Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Слава працы

Слава працы

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Георгіевіч Кісялёў (на здымку) родам з Расіі, але ўжо больш за паўстагоддзя жыве ў Капылі, які стаў для яго другой радзімай. Киселев-3 А нарадзіўся ён 5 снежня 1925 года каля Чабаксар, што ў Чувашыі. У Горкаўскай вобласці прайшла яго маладосць. Калі пачалася вайна, Мікалаю было толькі 16 гадоў. У 1942 годзе скончыў курсы сувязістаў, атрымаў накіраванне ў Балагое пад Ленінградам. А з лютага 1943 года Мікалай у вайсковым страі: ваяваў у складзе І і ІІІ Беларускіх франтоў, вызваляў Баранавічы, іншыя беларускія гарады. Вайну закончыў у Празе. Затым прадоўжыў свой вайсковы шлях у Мінску, дзе пасля вучобы на паскораным курсе ваеннага вучылішча атрымаў званне лейтэнанта. Да 1958 года служыў у Маскоўскай ваеннай акрузе, а калі выйшаў у запас — пераехаў у Капыль. Гераізм і самаадданасць Мікалая Георгіевіча Кісялёва адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнам Славы ІІІ ступені, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі. Вайсковая загартоўка і імкненне быць у гушчы падзей заўсёды былі ўласцівы Мікалаю Георгіевічу. Таму дзе б ён ні працаваў — нязменна карыстаўся аўтарытэтам. А былі ў яго паслужным спісе праца ў раённым вузле сувязі, МПМК-194, сельгастэхніцы, адкуль і пайшоў на заслужаны адпачынак. З жонкай Соф’яй Фёдараўнай пражылі душа ў душу 41 год. У сям’і нарадзіліся двое сыноў, якіх Кісялёвы выгадавалі годнымі людзьмі, дапамаглі ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Мікалай Георгіевіч заўсёды актыўна ўдзельнічае ў рабоце раённага Савета ветэранаў, вялікае значэнне надаючы патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, часта сустракаючыся са школьнікамі. Маргарыта САКОВІЧ
Гісторыка-краязнаўчы музей «Бацькаўшчына», створаны на базе ДУА «Каменскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа», — сапраўдная скарбніца, дзе беражліва захоўваецца памяць аб мясцовым мінулым. Значная ўвага тут адводзіцца адлюстраванню падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. [caption id="attachment_76346" align="aligncenter" width="580"]■ Ірына Тагіль (злева) з юнымі гісторыкамі каля экспазіцыі «Мы памятаем, мы ганарымся» ■ Ірына Тагіль (злева) з юнымі гісторыкамі каля экспазіцыі «Мы памятаем, мы ганарымся»[/caption] А ўсё дзякуючы намаганням нязменнага кіраўніка каменскага сховішча памяці Ірыне Тагіль. Яна, настаўнік пачатковых класаў, — чалавек, які і па адукацыі, і па прафесіі з гісторыяй звязаны вельмі пасрэдна. Аднак  Ірына Іосіфаўна і сама захапілася музейнай дзейнасцю, і для развіцця гэтай жывой, цікавай справы знаходзіць сярод школьнікаў нямала аднадумцаў, гатовых літаральна па крупінках збіраць мясцовую гісторыю і ў далейшым з непадробным натхненнем самім жа падчас экскурсій расказваць аб ёй наведвальнікам. Адной з асноўных крыніц папаўнення матэрыялаў школьнага музея было і застаецца супрацоўніцтва з мясцовымі жыхарамі. Так і ў працэсе стварэння экспазіцыі «Мы памятаем, мы ганарымся», прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, нямала экспанатаў трапіла ў каменскую школу дзякуючы неабыякавасці насельніцтва. Большую частку выставы складаюць уласныя рэчы ўраджэнца в. Труханавічы Капыльскага раёна Пыжыка Гаўрыіла Кляменцьевіча, якому, дарэчы, 7 мая споўнілася б 105 гадоў. Ён спачатку прайшоў Фінскую вайну, а потым практычна з першага і да апошняга дня чарговага наступства — Вялікай Айчыннай — добраахвотна выконваў місію па вызваленні Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пры гэтым неаднаразова трапляў у, здавалася б, бязвыхадныя сітуацыі, але ўсё ж такі цудам заставаўся жывы. Тут захоўваюцца яго фотаздымак, зроблены ў Германіі ў чэрвені 1945 года, ордэнская кніжка, падзякі, узнагародныя лісты, медалі і ордэны. Гістарычную каштоўнасць уяўляе сабой і сшытак салдата Перамогі з яго ўласнымі запісамі-ўспамінамі аб падзеях ваеннага ліхалецця. З дапамогай праекта «Музей у чамадане» землякі Пыжыка ўжо не раз знаёмілі аматараў гісторыі з копіямі дакументаў Гаўрыіла Кляменцьевіча, дапоўненымі, што называецца, для агульнай карціны іншымі цікавымі прадметамі. Такі незвычайны спосаб дазваляе ў кампактнай форме «вывезці гісторыю» родных мясцін па-за межы школьнага музея, падчас міні-экскурсіі пазнаёміць з цікавай асобай — сапраўды заўзятым воінам.   Усе рэчы і дакументы Гаўрыіла Кляменцьевіча трапілі на музейны стэнд (а копіі — у «Музей у чамадане») дзякуючы яго сыну і нявестцы, якія і да гэтага часу жывуць у в. Камень. Пры садзейнічанні яшчэ адной мясцовай сям’і — былога старшыні Камсамольскага сельсавета Міхаіла Чарніцкага і яго жонкі Ніны Паўлаўны — таксама адбылося важкае папаўненне экспазіцыі выставы. Чарніцкія перадалі школьнаму музею фотаздымкі, дакументы і іх копіі роднага дзядзькі Ніны Паўлаўны, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Дудзінскага Мікалая Афанасьевіча, які пахаваны ў брацкай магіле ў далёкай Растоўскай вобласці. Сапраўднае багацце каменскага школьнага музея — шматлікія фотаздымкі загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны землякоў. А іх, трэба адзначыць, нямала. У свой час знойдзеныя ў розных месцах і зараз беражліва аб’яднаныя пад шклом выставачнага стэнда, яны дазваляюць захаваць памяць аб салдатах, з’яўляюцца сапраўдным падмуркам грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і павышэння яе інтарэсу да старонак гісторыі роднага краю. Бо гэта не проста выявы незнаёмых людзей — пад пажаўцелымі ад часу фотакарткамі цяперашнія каменскія вучні пазнаюць прозвішчы сваякоў, далёкіх і блізкіх.          Усе без выключэння матэрыялы экспазіцыі па-свойму цікавыя. Не менш цікавыя і гісторыі іх з’яўлення ў каменскім музеі. Так, да таго як папасці пад шкло выставы, адзін з каштоўных экспанатаў — датаваны 10 мая 1945 года выпуск газеты «Праўда» з размешчаным у ім зваротам з нагоды Вялікай Перамогі Іосіфа Сталіна да савецкага народа — адразу доўга праляжаў  на  гарышчы  адной  з хат у в. Труханавічы Капыльскага раёна. Пасля таго, як знакавы экзэмпляр быў выпадкова знойдзены гаспадарамі хаты, ён на некаторы час «перасяліўся» ў сельскую каменскую бібліятэку і толькі пасля яе закрыцця — у школьны музей.   Прадстаўлены ў музеі і, напэўна, не менш каштоўныя, чым самі экспанаты, даследчыя работы вучняў школы — вынікі мэтанакіраванай, сістэматычнай, доўгачасовай і карпатлівай працы па аднаўленні імёнаў загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны,  устанаўленні невядомых і забытых пахаванняў партызан. Такія гістарычныя расследаванні тут вядуцца пад кіраўніцтвам сапраўднага энтузіяста і патрыёта сваёй малой радзімы Ігара Крэпскага, настаўніка матэматыкі і інфарматыкі.  Зараз Ігар Віктаравіч з юнымі гісторыкамі акрамя таго, што працягваюць пошукава-даследчую работу, працуюць яшчэ і над стварэннем фільма пра салдат-землякоў. Грунтоўны падмурак для гэтай нялёгкай і маштабнай справы створаны падчас некалькіх гадоў папярэдняй работы — гэта, напрыклад, і шматлікія звесткі, атрыманыя пры напісанні даследчых работ, і сабраныя матэрыялы школьнага музея. Словам, гісторыка-краязнаўчая работа ў невялікай сельскай школе пастаўлена на даволі высокім узроўні. Да таго ж жаданне захаваць памяць аб земляках з цягам часу тут не слабее — пошукава-даследчая работа працягваецца. Турбуе толькі тое, што бязлітасны час, на жаль, вельмі хутка памяншае шэрагі непасрэдных удзельнікаў і відавочнікаў той ужо такой далёкай вайны. Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Колькі сябе памятаю, я заўжды любіла слухаць успаміны сваіх родных аб іх жыцці. Некалі прабабка Вольга, мы звалі яе бабулька, расказвала пра жыццё ў пана Вайніловіча, бабуля Таццяна  - аб вайне з фашыстамі. Мая матуля Ірына пры магчымасці вяла нататкі іх аповедаў, і напярэдадні Дня Перамогі і даты вызвалення Беларусі я вырашыла архівы надрукаваць. [caption id="attachment_76339" align="aligncenter" width="580"]■ Месца былога Дзягцянскага паліцэйскага гарнізона ■ Месца былога Дзягцянскага паліцэйскага гарнізона[/caption] Вёска Браткава, што на Капыльшчыне,  размешчана на водшыбе, за лесам, далёка ад магістральных шляхоў. Першыя дні вайны запомніліся жыхарам вёскі тым, што ў паветры над вёскай Дзягцяныя фашысцкія сцярвятнікі з чорнымі крыжамі на крылах дагналі невялікі савецкі самалёт. Санітарны самалёт ляцеў з захаду, са знакам чырвонага крыжа на фюзеляжы, але гэта не спыніла забойцаў. Яны дагналі і збілі самалёт. Ён гарэў і падаў, фашысты паляцелі далей на ўсход. Упаў самалёт на ўскрайку вёскі Браткава. Жыхары адразу кінуліся бегчы да месца падзення. Але дапамагчы ўжо не было магчымасці… Глыбока ўвайшоў у зямлю перад самалёта, паламаныя крылы, хвост прыпадняты над зямлёй… Калі полымя патушылі, то ўбачылі астанкі некалькіх чалавек, жаночую руку ў пальчатцы, адкінуты партсігар  з запіскай  унутры… Хто там загінуў — так і не высветлена. Сабралі людзі астанкі і пахавалі ў той яме, дзе і быў самалёт. У нас і цяпер захоўваецца лыжка, якую нехта прынёс з месца крушэння самалёта. Кожны дзень прыносіў кепскія навіны. Фронт адыходзіў на ўсход. Калгасную жывёлу разабралі па хлявах жыхары, каб захаваць пагалоўе: адагнаць на ўсход не паспелі. Першых немцаў убачылі 28 чэрвеня. У вёску прыехала група салдат у чорных  мундзірах. Як чарада варон, разышліся па вёсцы і сталі выганяць людзей з хат і гнаць да сярэдзіны вуліцы. Там стаяў афіцэр і пры дапамозе перакладчыка паведамляў аб правілах «новага парадку». Фашыст сказаў, што сяляне вызвалены ад улады камуністаў і павінны дапамагаць вялікай Германіі хлебам, мясам і іншымі прадуктамі. У вёсцы назначаецца стараста. Яго загад — закон. Хто адмовіцца выконваць — расстрэл. Пасля сходу фашысты пайшлі па хатах і пачалі браць усё, што хацелі: сала, яйкі, масла. [caption id="attachment_76342" align="alignright" width="185"]■ Жыжык Іван Кляменцьевіч ■ Жыжык Іван Кляменцьевіч[/caption] У суседняй вёсцы Дзягцяныя размясцілі паліцэйскі гарнізон, якім камандавалі немцы, а прыслужвалі ім — паліцаі. Адтуль яны сачылі за «новым парадкам» у вакольных вёсках, каралі незадаволеных. Гарнізон размясціўся ў памяшканні школы. Тэрыторыю абнеслі слупамі з нацягнутым калючым дротам. На гэтыя работы зганялі мясцовых сялян. У паліцаях служылі людзі прышлыя, семежаўцы, адзін быў з Пузава (цяпер в. Вясёлае), другі — з Савіч, Ключнік (ці то гэта прозвішча, ці то мянушка — не ведаю). Браткаўцы не скарыліся немцам, ніхто не пайшоў з вёскі да іх у прыслугі, большасць сямей былі партызанскімі. Аб любой небяспецы людзі хутка папярэджвалі адзін аднаго. Людзі ў вёсцы хадзілі сумныя, і кожны думаў сваю думу: ворага трэба біць. Нельга сядзець склаўшы рукі. Мой прадзед Іван Мікітавіч Місевіч працаваў на млыне, сыны Сеня і Іван  дапамагалі на ферме, вазілі брагу. Але думкі аб вызваленні Беларусі не давалі хлопцам спакою. У хуткім часе па вёсках пайшлі чуткі, што ў лесе збіраюцца групы народных мсціўцаў. Дзесьці разбурылі мост, перарэзалі сувязь, забілі здрадніка. За вёскай Заракаўцы пачынаецца вялікі лясны масіў. Туды і сталі прабірацца тыя, хто не хацеў мірыцца з «новым парадкам». Першая група сабралася на невялікім астраўку ў лесе. Сярод іх былі: Пётр Ліннік, У.Я. Шпакоўскі, В. Лазоўскі, Іван  Місевіч. Тут яны сустрэлі яшчэ адну групу, якую ўзначальваў І.К. Жыжык. Гэта былі ў асноўным  камуністы і кіраўнікі мясцовых арганізацый, якія хаваліся ад фашысцкай расправы. Жыжык Іван Кляменцьевіч да пачатку вайны працаваў інструктарам райкама партыі ў Капылі. Шпакоўскі Уладзімір Яўстаф'евіч — былы кіраўнік Крывасёлкаўскага сельскага Савета. Гадлеўскі Станіслаў Іосіпавіч — настаўнік, Мікалай Піліпавіч Сабалеўскі — старшыня калгаса з в. Савічы, старшыня сельпо Бандарык Пётр Фёдаравіч і камсамолец Місевіч Іван з в. Браткава, камуніст Міхаіл Пархомчык з в. Дзягцяныя. Гэтыя людзі і сталі тым ядром,  вакол якога гуртаваліся патрыёты. У ліпені 1941 года ўжо пачала  дзейнічаць арганізаваная група народных мсціўцаў. [caption id="attachment_76341" align="alignleft" width="219"]■ Шпакоўскі Уладзімір Яўстаф'евіч ■ Шпакоўскі Уладзімір Яўстаф'евіч[/caption] У сувязі з актывізацыяй партызан немцы пачалі работы па арганізацыі гарнізона і ў вёсцы Савічы, у будынку былой сядзібы пана Вайніловіча (да вайны тут размяшчалася школа на першым паверсе, а на другім — праўленне калгаса і сельскі савет). Але партызаны прыпынілі гэтую работу, узарваўшы будынак. Праз вёскі часам ішлі нямецкія войскі, спыняліся на адпачынак. Кожны раз вялі сябе «па-гаспадарску»: хадзілі па хатах, хлеўчыках і бралі, што лічылі патрэбным (сала, яйкі, малако, рэзалі свіней, птушку ). Пасля некалькіх такіх «візітаў» людзі сталі ўсё хаваць, рабілі патайныя ямы-схованкі. Жывёлу пасвілі таксама ў лесе, хавалі і коней. Жнівень 41-га года. У вёску на падводах ехалі паліцаі. Жыхары сяла кінуліся па схованках, прыбралі хуценька прадукты, пазамыкалі хаты. У сям’і Місевічаў такая схованка была за хлеўчыкам, на мяжы з суседзямі. Лаз у зямлі, які зверху закрываўся збітымі дошкамі. На дошках ляжаў дзёран і рос куст «бабінага лета». Гэты куст дзяўчаткі Місевічаў Таня і Жэня калі-нікалі прыбіралі, палівалі, каб не засох. У яме заўсёды стаяў глечык з вадою і ў торбачцы былі сухары, свечка. А схованка за гады вайны спатрэбілася не раз… У доме Місевіча Івана Мікітавіча (Мікатавыя — па-вясковаму) якраз пёкся хлеб — трэба было перадаць ноччу старэйшаму сыну Івану ў партызаны — было горача ад напаленай печы, адчынілі вокны. Калі ўцякалі, то забылі зачыніць. Немцы з паліцаямі пайшлі па хатах, узломвалі дзверы, выбівалі вокны. Бралі прадукты, ператрэсвалі куфры, скрыні, забіралі цёплае адзенне, палотны — нічым не грэбавалі. Усё сабранае пхалі ў мяхі, звязвалі клункі і, пагрузіўшы,  паехалі. Людзі сталі вяртацца ў хаты, прыбіраць, гаравалі аб стратах. Вярнулася і сям’я Місевічаў. У хату да іх не зайшлі і на падворку не былі. Паліцаі, мабыць, падумалі, што калі адчынены вокны, то нехта ўжо пабыў з іхніх і «падчысціў». Зайшла гаспадыня  Вольга, паглядзела ў печ, а там ужо і хлеб дапёкся — ляжыць некрануты. Пасля многія тайком рашылі, што лепш карміць сваіх, партызан, чым аддаваць прадукты ворагу. [caption id="attachment_76343" align="alignright" width="183"]■ Місевіч Іван Іванавіч ■ Місевіч Іван Іванавіч[/caption] З узмацненнем жорсткасці нямецкіх улад расло і супраціўленне насельніцтва. Дзякуючы ўмелай арганізацыі на месцах, папаўняліся рады партызан. Але, каб весці больш актыўныя дзеянні ў тыле, сілы былі малыя, ды і зброі ў абаронцаў было вельмі мала. А праз вёскі зноў рухаліся ў бок фронту новыя нямецкія часці. У адзін з такіх дзён дзяўчынка Жэня Місевіч, гадоў 13, бегла ад суседкі. Валасы ў яе былі цёмныя, злёгку кучаравыя. Заўважыў яе немец, які ў гэты час праходзіў міма, і са словамі «Юда, Юда!» стаў здымаць з пляча аўтамат. Жэня кінулася ў свой двор, немец — за ёю. Маладая і спрытная, яна ўскочыла ў хату і забілася ў куток пад лаўку. Міма вокнаў з крыкам пратупаў немец, пайшоў далей, да хлява. Там ён даў чаргу з аўтамата па кучы саломы, па гарышчы і вярнуўся ў хату. Маці дзяўчынкі Вольга хуценька села на лаўку, дзе была дачка, і спадніцай схавала яе пад сабою. Немец шукаў яе па хаце, крычаў, махаў аўтаматам. У Вольгі ад страху памлелі ногі, але яна  не падала выгляду і паказала рукамі, што ў хаце яна адна, нікога больш няма. Немец са злосцю нешта вымавіў і пайшоў з хаты. Некалькі хвілін Вольга яшчэ не магла ўстаць, а Жэня з таго дня і да канца вайны хавала свае прыгожыя валасы пад хусткай.  Канец верасня. Вечарам у вёску Браткава ўвайшла мотапяхотная часць.  Афіцэры размеркавалі салдат па хатах на начлег. Дасціпныя хлапчукі-падлеткі (14-15 год) нагледзелі, што зброю салдаты злажылі ў халодным пакойчыку, каморы, з невялічкім акенцам, а самі палеглі ў хаце, на вуліцы быў вартавы, які ахоўваў салдат і зброю. Найбольш шчуплы ўлез праз акенца ў камору, дзе былі аўтаматы, і, пакуль вартавы праходзіў уперад, паспяваў выкінуць, перадаць аўтаматы. Узялі колькі маглі несці адразу. Зброю схавалі ў былым калгасным гумне, у рэштках саломы. Пазней гэта зброя аказалася ў партызан. Раніцай афіцэры пастроілі салдат, каб рухацца далей, у бок фронту. У аднаго з падраздзяленняў салдат не аказалася каля дзясятка аўтаматаў і некалькі гранат. Немцы забегалі, загаманілі… Па вёсцы прайшла чутка аб здарэнні, і жыхары былі ў напружаным чаканні расправы.  Але афіцэрам не было часу шукаць зброю і вінаватых. У іх быў свой графік руху, які пунктуальныя немцы парушыць не маглі. Афіцэр паставіў перад строем вартавога, застрэліў яго, і часць пайшла далей. Дзе дзеліся нямецкія аўтаматы — людзі здагадваліся, але хто гэта зрабіў, ведалі ў некалькіх хатах. [caption id="attachment_76340" align="alignleft" width="146"]■ Кісель  Пётр Сямёнавіч ■ Кісель Пётр Сямёнавіч[/caption] У той вечар Сеня Місевіч прыйшоў дамоў цішком, ноччу. Маці, канешне, не спала.  Пры святле лучынкі абмыўся, пераапрануў чыстае адзенне і па просьбе маці пайшоў начаваць у схованку. На ўсе папрокі адказаў, што брату з іншымі партызанамі не хапае  вінтовак.  Праз некалькі дзён зброя была перапраўлена ў лес. Гэта была не адзіная яго вылазка. Так, людзі ўжо разумелі, што ворага біць трэба ўсім разам на сваёй зямлі. Зімой 1941-42 гадоў у хаце Місевічаў абсталяваліся немцы-сувязісты. Гаспадары размясціліся на кухні, каля печы, на палку, а ў большым пакоі немцы, навалокшы дошак, зрабілі двух’ярусныя палкі, загадалі гаспадыні зрабіць сеннікі (набіць сенам сшытыя посцілкі, атрымаліся матрацы). Аднаго разу прынеслі аднекуль гусака і спрабавалі яго адкарміць сенам, але птушка круціла галавой і не хацела есці. Яны з пагардай адносіліся да мясцовых жыхароў. Як успамінала мая бабуля Таццяна, малодшая дачка Івана і Вольгі Місевічаў, адзін з гітлераўцаў быў з аўчаркаю. Жылі яны ў вёсцы нядоўга, ахоўвалі нейкага чына нямецкага. Аднойчы Таццяна стаяла каля печы і цішком ела зацірку з чыгунчыка, некалькі кропель ежы ўпала на падлогу. Падышоў сабака і пачаў  злізваць кроплі. Убачыўшы гэта, немец крыкнуў на аўчарку, вывеў яе на вуліцу, прывязаў да слупа і пачаў лупцаваць бізуном. Сабака не мог падбіраць аб’едкі за прыніжанымі славянамі, аўчарка — нямецкая.  Масавае папаўненне радоў партызан у нашай мясцовасці пачалося ранняй вясной 1942 года. Іван дома з’яўляўся рэдка. 22 сакавіка адбылося аб’яднанае пасяджэнне падпольных груп для вызначэння канкрэтнага кіраўніцтва і стварэння партызанскага атрада. Асноўным рашэннем было стварэнне падпольных груп з вёсак Браткава, Дзягцяныя, Заракаўцы, Савічы, Навасёлкі, Цімкавічы. З 28 сакавіка 1942 года было вырашана падпольныя групы вывесці ў лес, дзе стварыць дзеючы партызанскі атрад. Дзякуючы прадуманай арганізацыі, у зоне гэтых вёсак ужо ў канцы красавіка сталі дзейнічаць два партызанскія атрады, а да лета 1942 года прыйшлося праводзіць рэарганізацыю атрадаў, бо сабраліся на барацьбу некалькі соцень народных мсціўцаў. З сярэдзіны мая былі канкрэтна вызначаны спісы членаў атрадаў і месцы іх дыслакацыі. Атрады былі аб’яднаны ў брыгаду імя Варашылава К.Е.,  камбрыг — Капуста  Піліп Піліпавіч, маёр Чырвонай Арміі. Вядома, паспяховую барацьбу нельга весці без падтрымкі мясцовых жыхароў. Ваенная навала згуртавала людзей, і кожны стараўся дапамагчы, перамагаючы свае нягоды і страхі. 30 кастрычніка дазорныя атрада Шастапалава затрымалі жыхара вёскі Малая Раёўка, які шукаў партызан. Фёдар Даўгапол прыйшоў ад імя аднавяскоўцаў паведаміць, што сабранае збожжа хочуць аддаць у лес партызанам, пакуль не забралі фашысты. За дзень падрыхтавалі ў лесе тайнікі  і наступнай ноччу арганізавалі ўрачысты прыём абозу са збожжам. Але як у паходных умовах пячы хлеб? Каб мець магчымасць малоць збожжа на муку, Іван Мікітавіч Місевіч зрабіў маленькія жорны (з пачатку вайны млын у калгасе не працаваў). Ён знайшоў два плоскія камяні, абчасаў, абцягнуў металічным абручом, зрабіў насечку-раўчук, каб высыпалася мука. Верхні камень быў вельмі цяжкі, усярэдзіне з вылётнай адтулінай (куды сыпалі збожжа), яго і даводзілася круціць па ніжнім камені. Якая-ніякая, а мука атрымоўвалася, хаця часам у ёй і трапляліся маленькія каменьчыкі. З просьбай  аб выпечцы хлеба зноў жа звярнуліся да мясцовых жанчын. Яшчэ з восені 1941-га неаднаразова пяклі хлеб для партызан у хаце Місевіча Івана. Ноччу прывозілі муку або збожжа,  а праз некалькі дзён забіралі мяхі з хлебам. Мясіць цеста дапамагала гаспадыні Вользе старэйшая дачка Жэня. Калі гэту работу можна было рабіць употайкі, то пах свежавыпечанага хлеба, які ішоў з печы праз комін і адчуваўся ў суседніх дварах і на вуліцы, не ўтоіш. Суседзі разумелі, але ўсе маўчалі. Так пяклі хлеб  неаднаразова і ў 1943-1944 гадах. Бывала, што заязджаў і Яроменка ці Шастапалаў забіраць гатовыя боханы. Крупы таксама рабілі самі: авёс, ячмень таўклі ў ступе, выдзьмухвалі, адвявалі на ветры шалупінне. Працы і клопату хапала ўсёй сям’і. Сямён Місевіч неаднаразова парываўся за братам Іванам у партызаны, але яго праганялі па малалецтве, ды і зброі не хапала. У партызанскім атрадзе старэйшага брата паважалі як смелага і надзейнага байца, паважалі і сям’ю, што аказвала дапамогу ўсім партызанам (ежай, якой падчас і самім не хапала, адзеннем). Некалькі разоў з Іванам прыязджалі і яго камандзір Пархоменка, нампаліт Жыжык, быў і Яроменка. Бацька Іван Мікітавіч быў яшчэ ў Першую сусветную палкавым ветурачом (у дамашнім архіве захоўваюцца фотаздымкі тых часоў), не адмаўляў і партызанам палячыць коней. Раніцай 2 кастрычніка па полі каля вёскі Браткава, дзе людзі яшчэ дакопвалі бульбу, пранёсся папярок градусаў коннік, крыкнуўшы на хаду: ідуць карнікі, усе хавайцеся ў лес. Жыхары зразумелі і ведалі, што рабіць. Адзін хлопчык-падлетак асядлаў каня і галопам паскакаў папярэдзіць людзей у вёсцы, астатнія з поля — адразу ў лес. А Міхась Леташкаў напрамкі паскакаў у заракаўскі лес, там якраз размяшчаўся атрад Яроменкі. Партызаны імгненна сталі збірацца на абарону сваіх блізкіх. Адначасова паслалі сувязнога ў суседні атрад імя Шчорса. Пакуль пад’ехаўшыя фашысты выгрузіліся з машын і замкнулі ланцуг салдат вакол вёскі Браткава, першая група партызан падбягала да ваколіцы з-за насыпу  чыгуначнай дарогі. Пачуўшы страляніну на сваіх флангах, немцы сталі групіравацца, заляглі.  Завязаўся бой. Яны ехалі ваяваць з безабароннымі жыхарамі і не чакалі адпору. Хутка з  боку в. Савічы прыйшла падмога партызанам на чале з камбрыгам П. Капустай. Немцы сталі спешна адыходзіць, пакінуўшы сваіх параненых і забітых, пагрузіліся ў машыны і паехалі. Вёска Браткава засталася амаль цэлай, як і суседнія. Але невялікія вёсачкі Цяхоўка і Славінка не ўратаваліся — спалены 19 чэрвеня 1942 года. Місевічы пачулі, што немцы акружаюць вёску, пабеглі ў сваю схованку — лаз пад кустом «бабінага лета», туды ж забралі з сабою і суседскую дзяўчынку Маню, якая з іх малодшай 8-гадовай Таняй гуляла на падворку. Усе сцішыліся і шчыльненька сядзелі (Іван Мікітавіч, Вольга Пятроўна, Сеня, Жэня і Таня Місевічы і суседская Маня). Час ішоў, стала ціха, Іван Мікітавіч рашыў адсунуць накрыўку і паглядзець, дзе немцы. Ён трошкі прыадкрыў крышку, падняў галаву над травой і ўбачыў, як на іх падворку стаіць немец і махае яму рукой (сюды, сюды, вылазь). Іван асеў у яму і дрыжачым голасам паведаміў: «Дзеткі, выдаў я вас усіх. Фашыст мяне заўважыў. Зараз ён прыйдзе сюды і ўсіх застрэліць. Трэба мне вылезці аднаму, пра вас ён не ведае. Падумае, што я адзін хаваўся». Хуценька з усімі развітаўся, разумеючы, што ідзе на смерць, бо ён бацька партызана і дапамагае атраду. Дзеці пачалі плакаць. Тады Вольга Пятроўна сказала, што лепш пойдзе яна, бацька, мужчына патрэбен у вёсцы, дзяўчаткі дапамогуць яму па жаночых справах… Іван не пускаў жонку. Напружанне было невыноснае, кожны думаў, як выратаваць дзяцей. Яны ўжо развіталіся з жыццём і адзін з адным, але яму ніхто не адкрываў. Іван зноў выглянуў на вуліцу, ён вельмі павольна стаў рухацца, асцярожна вылез, але на вуліцы нікога і блізка не было. Немцы пакінулі вёску. Што ж адбылося? Фашысты аглядалі хлявы і хаты. Не знайшоўшы нікога і нічога, выходзілі на вуліцы і махалі адзін аднаму, клічучы на збор. Гэтыя махі рукамі і ўбачыў Іван Мікітавіч. Ноччу дамоў прабраўся і Місевіч Іван. Ён нічога не хацеў расказваць родным аб тым, як хаваліся, мерзлі ў мокрым адзенні, як галадалі. Па яго выглядзе ўсё было зразумела. Без слёз шкадавання маці не магла глядзець: вельмі худы, бледны, адзенне папрэла і таму рвалася, валасы  адраслі  і былі заражаны вошамі. Іван суцяшаў родных: ён змагаецца за сваю Радзіму і народ, таму нязручнасці, голад не павінны быць перашкодай. Праз два дні ён вярнуўся ў атрад. З ім пайшоў ужо і меншы брат Сямён, якога не бралі, бо быў яшчэ малы. На той час хлапчуку было 16 гадоў, але ён выглядаў на 18, быў добра фізічна развіты, шырокі ў плячах. Аднойчы Сямён пайшоў у бок лесу, што паміж вёскамі Савічы і Заракаўцы, прытаіўся у тым месцы, дзе дарога ідзе паўз самы лес. Ён ужо ведаў, што гэтым днём немцы ў паліцэйскі гарнізон у Дзягцяныя павязуць пошту, загады. Бліжэй да поўдня па дарозе заляскаталі колы падводы, у вазку сядзелі два немцы. Адзін кіраваў канём, аўтамат ляжаў упоперак на каленях, другі ззаду амаль драмаў у вазку. Сеня выскачыў з кустоў, схапіў аўтамат з калень немца-фурмана і рынуўся назад у лес. Другі немец схамянуўся, пачаў страляць у той бок, куды пабег хлопец, але ніводная куля не трапіла ў яго. Як пазней успамінаў мой дзядуля, ён не пабег, а адбегся крыху і ўпаў на зямлю за тоўстае дрэва. Побач з ім падалі галінкі і збітае кулямі лісце. Немцы пабаяліся ісці ў лес, пастралялі і паехалі далей. Сямёна з радасцю сустрэлі ў атрадзе. Ваявалі поплеч два браты Місевічы — Іван і Сямён. Атрады папаўняліся і новымі байцамі. Прыехаў  Кісель Пётр з пасёлка Абразцова, што быў каля Савіч (мой прадзед па лініі бацькі. Так склаўся лёс, што мае дзяды па лініі мамы і прадзед па лініі бацькі ваявалі плячо ў плячо за мірнае неба над галовамі сваіх нашчадкаў), пагрузіўшы на падводу кавальскі інструмент. Паміж баявымі заданнямі ён рамантаваў  паламаную зброю  партызанам, абутак, сачыў за станам  конскіх падвод. У адной з сутычак з немцамі блізка каля Сямёна ўзарвалася асколачная граната. Ён упаў, але асколкі папалі ў спіну, трохі ніжэй лапаткі. Косці не закранулі. Падлячылі трохі ў лазарэце, раны на маладым целе хутка зажылі, а асколкі засталіся, не было ў атрадзе хірурга, ды і звяртаць на гэта ўвагі малады, гарачы хлопец не хацеў, цярпеў. Так зарасло. Значна пазней, у сталым узросце, гэтыя асколкі прычынілі нямала болю Сямёну Іванавічу. Да самага вызвалення яны трымалі нашу зону пад сваім кантролем, стрымлівалі ворага, дапамагаючы дзеючай арміі. Дзякуючы актыўнай баявой дзейнасці брыгады ў Капыльскім раёне да прыходу Чырвонай Арміі былі захаваны асноўны насенны фонд хлеба, частка жывёлы. Набліжалася зіма, хавацца ў яме не будзе магчымасці — бацькі Місевічы вырашылі адправіць малодшую Таню ў Цыцкавічы (цяпер в. Расветнае Клецкага р-на) у найміткі ў сям’ю солтыса (старасты).  Да старасты часта заходзілі немцы, паліцаі гасцявалі, абменьваліся інфармацыяй. Дзяўчынку на час, пакуль былі госці, выправаджвалі на вуліцу ці ў сені, дзе яна знаходзілася на холадзе, марозе па некалькі гадзін, але ад работы не адлучалі, бо старанна спраўлялася.  Зіма 1943 г. была суровая, у вёсцы амаль не засталося кароў і коней.  З надыходам вясны садзілі бульбу ў каго былі сілы і магчымасці. Івану Мікітавічу ўдалося захаваць пчол, былі з мёдам, абменьвалі яго на кавалачак сала, бульба таксама была. Прыйшла неяк маці Любы Залужнай (па-вясковаму Барысовы) і кажа на гаспадыню: «Волька, як будзе шалупінне з бульбы, то не выкідай, я буду забіраць для падсвіначка». Але не было ў яе ніякага парасяці, і Вольга Пятроўна гэта ведала. У доме было чатыры жанчыны, старая маці Гэлька і дзве дачкі Люба і На-дзя — здагадалася, што цяжка суседзям, дапамагла са сваіх невялікіх прыпасаў. Прыйшла другая суседка, расказала, што хадзіла да кумы на край вёскі, а тыя ўжо і не ходзяць, пухнуць ад голаду. Сталі жанчыны думаць і раіцца, як і чым дапамагчы, каб ніхто з аднавяскоўцаў не памёр ад голаду. Складаліся прыпасамі, хто колькі мог, дзяліліся, выручалі. Так і перажылі голад «да першага зелля». За некалькі летніх месяцаў 1944 г. ліквідавалі без страт для сваіх некалькі гарнізонаў (быў адноўлены ў Цімкавічах), групы амаль штодзённа выходзілі на дыверсійныя заданні, працавала разведка. Не дажыў да вызвалення камісар І.К. Жыжык. Загінуў у няроўным баі, трапіўшы  ў засаду. Яго ардынарац Мікалай Мядзведзеў  застаўся жыць, падаспела і дапамога, але было ўжо позна. Загінуў і Іван Місевіч, але не ў баі. Перад заданнем  партызаны бралі боепрыпасы: патроны, гранаты. Іван узяў гранату, а ў яе саскочыла кальцо, за нешта зачапіўшыся ў скрынцы. Хутка ўзарвецца, а кінуць няма куды — вакол людзі… Ён прытуліў гранату да сябе і пабег за  бліжэйшыя дрэвы… Прагучаў выбух, сябры кінуліся да Івана. Ён яшчэ паспеў папрасіць, каб яго перавязалі. Пахавалі там жа, на базе ў Вялешынскім лесе. Гэта здарылася 2 мая 1944 года. Да вызвалення Беларусі заставалася зусім нядоўга. Праз тры месяцы бацька зрабіў дамавіну і перавёз сына на Брацкія могілкі ў вёску Савічы. Родныя з ім развіталіся назаўсёды. Крышку адкрываць бацька нікому не дазволіў, сам паклаў у труну чыстае адзенне для сына і па хрысціянскіх законах пахаваў. І па сённяшні дзень на чорным мармуры абеліска высечана прозвішча Місевіча Івана Іванавіча (1925-1944), яму ішоў 20-ты год… Сямён прадаўжаў змагацца ў атрадзе імя Шчорса. Пазней мая бабулька Вольга Пятроўна Місевіч успамінала, што Іван, разважаючы, гаварыў: «Няўжо, мама, вы будзеце такая шчаслівая, што ў такой страшнай вайне ніхто з нашай сям’і не загіне? Будзьце мужнай, мама, у вас ваююць два сыны. Усякае можа стацца…» Пачала ўзнімацца разбураная і знявечаная Капыльшчына, але людскія жыцці вярнуць нельга. З трывогай  за будучае дажываюць апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны свой зямны век, але з надзеяй і верай у мудрасць маладога пакалення. Мы павінны вучыцца ў старэйшага пакалення аберагаць мір, заваяваны нашымі прадзедамі і дзядамі, крывёю нашых родных, імёны якіх высечаны на помніках і абелісках. Жыве народная памяць, непадкупная, пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, бязлітасны… Суд памяці ідзе не толькі для гістарычнай справядлівасці — ён патрэбен  для жыцця. Бо нездарма гавораць: хто не памятае свайго мінулага — асуджаны зноў яго перажыць. Памяць трэба жывым! Лясны край Капыльшчыны, мы нізка схіляем галовы перад памяццю  загінуўшых… Вольга РАДКЕВІЧ, загадчыца філіяла Цімкавіцкая сельская бібліятэка
Белорусское телеграфное агентство подготовило серию плакатов в рамках республиканской акции «Беларусь помнит». 000022_1556626367_346009_big Плакаты изготовлены с изображением известных белорусов и их родственников, принимавших участие в Великой Отечественной войне, которые могут быть использованы для создания билбордов. Размещение таких билбордов отразит бережное отношение к памяти о людях, принимавших участие в освобождении Беларуси и Европы от немецко-фашистских захватчиков, и будет способствовать патриотическому воспитанию молодежи. В проекте приняли участие олимпийские чемпионки Дарья Домрачева и Виктория Азаренко, футболист БАТЭ и национальной сборной Игорь Стасевич, солист Большого театра Илья Сильчуков, прима-балерина Большого театра Ирина Еромкина, лидер группы J:Морс Владимир Пугач, врач-трансплантолог Олег Руммо, телеведущая ОНТ Марина Грицук, рекордсмен Книги рекордов Гиннесса Кирилл Шимко, группа «Аура». Герои проекта, наследники Победы, переполнены чувством гордости за свершения своих предков, глубокого уважения и благодарности им. Всю серию плакатов можно посмотреть на сайте. Планируется, что проект «Беларусь помнит» будет реализован в течение года во всех регионах страны. БелТА
С 4 мая 2019 года снят временный запрет на пребывание граждан в лесах и на торфомассивах, осуществление лесопользования на территории Копыльского района. i3 Такое решение принял Копыльский районный исполнительный комитет (№ 476 от 3 мая 2019 г.) в связи с нормализацией пожарной обстановки. Ранее решением райисполкома № 454 от 25 апреля 2019 г. «Об обеспечении пожарной безопасности в лесах, торфомассивах и населенных пунктах Копыльского района» посещение лесов было запрещено. Тем не менее лесная охрана Копыльского опытного лесхоза напоминает о необходимости соблюдать правила пожарной безопасности при нахождении в лесных угодьях. Маргарита  САКОВИЧ
Страница 3167 из 4891