Маю ўвагу прыцягнула чырвоная зорачка, што была прымацавана на фасадзе дома. Стала цікава паглядзець, што знаходзіцца ўсярэдзіне.
[caption id="attachment_74238" align="aligncenter" width="580"]

■ Іван Парфёнавіч Пісарык з жонкай Пелагеяй Васільеўнай і дачкой Вольгай[/caption]
...Летам 2017 года я гасціў у свайго дзядулі Мікалая Рыгоравіча Іванова ў вёсцы Праснакі. Суседка майго дзядулі Пісарык Вольга Іванаўна памерла 13 гадоў таму. Дзяцей і сваякоў у жанчыны не было. У апошнія гады жыцця яе даглядала мая бабуля Валянціна Рыгораўна. Па гэтай прычыне Вольга Іванаўна свой дом завяшчала нашай сям’і. Пасля яе смерці ніхто ў дадзеным доме не пражываў.
Першапачаткова ў вочы кінуліся вышываныя накідкі на падушках, партрэты на сценах і старая мэбля. На трумо ляжаў стары пашарпаны партманет з дакументамі. Я пачаў разглядаць дакументы. Хутка мне стала зразумела, што яны належалі бацьку Вольгі Іванаўны Пісарыку Івану Парфёнавічу. Там быў ваенны білет, пасведчанні на ўзнагароды, два франтавыя лісты, акуратна складзеныя трохкутнічкам, копія пахавальнага ліста на Пісарыка Паўла Іванавіча, ліст ад камандавання часці, у якой служыў Іван Парфёнавіч, ліст з рэдакцыі раённай газеты «Слава працы» і інш.
[caption id="attachment_74236" align="alignright" width="300"]

■ Ваенны білет Івана Пісарыка...[/caption]
Дадзеныя дакументы я паказаў свайму дзядулю. Ён расказаў мне, што раней у доме пражывала сям’я: маці, бацька, дачка і сын. У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў бацьку і сына прызвалі на фронт. Сын загінуў, а бацька вярнуўся і дажыў да 88-гадовага ўзросту.
Яшчэ раз уважліва разгледзеўшы дакументы, я зразумеў, што некаторыя з іх, у тым ліку і франтавыя лісты, належалі загінуламу сыну. Даследуючы франтавыя лісты, я ўбачыў шмат незразумелых слоў: палявая пошта 25217-а, ваенная цэнзура № 17 618, сакрэтка, франтавы трохкутнік.
На даследуемай мной сакрэтцы з аднаго боку намаляваны людзі, якія рамантуюць мост праз раку. Над малюнкам змешчаны надпіс «За нашу Советскую Родину», а знізу — зварот да інжынерных войск.
Біяграфію Івана Парфёнавіча я напісаў на аснове знойдзеных дакументаў з сямейнага архіва і ўспамінаў майго дзядулі Мікалая Рыгоравіча Іванова, 1940 года нараджэння. Асноўныя звесткі пра Івана Парфёнавіча я знайшоў у ваенным білеце, выда-дзеным яму 18 студзеня 1948 года Грэскім раённым камісарыятам Бабруйскай вобласці.
Нарадзіўся Іван Парфёнавіч у 1899 годзе ў вёсцы Праснакі. Па нацыянальнасці беларус. У 1912 годзе скончыў два класы пачатковай школы. У жніўні 1919 года Слуцкім камісарыятам быў прызваны на службу. Служыў у 146-м стралковым палку. Быў звольнены ў запас у маі 1922 года. Працаваў конюхам у калгасе «Беларусь». Ажаніўся з Пісарык Пелагеяй Васільеўнай. У 1923 годзе ў сям’і нарадзілася дачка Вольга, а ў 1925-м — сын Павел.
15 жніўня 1944 года Іван Парфёнавіч быў прызваны на фронт па мабілізацыі Грэскім раённым камісарыятам. Са жніўня 1944-га па май 1945-га ваяваў у 1283-м артылерыйскім палку. З мая па чэрвень 1945 года знаходзіўся ў эвакашпіталі. З чэрвеня па жнівень 1945 года служыў у 207-м запасным стралковым палку 76-й мінамётнай батарэі. Дэмабілізаваны 23 чэрвеня 1945 года.
[caption id="attachment_74237" align="alignleft" width="300"]

■ ...і Пасведчанне аб узнагароджанні медалём «За ўзяцце Берліна»[/caption]
Пра баявы шлях Івана Парфёнавіча я даведаўся з ліста, напісанага яму 7 верасня 1945 года малодшым лейтэнантам Бернікавым. Сярод дакументаў я знайшоў пасведчанні на медалі і ордэн: медалі «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», выдадзены 12 студзеня 1946 года, «За ўзяцце Берліна», выдадзены 1 чэрвеня 1946 года; ордэн Айчыннай вайны II ступені, выдадзены 11 сакавіка 1985 года. Ёсць у Івана Парфёнавіча і юбілейныя медалі. Сярод усіх вышэй пералічаных узнагарод я знайшоў толькі пасведчанні. Самі медалі і лісты падзякі, як сцвярджае мой дзядуля, былі пакладзены ў труну пры пахаванні Івана Парфёнавіча.
Пра гераізм, праяўлены Іванам Парфёнавічам у баях, сведчыць яшчэ адзін знойдзены сярод дакументаў ліст. Дадзены ліст напісаны 24 мая 1967 года рэдактарам капыльскай раённай газеты «Слава працы». Вось радкі з ліста.
«Паважаны Іван Парфёнавіч!
Рэдакцыя атрымала пісьмо ад Паўла Саладухі, з якім, як ён піша, вы служылі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў адной вайсковай часці. Тав. Саладуха паведамляе, што вы ў адным з баёў падбілі пяць фашысцкіх танкаў, удзельнічалі ў вызваленні горада Познань, фарсіравалі Одэр і г.д.
Рэдакцыя просіць Вас напісаць нам падрабязна свае ўспаміны аб удзеле ў Айчыннай вайне і апісаць некалькі цікавых эпізодаў».
Дадзены ліст Іван Парфёнавіч паказваў майму дзядулю. На просьбу рэдакцыі былы франтавік адказаў, што ваенныя эпізоды для яго былі зусім не цікавымі, а надзвычай цяжкімі і трагічнымі, і ўспамінаць іх, а тым больш пісьмова, яму не хацелася б.
Інфармацыю пра ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне Івана Парфёнавіча я знайшоў і на сайце «Подзвіг народа». На дадзеным сайце змешчана толькі інфармацыя аб атрыманні Іванам Парфёнавічам ордэна Айчыннай вайны II ступені.
Пасля заканчэння вайны ён працягваў працаваць у калгасе «Беларусь» да дасягнення пенсіённага ўзросту. Іван Парфёнавіч быў чалавекам сціплым. Не любіў расказваць пра ваенныя гады. У Дзень Перамогі кожны год мужчына выціраў слёзы, слёзы болю і жалю, слёзы ў памяць аб загінулых сыне і аднапалчанах. У 1980 годзе памерла жонка. Сам Іван Парфёнавіч памёр 15 ліпеня 1987 года. Дачка Вольга Іванаўна памерла 6 лістапада 2013 года. Дзяцей у жанчыны не было.
Франтавы шлях Пісарыка Паўла Іванавіча
Сын Івана Парфёнавіча Павел нарадзіўся ў 1925 годзе. Гэта значыць, што ў 1941 годзе хлопцу было толькі 16 гадоў, а ў 1944-м — 19. Дзевятнаццацігадовы хлопец быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі 8 ліпеня 1944 года. Дадзеную інфармацыю я знайшоў на сайце АБД Мемарыял.
19 кастрычніка 1944 года Павел напісаў ліст сваёй маці Пелагеі Васільеўне. З дадзенага ліста я даведаўся, што салдат быў паранены і знаходзіўся ў шпіталі. У лісце хлопец піша, што яго рана ўжо стала зажываць. Павел пытае ў маці, як ёй жывецца, дзе знаходзіцца бацька і сястра Волька. Аднавяскоўцы часцей атрымоўваюць лісты з дому. І толькі з іх слоў Павел даведаўся, што яго сястра знаходзіцца ў Мінску на рабоце па аднаўленні горада і што разам з дзяўчатамі адзін раз прыязджала дадому.
Дадзены ліст напісаны простым алоўкам на звычайным аркушы ў лінейку. Простым алоўкам напісаны і адрас адпраўкі. Трэба адзначыць, што просты аловак за гады не пацьмянеў. Аднак усярэдзіне ліст, на жаль, пагрызены мышамі, таму прачытаць некаторыя радкі не ўдалося. На вонкавым баку трохкутнічка змяшчаюцца два штампы: «ПОЛЕВАЯ ПОЧТА СССР 271044-а» і «ПРОСМОТРЕНО Военной цензурой 17618».
9 снежня 1944 года Павел даслаў родным яшчэ адзін ліст. Ён зноў піша са шпіталя. Але атрымаць такі доўгачаканы адказ на свой ліст дзевятнаццацігадоваму Паўлу Пісарыку, на жаль, не давялося. Гэты ліст стаў апошняй весткай і ад сына маці.
Занепакоіўшыся тым, што брат не піша, сястра Вольга напісала запыт камандаванню часці. 29 сакавіка 1945 года ёй быў адпраўлены адказ, з якога вынікае, што яшчэ 9 снежня Павел напісаў ліст дадому, а ўжо 11 снежня пакінуў шпіталь і адправіўся на фронт.
Хачу звярнуць увагу і на дату напісання паведамлення — 29 сакавіка 1945 года. Калі яно пісалася, Паўла ўжо не было ў жывых. Сярод дакументаў я знайшоў і копію пахавальнага ліста, у якім напісана, што Павел Іванавіч Пісарык загінуў 19 лютага 1945 года пад Кёнігсбергам. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца і ў імянным спісе страт асабістага саставу, знойдзеным на сайце АБД Мемарыял.
Вось так трагічна склаўся лёс маладога дзевятнаццацігадовага Паўла Пісарыка.
Даніла Міхаленя,
вучань 11 класа Пагосцкага ВПК д/с – СШ Салігорскага раёна