Адзначаючы свята Божага Нараджэння, мы вызнаём веру ў тое, што Бог уцелавіўся і ўвайшоў у гісторыю чалавецтва. У Ім неба з’ядналася з зямлёй. Сувязь паміж боскім і чалавечым стала блізкай. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Хрыстус — гэта вобраз нябачнага Бога (пар. Клс 1, 15).
Дзякуючы святкаванню Божага Нараджэння, мы зноў становімся перад таямніцай прыйсця Бога ў свет у чалавечым целе. Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей!
Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!
Віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!
Віншую ўсіх хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць!
Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нара-джэння!
Віншую ўсіх людзей добрай волі!
Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую на-дзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)!
Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!
Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
«Убачылі ўсе межы зямлі Збаўленне Бога нашага. Усклікай Пану, уся зямля, Радуйцеся, спявайце і грайце» Пс. 98 У радасныя дні Божага Нараджэння ў нашых сэрцах гучаць словы прадвеснікаў Добрай Навіны аб вялікай і неспасцігальнай любові Бога да свайго стварэння: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан…» (Лк 2, 11). Гэтыя словы ажыўляюць нашую надзею і нагадваюць яшчэ раз пра тое, што Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жадае нарадзіцца і ў нашых сэрцах.
Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны «паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (Эф 4, 24).
Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю таксама на надыходзячы Новы 2020 год.
Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,
настаяцель парафіі святых Пятра і Паўла, г. Капыль 
Комментарии