіўся і ўвайшоў у гісторыю чалавецтва. У Ім неба з’ядналася з зямлёй. Сувязь паміж боскім і чалавечым стала блізкай. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Хрыстус — гэта вобраз нябачнага Бога (пар. Клс 1, 15).
Дзякуючы святкаванню Божага Нараджэння, мы зноў становімся перад таямніцай прыйсця Бога ў свет у чалавечым целе. Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей!
Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!
Віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!
Віншую ўсіх хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць!
Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нара-джэння!
Віншую ўсіх людзей добрай волі!
Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую на-дзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)!
Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!
Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны «паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (Эф 4, 24).
Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю таксама на надыходзячы Новы 2020 год.
Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,
настаяцель парафіі святых Пятра і Паўла, г. Капыль
■ Сям'я Карпучкоў: Аляксандр, Вікторыя, Караліна і Фларыян[/caption]
Аляксандр Мікалаевіч і Вікторыя Віктараўна Карпучкі — пара з дванаццацігадовым стажам сумеснага жыцця. Ён — мясцовы, яна ж родам з Украіны. Пазнаёміліся падчас прыезду туды Аляксандра да сваякоў яго маці, Ядвігі Сцяпанаўны. Бурны раман з-за недахопу зносін на адлегласці быў непрацяглым — маладыя людзі вельмі хутка вырашылі ажаніцца. Прычым шлюб зарэгістравалі ў Капыльскім ЗАГСе, а цырымонія вянчання прайшла ў касцёле на радзіме Вікторыі.
Першае дзіця — дачка Караліна — нарадзілася ў маладой сям’і ўжо пасля трывалага асталявання на Капыльшчыне. Неўзабаве з’явіўся і сын Фларыян. Дарэчы, да выбару імён Карпучкоў-малодшых падыходзілі грунтоўна — без уплыву каталіцтва ў гэтай адказнай справе не абышлося, што для сям’і вернікаў з’ява звыклая. Караліна ўжо вучыцца ў пятым класе капыльскай гімназіі, а дашкольнік Фларыян наведвае «Мажскі ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа». Бацькі ж іх працуюць у Капыльскай ЖКГ.
Зараз і старэйшыя, і малодшыя члены сям’і Карпучкоў знаходзяцца ў радасным прадчуванні вялікага свята. Канешне, пры гэтым выконваюцца ўсе шматгадовыя традыцыі падрыхтоўкі да яго.
— Рыхтавацца да Божага Нара-джэння мы пачалі за чатыры тыдні, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Гэты перыяд называецца Адвэнт. З самага першага яго дня ў касцёлах і дамах каталіцкіх вернікаў з’явіўся вянок, які, як правіла, робіцца з галінак хвоі. У гэты вянок наша сям’я ўпляла пяць свечак, кожная з якіх мае свой духоўны сэнс. У першы тыдзень Адвэнту падчас сумеснага абеду запальваецца адна свечка, у другі — дзве і гэтак далей, каб з кожным наступным тыднем станавілася святлей. У выніку ў апошні, чацвёрты, тыдзень Адвэнту будуць гарэць амаль усе свечкі як сімвал таго, што хутка наступіць Раство. Апошнюю ж, пятую, свечку мы запалім ужо на само свята.
Падчас Адвэнту ў сям’і Карпучкоў імкнуцца рабіць як мага больш добрых спраў, ачысціць душу — словам, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Вядома ж, не абыходзіцца і без свецкіх клопатаў. Купля падарункаў, генеральная ўборка, набыццё прадуктаў да каляднага стала — таксама немалаважныя моманты падрыхтоўкі.
Адвэнт набліжаецца да канца. Зусім хутка настане доўгачаканы святы вечар. У Карпучкоў у гэты час, як і ва ўсе папярэднія гады, будзе панаваць ні з чым не параўнальная атмасфера сапраўднай урачыстасці. Па традыцыі 24 снежня вялікая сям’я збярэцца ў бацькоў Аляксандра. На вігілійным (перадкалядным) стале, за які сядуць пасля з’яўлення першай зоркі, традыцыйна будзе 12 посных страў. Падлічваючы колькасць неабходных сталовых прыбораў, да агульнай колькасці дададуць яшчэ адзін камплект — для самога Пана Езуса. Паставіцца крыж, запаліцца свечка, прачытаецца ўрывак з Евангелля і прысутныя прыступяць да вячэры. Абавязковая вігілійная страва — куцця — у Карпучкоў гатуецца двума спосабамі. Адзін рэцэпт прадугледжвае наяўнасць у рысавай кашы маку (можна дадаць мёд, арэхі, цукаты), па другім крупы гатуюцца на ўзвары з сухафруктамі.
Адным з галоўных дзействаў перадкаляднай вячэры стане праламленне аплаткі — загадзя асвечанага ў касцёле вельмі тонкага лістка прэснага белага цеста, упрыгожанага выявамі на рэлігійную тэматыку. Усе члены сям’і падзеляцца паміж сабой кавалачкамі аплаткі, адломваючы іх адзін у аднаго і пры гэтым жадаючы здароўя, дабрабыту, поспехаў, Божага заступніцтва.
Пасля вячэры ўся сям’я накіруецца ў касцёл на святочнае набажэнства. Аднак перад адыходам важна не забыць пра яшчэ адну справу — трэба пакласці пад ёлку падарункі. Пасля вяртання з храма, ужо глыбокай ноччу, кожны з членаў сям’і абавязкова знойдзе падрыхтаваны для яго сюрпрыз.
У дзень самога свята Божага Нараджэння Карпучкі зноў збяруцца за сталом. Цяпер ужо можна будзе паласавацца і мяснымі стравамі. Для каляднага застолля жанчыны традыцыйна прыгатуюць шынку — страву «родам» з Украіны — кумпяк, папярэдне замарынаваны з разнастайнымі спецыямі, а затым запечаны ў духоўцы. Дарэчы, для Карпучкоў 25 снежня — двайное свята. У гэты дзень сям’я адзначае яшчэ і дзень нараджэння сястры Аляксандра Юліі. Што ж тычыцца святкавання Новага года, то гэта адыходзіць на другі план і ўспрымаецца як звычайная змена календара. І хаця ў адпаведнасці з сучаснымі звычаямі Карпучкі ўсё ж збяруцца за сталом — ужо навагоднім, гэта будзе зусім іншае свята, у якім няма месца той духоўнай узнёсласці, што перапаўняе душу вернікаў падчас рэлігійных ўрачыстасцей.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
■ Святлана Шыманская[/caption]
Менавіта так сцвярджала жанчына, калі азіралася на пройдзены шлях.
Свята Божага Нараджэння ў сям’і Святланы Канстанцінаўны адзначалі заўсёды, нават у складаныя савецкія часы. Напярэдадні, 24 снежня, цэлы дзень мама не дазваляла есці, можна было толькі чым-небудзь троху перакусіць. А ўжо вечарам уся сям’я разам садзілася за стол. Па традыцыі ён быў засланы саломай і ўпрыгожаны абрусам. Пасярэдзіне на пачэсным месцы стаяла куцця. Лідзія Антонаўна варыла яе толькі з ячных круп: спачатку замочвала крупы ў вадзе, потым дадавала сухафрукты і ставіла ў печку. Смачнейшай стравы нават і не было! Гатавала да свята і вінегрэт, пякла катлеты, тушыла курыцу. Страў было не шмат, але заўсёды болей, чым на Новы год. Да святкавання далучаліся сваякі.
– У маладосці я была максі-малісткай, – успамінае Святлана Канстанцінаўна. – І калі мне мама гаварыла штосьці пра Бога, я заўсёды адказвала, што такога проста не можа быць. Але з часам зразумела правату маміных слоў, ды і яе асабісты прыклад адыграў значную ролю. Мама пражыла доўгае жыццё – амаль 90 гадоў. І, нягледзячы ні на якія іспыты (а можа і дзякуючы ім), захавала чысціню сваёй веры і душы.
[caption id="attachment_84332" align="aligncenter" width="840"]
■ Лідзія і Канстанцін з дзецьмі. Варшава, 1946 год[/caption]
…Лідзія Антонаўна паходзіла з Койданава, гарадка каля Мінска. Яе бацькі, Яўгенія і Антон Сайкоўскія, былі людзьмі веруючымі. Мама нават іграла на аргане ў мясцовым касцёле. Але віхор спачатку рэвалюцыйных падзей, а потым і грамадзянскай вайны знішчыў бацькоў: тата загінуў на запалкавай фабрыцы, дзе і працаваў, а мама памерла ад тыфу. Першы ўспамін, які жанчына многа пазней расказвала ўжо сваім дзецям, – гэта зімовы халодны надвячорак 1918 года… Вось яе, трохгадовую дзяўчынку, басанож, але закручаную ў кажух, трымае на руках нейкі дзядзька, а з хаты выносяць і згружаюць на павозкі вялікую колькасць рэлігійных кніг, лісты паперы з нотамі. Лідачку адправілі ў дзіцячы дом, бо ніхто са сваякоў узяць дзіця да сябе не змог. Дзяўчынка не памятала, калі і як трапіла ў дзіцячы дом у Какорычах, але на ўсё жыццё засталося пачуццё ўдзячнасці Богу за тое, што дапамог вытрымаць шматлікія іспыты хваробамі, голадам, знявагамі ад такіх жа абяздоленых дзяцей, як і яна сама.
Калі падрасла, Ліда ўладкавалася на працу ў капыльскую сталовую, а потым па камсамольскай пуцёўцы яе адправілі вучыцца ў Адэскую школу камсамольскага актыву. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзяўчына яшчэ паспела папрацаваць у райвыканкаме г. Хоцімска, што знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці. Адтуль і трапіла ў эвакуацыю ў Казахстан.
[caption id="attachment_84331" align="aligncenter" width="840"]
■ 1 верасня 1959 года: Святлана ідзе ў першы клас. Разам з бацькамі і братам[/caption]
У канцы 30-х гадоў Ліда выйшла замуж за Канстанціна Алісевіча. У 39-м нарадзіўся сын Валерый. Але на пэўны час сям’ю разлучыла ваеннае ліхалецце. Пасля Перамогі мужчына, адслужыўшы сувязістам пры штабе маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага, знайшоў сваю сям’ю і забраў у Варшаву, дзе да 1947 года працягнуў выконваць ваенны абавязак. Капыль у жыцці Алісевічаў стаў кропкай невыпадковай: каб зрабіць прыемнае сваёй выбранніцы, Канстанцін спыніў выбар менавіта на гэтым мястэчку, якое ўжо стала для жанчыны родным. Так і адпрацаваў у галіне сувязі да выхаду на заслужаны адпачынак. У 1987 годзе Лідзія Антонаўна і Канстанцін Альбертавіч адзначылі залатое вяселле, а яшчэ праз дзесяць гадоў – дыяментавае.
Савецкі час не быў самым лепшым для веруючых людзей, але традыцыі, якія Лідзія ўвабрала з мацярынскім малаком, жанчына захоўвала і берагла. Сваіх бацькоў яна амаль не памятала, але недзе глыбока-глыбока ў душы разумела і ўсім сэрцам верыла: Бог існуе і заўсёды ёй дапамагае. Такія думкі імкнулася перадаць і дзецям. Нягледзячы на тое, што асноўным месцам работы была пасада загадчыка агульнага аддзела райвыканкама, самыя вялікія каталіцкія святы адзначала заўсёды. І сёння Святлана Канстанцінаўна памятае, як мама ранкам прыносіла галінкі вярбы і паціху стукала імі дзетак, прыгаворваючы: «Не я б’ю, вярба б’е, здароўе дае, сілы прыбаўляе, грэх прабачае». На Вялікдзень заўсёды радавала смачнымі пірагамі. Калі Светачцы споўнілася 10 гадкоў, мама адправіла яе са знаёмымі ў Нясвіж, каб пахрысцілі ў касцёле.
[caption id="attachment_84330" align="aligncenter" width="840"]
■ Залатое вяселле. Лідзія Антонаўна і Канстанцін Альбертавіч прымаюць віншаванні. 17 лістапада 1987 года[/caption]
Кожны ранак Лідзія Антонаўна звярталася з малітвамі да Пана, кожны вечар дзякавала за мінулы дзень і прасіла спакою ноччу.
Калі дзяржава павярнулася тварам да рэлігіі, аказалася, што ў Капылі няма дзе сабрацца вернікам. Лідзія Антонаўна, якая мела вопыт адміністрацыйнай работы і для кожнага чыноўніка знаходзіла патрэбныя словы, разам з нераўнадушнымі жыхарамі раёна актыўна ўключылася ў дзейнасць па вяртанні храма. Нават да самых высокапастаўленых начальнікаў з іншымі веруючымі трапляла. Нараўне з нераўнадушнымі жыхарамі раёна прымала актыўны ўдзел у вырашэнні шматлікіх пытанняў па будаўніцтве новага храма. У выніку дзякуючы такім апантаным каталікам касцёл у Капылі пабудавалі.
Ходзіць у храм і Святлана Канстанцінаўна. І кожны раз, запальваючы напярэдадні свята свечку, зноў і зноў успамінае маму, дзякуючы якой прыйшла да Бога.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Паўла ШЭІНА і з сямейнага архіва С.К. Шыманскай
Жыхарка райцэнтра Вольга Вільеўна Рэўтовіч (на здымку) – сапраўдны майстар пернікавых спраў.
Вось на стале ў перадсвяточным чаканні размясціліся коні з карэтай, казачныя домікі, бліскучыя чалавечкі. Кожны з іх чакае свайго часу і свайго «гаспадара». Каб зрабіць усю гэту смачную прыгажосць, Вользе Вільеўне спатрэбіўся не адзін дзень, а каб знайсці сваю справу – не адзін год. Ва ўтульнай кватэры за кубачкам духмянай гарбаты, прыгатаванай гаспадыняй з мясцовых кветак і траў, сабраных цёплымі летнімі дзянькамі, мы вядзём цікавую размову.
– Вольга Вільеўна, чаму і як Вы вырашылі пячы менавіта пернікі? – пытаюся ў майстрыхі.
– Звярнулася да пернікавай тэмы я ўжо пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, – шчыра ўсміхаючыся, гаворыць жанчына. – А дагэтуль доўгі час выхоўвала хлопчыкаў і дзяўчынак спачатку ў дзіцячым садзіку, потым у карэкцыйна-рэабілітацыйным цэнтры. Ведаеце, мне, як чалавеку творчаму, сядзець дома без справы было вельмі складана. Калі шукала занятак па душы, шмат чаго бачыла, але вельмі ўразілі менавіта рознакаляровыя пернікі.
[caption id="attachment_84323" align="aligncenter" width="840"]
■ Такія прыгожыя наборы-падарункі...[/caption]
– Якія рэцэпты Вы выкарыстоўваеце?
– Над стварэннем асабістага рэцэпта прыйшлося старанна папрацаваць. Так званы «свой» склад інгрэдыентаў шукала доўга. Спачатку спрабавала рэцэпты, якія прапаноўвае інтэрнэт. Першыя пернікі не атрымоўваліся: то вырабы былі цвёрдымі, то, наадварот, нейкімі рассыпістымі. Але я не здавалася і далей працягвала шукаць і нешта прыдумляць. Паступова зразумела, што сапраўдных (толькі сваіх) рэцэптаў ніхто не дае: кожны майстар мае асабістую загадку. Таксама было і з глазурай. Колькі дадаваць цукровай пудры, як змешваць – усё гэта спасцігала, як кажуць, доследным шляхам. І зараз кожны пернік – для мяне як нейкая казачная мара, якой я дзялюся з іншым чалавекам.
[caption id="attachment_84325" align="aligncenter" width="840"]
■ ...майстрыха прыгатавала да свята[/caption]
– Сёння Вы ўжо маеце свае фірменныя рэцэпты, Вашы пернікі досыць мяккія, смачныя і ўпрыгожаны з густам. Што выкарыстоўваеце для іх афармлення?
– У мяне, амаль як у сапраўднага мастака, ёсць шмат фарбаў для ежы, пэндзлікаў, самых розных формачак і шаблонаў. Усе гэтыя прылады я набывала паступова. І зараз ужо выпрацаваліся свае стыль і падыход, сабрана свая кніга рэцэптаў. Для прыгатавання пернікаў я выкарыстоўваю толькі якасныя і свежыя прадукты.
Сакрэты майстэрства ✓ Не кладзіце шмат соды, каб цеста не губляла форму. ✓ Не забівайце цеста мукой. ✓ Калі вырабы прыгатаваліся, спачатку пачакайце, каб яны астылі, а потым вымайце з формы. ✓ Калі вы любіце, каб пернікі былі мяккімі, палажыце іх у цэлафанавы пакет разам з кавалачкам свежага яблыка або хлеба. ✓ Спецыі і мёд служаць своеасаблівымі кансервантамі: яны дапамагаюць пернікам доўга заставацца якаснымі.– Як праходзіць працэс прыгатавання пернікаў? – Калі раблю цеста, старанна прытрымліваюся рэцэптаў. Потым стаўлю цеста ў халадзільнік на ноч: добра, калі яно выхаладзіцца. Пасля таго, як раніцай яго дастану, пачакаю яшчэ крышачку, каб цеста «прывыкла» да хатняй тэмпературы. І вось тады пачынаю раскачваць. Калі пернікі спякліся, пачынаю іх размалёўваць. Гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе не толькі творчасці, але і стараннасці.
– Пасля таго, як Вы спяклі пернікі, які шлях іх чакае?
– Паколькі я аформлена як рамеснік, то маю права на рэалізацыю сваёй прадукцыі. Шмат гатую менавіта на заказ, часта прымаю ўдзел у розных выставах і ярмарках, якія праводзяцца ў нашым горадзе. Не адзін пернік падарыла сябрам і знаёмым. Зусім нядаўна адчула неабходнасць напячы пернікаў і пачаставаць імі тых людзей, якіх патрэбна падтрымаць і павіншаваць асобна. Дарэчы, сваімі асабістымі кулінарнымі сакрэтамі з ахвотай дзялюся ў сацыяльных сетках.
[caption id="attachment_84324" align="aligncenter" width="840"]
■ Гэтыя цудоўныя алені і сані – на самай справе пернікі[/caption]
– Вольга Вільеўна, не магу не запытацца пра Ваша цікавае імя па бацьку, што яно азначае?
– Мой дзядуля быў вельмі адданы Камуністычнай партыі і назваў свайго сына Віль: «Владимир Ильич Ленин». Але, на жаль, дзядуля загінуў у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Давялося паваяваць і майму тату, Рамановічу Вілю Іосіфавічу. Дарэчы, потым ён быў у ліку першых будаўнікоў, а затым і шахцёраў Салігорска. Жылі мы ў Чырвонай Слабадзе. А ў Капыль ужо пераехала пасля таго, як выйшла замуж.
– Бачу, у Вас шмат прыгожых вышыванак? Чые гэта работы?
– З ніткай і іголкай сябрую даўно. Апошнім часам паспрабавала ствараць так званую дыяментавую вышыўку. Спадабалася. Кожная работа мае для мяне вялікае значэнне.
Р.S. Застаецца дадаць: пернікі паспрабавалі і можам з упэўненасцю сказаць: прыгажосць бывае смачнай!