Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

43

Копылянка Светлана Шиманская: "Чтобы сохранить чистоту души"

24.12.2019
Час напярэдадні Божага Нараджэння – чароўны, з нейкай таямнічай ноткай. Гэта дні, калі надзвычай яскрава ўспамінаецца ўсё добрае. Для капылянкі Святланы Канстанцінаўны Шыманскай перадсвяточны настрой як ніякі іншы звязаны з успамінамі пра маму Лідзію Антонаўну Алісевіч, якую ўсё жыццё вёў за сабой Бог. [caption id="attachment_84333" align="alignleft" width="210"] ■ Святлана Шыманская[/caption] Менавіта так сцвярджала жанчына, калі азіралася на пройдзены шлях.   Свята Божага Нараджэння ў сям’і Святланы Канстанцінаўны адзначалі заўсёды, нават у складаныя савецкія часы. Напярэдадні, 24 снежня, цэлы дзень мама не дазваляла есці, можна было толькі чым-небудзь троху перакусіць. А ўжо вечарам уся сям’я разам садзілася за стол. Па традыцыі ён быў засланы саломай і ўпрыгожаны абрусам. Пасярэдзіне на пачэсным месцы стаяла куцця. Лідзія Антонаўна варыла яе толькі з ячных круп: спачатку замочвала крупы ў вадзе, потым дадавала сухафрукты і ставіла ў печку. Смачнейшай стравы нават і не было! Гатавала да свята і вінегрэт, пякла катлеты, тушыла курыцу. Страў было не шмат, але заўсёды болей, чым на Новы год. Да святкавання далучаліся сваякі. –  У маладосці я была максі-малісткай, – успамінае Святлана Канстанцінаўна. – І калі мне мама гаварыла штосьці пра Бога, я заўсёды адказвала, што такога проста не можа быць. Але з часам зразумела правату маміных слоў, ды і яе асабісты прыклад адыграў значную ролю. Мама пражыла доўгае жыццё – амаль 90 гадоў. І, нягледзячы ні на якія іспыты (а можа і дзякуючы ім), захавала чысціню сваёй веры і душы. [caption id="attachment_84332" align="aligncenter" width="840"] ■ Лідзія і Канстанцін з дзецьмі. Варшава, 1946 год[/caption] …Лідзія Антонаўна паходзіла з Койданава, гарадка каля Мінска. Яе бацькі, Яўгенія і Антон Сайкоўскія, былі людзьмі веруючымі. Мама нават іграла на аргане ў мясцовым касцёле. Але віхор спачатку рэвалюцыйных падзей, а потым і грамадзянскай вайны знішчыў бацькоў: тата загінуў на запалкавай фабрыцы, дзе і працаваў, а мама памерла ад тыфу. Першы ўспамін, які жанчына многа пазней расказвала ўжо сваім дзецям, – гэта зімовы халодны надвячорак 1918 года… Вось яе, трохгадовую дзяўчынку, басанож, але закручаную ў кажух, трымае на руках нейкі дзядзька, а з хаты выносяць і згружаюць на павозкі вялікую колькасць рэлігійных кніг, лісты паперы з нотамі. Лідачку адправілі ў дзіцячы дом, бо ніхто са сваякоў узяць дзіця да сябе не змог. Дзяўчынка не памятала, калі і як трапіла ў дзіцячы дом у Какорычах, але на ўсё жыццё засталося пачуццё ўдзячнасці Богу за тое, што дапамог вытрымаць шматлікія іспыты хваробамі, голадам, знявагамі ад такіх жа абяздоленых дзяцей, як і яна сама. Калі падрасла, Ліда ўладкавалася на працу ў капыльскую сталовую, а потым па камсамольскай пуцёўцы яе адправілі вучыцца ў Адэскую школу камсамольскага актыву. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзяўчына яшчэ паспела папрацаваць у райвыканкаме г. Хоцімска, што знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці. Адтуль і трапіла ў эвакуацыю ў Казахстан. [caption id="attachment_84331" align="aligncenter" width="840"] ■ 1 верасня 1959 года: Святлана ідзе ў першы клас. Разам з бацькамі і братам[/caption] У канцы 30-х гадоў Ліда выйшла замуж за Канстанціна Алісевіча. У 39-м нарадзіўся сын Валерый. Але на пэўны час сям’ю разлучыла ваеннае ліхалецце. Пасля Перамогі мужчына, адслужыўшы сувязістам пры штабе маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага, знайшоў сваю сям’ю і забраў у Варшаву, дзе да 1947 года працягнуў выконваць ваенны абавязак. Капыль у жыцці Алісевічаў стаў кропкай невыпадковай: каб зрабіць прыемнае сваёй выбранніцы, Канстанцін спыніў выбар менавіта на гэтым мястэчку, якое ўжо стала для жанчыны родным. Так і адпрацаваў у галіне сувязі да выхаду на заслужаны адпачынак. У 1987 годзе Лідзія Антонаўна і Канстанцін Альбертавіч адзначылі залатое вяселле, а яшчэ праз дзесяць гадоў – дыяментавае. Савецкі час не быў самым лепшым для веруючых людзей, але традыцыі, якія Лідзія ўвабрала з мацярынскім малаком, жанчына захоўвала і берагла. Сваіх бацькоў яна амаль не памятала, але недзе глыбока-глыбока ў душы разумела і ўсім сэрцам верыла: Бог існуе і заўсёды ёй дапамагае. Такія думкі імкнулася перадаць і дзецям. Нягледзячы на тое, што асноўным месцам работы была пасада загадчыка агульнага аддзела райвыканкама, самыя вялікія каталіцкія святы адзначала заўсёды. І сёння Святлана Канстанцінаўна памятае, як мама ранкам прыносіла галінкі вярбы і паціху стукала імі дзетак, прыгаворваючы: «Не я б’ю, вярба б’е, здароўе дае, сілы прыбаўляе, грэх прабачае». На Вялікдзень заўсёды радавала смачнымі пірагамі. Калі Светачцы споўнілася 10 гадкоў, мама адправіла яе са знаёмымі ў Нясвіж, каб пахрысцілі ў касцёле. [caption id="attachment_84330" align="aligncenter" width="840"] ■ Залатое вяселле. Лідзія Антонаўна і Канстанцін Альбертавіч прымаюць віншаванні. 17 лістапада 1987 года[/caption] Кожны ранак Лідзія Антонаўна звярталася з малітвамі да Пана, кожны вечар дзякавала за мінулы дзень і прасіла спакою ноччу. Калі дзяржава павярнулася тварам да рэлігіі, аказалася, што ў Капылі няма дзе сабрацца вернікам. Лідзія Антонаўна, якая мела вопыт адміністрацыйнай работы і для кожнага чыноўніка знаходзіла патрэбныя словы, разам з нераўнадушнымі жыхарамі раёна актыўна ўключылася ў дзейнасць па вяртанні храма. Нават да самых высокапастаўленых начальнікаў з іншымі веруючымі трапляла. Нараўне з нераўнадушнымі жыхарамі раёна прымала актыўны ўдзел у вырашэнні шматлікіх пытанняў па будаўніцтве новага храма. У выніку дзякуючы такім апантаным каталікам касцёл у Капылі пабудавалі. Ходзіць у храм і Святлана Канстанцінаўна. І кожны раз, запальваючы напярэдадні свята свечку, зноў і зноў успамінае маму, дзякуючы якой прыйшла да Бога. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Паўла ШЭІНА і з сямейнага архіва С.К. Шыманскай

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей