Пра Вялікую Айчынную напісана шмат. Мноства кніг створана і нашымі землякамі. Адна з такіх – «Блакадная кніга» Алеся Адамовіча, што была напісана ў суаўтарстве са знакамітым расійскім пісьменнікам Даніілам Граніным, які назваў яе «эпапеяй пакут чалавечых».
Неверагодна, але факт. Сёння «Блакадная кніга» карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Германіі. Летась дачка Адамовіча Наталля і дачка Граніна Марына ездзілі ў Берлін на прэзентацыю поўнага перакладу «Блакаднай кнігі». Яна праходзіла ў Акадэміі мастацтваў, куды прыйшло болей чым трыста немцаў. Прычым не бясплатна, а за грошы. Усе білеты былі раскуплены. Нямецкія пісьменнікі дзве гадзіны запар чыталі ўрыўкі з «Блакаднай кнігі», якія сведчылі, што голад здольны праглынуць і сілу, і волю, і сумленне, і саму здольнасць супраціўляцца смерці. У зале стаяла мёртвая цішыня…
Наведвальнікі бібліятэк Капыльшчыны таксама праяўляюць цікавасць да выдання. Асабліва ў пераможныя майскія дні.
– У бібліятэчнай сістэме Капыльшчыны знаходзіцца больш за 50 экзэмпляраў «Блакаднай кнігі», – расказвае бібліятэкар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя А. Астрэйкі Таццяна Астрэйка. – Вялікую цікавасць да яе праяўляюць чытачы паважанага ўзросту. Памятаю, як не-дзе ў пачатку 80-х гадоў у бібліятэку прыходзіла адна жанчына. Вельмі інтэлігентная, з падфарбаванымі ў крыху блакітны колер сівымі валасамі. Яна заўсёды брала гэтую кнігу, а затым дапаўняла яе сваімі блакаднымі ўспамінамі. Яна была адна з выжыўшых у тыя жудасныя дні і казала, што, калі чытае кнігу, ажываюць успаміны. На жаль, імя гэтай жанчыны я не памятаю.
Крыху пра аўтараў. Алесь Адамовіч – пісьменнік-гуманіст, крытык, навуковец, кінасцэнарыст, публіцыст, грамадскі дзеяч, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (гэта пашпартная дата, а на самай справе – 3 жніўня 1926 года) у вёсцы Канюхі ў сям’і ўрача. «Самае таямнічае, легендарнае месца ў маёй біяграфіі – гэтыя самыя Канюхі, у іх я нарадзіўся… я нічога з Канюхоўскага жыцця не памятаю…» Пэўны час Алесь Міхайлавіч супрацоўнічаў з рэдакцыяй «Слава працы», не аднойчы прыязджаў на Капыльшчыну.
Данііл Гранін – вядомы рускі савецкі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Кавалер ордэна Святога Андрэя Першазваннага, Герой Сацыялістычнай Працы, Ганаровы грамадзянін Санкт-Пецярбурга, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Расіі, а таксама прэміі Прэзідэнта РФ у галіне літаратуры і мастацтва, прэміі Гейнэ і іншых узнагарод.
[caption id="attachment_89590" align="aligncenter" width="840"]
■ Алесь Адамовіч і Данііл Гранін[/caption]
Пра што гэта кніга? Па-першае, – пра інтэлігенцыю і аб інтэлігентнасці ленінградцаў. Гэта горад, які адрозніваўся высокай культурай, інтэлектам, духоўным жыццём. Таму аўтары хацелі паказаць, як людзі, якія былі выхаваны гэтай культурай, змаглі застацца людзьмі, выстаяць.
Другое, што хацелі паказаць, межы чалавека. Аўтары нават самі не ўяўлялі сабе магчымасцей чалавека, які не проста адстойвае сваё жыццё. Хацелі паказаць людзей, якія разумелі, што да таго часу, пакуль горад жывы, ён можа адстойваць сябе.
Як з’явілася ідэя? Ідэя стварэння народнай кнігі на аснове апавяданняў людзей, якія перажылі блакаду, належыць менавіта Алесю Адамовічу. Дагэтуль сумесна з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам ён напісаў кнігу «Я з вогненнай вёскі», у якой жыхары спаленых нацыстамі вёсак апавядалі свае гісторыі. Дарэчы, гэты твор меў поспех у Беларусі, быў перакладзены на рускую мову і за мяжой. Гэта праца натхніла Алеся Міхайлавіча. І яму прыйшло ў галаву: трэба зрабіць тое ж самае на ленінградскім блакадным матэрыяле.
Ад ідэі да кнігі. Адамовіч доўга ўгаворваў Граніна яе напісаць. Пісьменнік і франтавік, апалчэнец, які абараняў Ленінград, Данііл Гранін пазней прызнаваўся, што быў упэўнены, што нічога новага пра блакаду ў сярэдзіне 70-х сказаць ужо немагчыма, але пасля знаёмства з Алесем Адамовічам зразумеў, што прыватныя гісторыі вайны і ёсць самая сумленная яе праўда.
Данііл Гранін успамінаў: «Я лічыў, што ведаю, што такое блакада. Калі да мяне ў 74-м годзе прыехаў Алесь Адамовіч і прапанаваў пісаць кнігу пра блакаду, запісваць апавяданні блакаднікаў – я адмовіўся. Лічыў, што пра блакаду ўсё вядома… Ён доўга мяне ўгаворваў. Нарэшце, паколькі ў нас былі даўнія, сяброўскія адносіны, ён угаварыў хоць бы паехаць паслухаць аповед яго знаёмай блакадніцы.
Мне ўсё гэта было дзіўна, паколькі ніколі не працаваў удвух, і яшчэ – Адамовіч не ленінградзец. Ён беларус. Прайшоў вайну зусім не такую, як я. Партызанскую, у гэтым заключалася розніца нашых уяўленняў пра вайну, пра фронт».
Так яны пачалі разам працаваць. Хадзілі з дома ў дом, з кватэры ў кватэру, выслухоўвалі, запісвалі на магнітафон апавяданні. Спачатку хадзілі разам, потым падзяліліся, каб ахапіць больш людзей. Аказалася, у кожнага ёсць свой аповед. У кожнага – свая трагедыя, свая драма, свая гісторыя, свае смерці. Людзі і галадалі па-рознаму, і паміралі па-рознаму… Перш набралі сто апавяданняў, і нічога не паўтарылася.
[caption id="attachment_89592" align="aligncenter" width="840"]
■ Пісьменнік Алесь Адамовіч, рэдактар «СП» Віктар Семянкевіч, літсупрацоўнік Усевалад Гурыновіч, паэт Мікола Хведаровіч, намеснік рэдактара Іван Пракарына, селькар Іван Холад. Юбілей «Слава працы», 1980 г.[/caption]
Іспыты цэнзурай. «Блакадная кніга» стваралася ў 1970-я гады. Спачатку паспрабавалі надрукаваць у ленінградскіх часопісах. Яе адразу ж вярнулі аўтарам. Нават і тлумачыць не сталі. Ды і наогул у Ленінградзе надрукаваць яе было немагчыма. Ні адно выдавецтва не брала па ідэалагічных меркаваннях. Паехалі ў Маскву, вырашылі звярнуцца ў лепшы часопіс таго часу – «Новый мир». Дапамагло тое, што галоўны рэдактар Сяргей Нараўчатаў быў франтавік і ваяваў на Ленінградскім фронце.
Нумар з першай часткай трапіў у цэнзуру, якая адразу папрасіла ўвесь рукапіс і выдала 65 выключэнняў, заўваг, патрабаванняў.
Пазней жорстка скажоная цэнзурай першая частка выйшла ў 1979 годзе ў выдавецтве «Савецкі пісьменнік» вельмі малым па тагачасных мерках тыражом 30 тысяч экзэмпляраў.
Нішто не праходзіць бясследна. Наслухаўшыся апавяданняў блакаднікаў, рыданняў, істэрык і слёз, Алесь Адамовіч захварэў. Ён злёг тут, у бальніцы, у Ленінградзе. Дыягназ: нервовая хвароба. Потым злёг Гранін. Таму што паслухаць адзін аповед – адна справа, а калі за ім – другі, трэці, дзясяты і ўсё гэта ўспрымаць… невыносна.
Час усё расстаўляе па сваіх месцах. Калі надрукавалі ў часопісе першую, а затым і другую частку, пасыпаліся сотні лістоў, з’явіліся станоўчыя рэцэнзіі ў маскоўскіх газетах… Пазней кніга выйшла ўжо другім, трэцім выданнем, але ні ў адной ленінградскай газеце не было ні разу на яе рэцэнзіі. Вось што значыла тады цэнзура абкама партыі.
Летась напярэдадні сумнай даты памяці ў пецярбургскім Музеі палітычнай гісторыі Расіі працавала выстава «Людзі хочуць ведаць», прысвечаная 40-годдзю выдання «Блакаднай кнігі», 75-годдзю зняцця блакады і 100-годдзю Данііла Граніна. На мерапрыемстве ўпершыню былі паказаны сакрэтныя дакументы, якія спынілі публікацыю кнігі, старонкі з выкрасленымі цэнзурай часткамі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА