Колькі сябе памятаю, я заўжды любіла слухаць успаміны сваіх родных аб іх жыцці. Некалі прабабка Вольга, мы звалі яе бабулька, расказвала пра жыццё ў пана Вайніловіча, бабуля Таццяна - аб вайне з фашыстамі. Мая матуля Ірына пры магчымасці вяла нататкі іх аповедаў, і напярэдадні Дня Перамогі і даты вызвалення Беларусі я вырашыла архівы надрукаваць.
[caption id="attachment_76339" align="aligncenter" width="580"]

■ Месца былога Дзягцянскага паліцэйскага гарнізона[/caption]
Вёска Браткава, што на Капыльшчыне, размешчана на водшыбе, за лесам, далёка ад магістральных шляхоў. Першыя дні вайны запомніліся жыхарам вёскі тым, што ў паветры над вёскай Дзягцяныя фашысцкія сцярвятнікі з чорнымі крыжамі на крылах дагналі невялікі савецкі самалёт. Санітарны самалёт ляцеў з захаду, са знакам чырвонага крыжа на фюзеляжы, але гэта не спыніла забойцаў. Яны дагналі і збілі самалёт. Ён гарэў і падаў, фашысты паляцелі далей на ўсход. Упаў самалёт на ўскрайку вёскі Браткава. Жыхары адразу кінуліся бегчы да месца падзення. Але дапамагчы ўжо не было магчымасці… Глыбока ўвайшоў у зямлю перад самалёта, паламаныя крылы, хвост прыпадняты над зямлёй… Калі полымя патушылі, то ўбачылі астанкі некалькіх чалавек, жаночую руку ў пальчатцы, адкінуты партсігар з запіскай унутры… Хто там загінуў — так і не высветлена. Сабралі людзі астанкі і пахавалі ў той яме, дзе і быў самалёт. У нас і цяпер захоўваецца лыжка, якую нехта прынёс з месца крушэння самалёта.
Кожны дзень прыносіў кепскія навіны. Фронт адыходзіў на ўсход. Калгасную жывёлу разабралі па хлявах жыхары, каб захаваць пагалоўе: адагнаць на ўсход не паспелі.
Першых немцаў убачылі 28 чэрвеня. У вёску прыехала група салдат у чорных мундзірах. Як чарада варон, разышліся па вёсцы і сталі выганяць людзей з хат і гнаць да сярэдзіны вуліцы. Там стаяў афіцэр і пры дапамозе перакладчыка паведамляў аб правілах «новага парадку». Фашыст сказаў, што сяляне вызвалены ад улады камуністаў і павінны дапамагаць вялікай Германіі хлебам, мясам і іншымі прадуктамі. У вёсцы назначаецца стараста. Яго загад — закон. Хто адмовіцца выконваць — расстрэл. Пасля сходу фашысты пайшлі па хатах і пачалі браць усё, што хацелі: сала, яйкі, масла.
[caption id="attachment_76342" align="alignright" width="185"]

■ Жыжык Іван Кляменцьевіч[/caption]
У суседняй вёсцы Дзягцяныя размясцілі паліцэйскі гарнізон, якім камандавалі немцы, а прыслужвалі ім — паліцаі. Адтуль яны сачылі за «новым парадкам» у вакольных вёсках, каралі незадаволеных. Гарнізон размясціўся ў памяшканні школы. Тэрыторыю абнеслі слупамі з нацягнутым калючым дротам. На гэтыя работы зганялі мясцовых сялян.
У паліцаях служылі людзі прышлыя, семежаўцы, адзін быў з Пузава (цяпер в. Вясёлае), другі — з Савіч, Ключнік (ці то гэта прозвішча, ці то мянушка — не ведаю). Браткаўцы не скарыліся немцам, ніхто не пайшоў з вёскі да іх у прыслугі, большасць сямей былі партызанскімі. Аб любой небяспецы людзі хутка папярэджвалі адзін аднаго. Людзі ў вёсцы хадзілі сумныя, і кожны думаў сваю думу: ворага трэба біць. Нельга сядзець склаўшы рукі.
Мой прадзед Іван Мікітавіч Місевіч працаваў на млыне, сыны Сеня і Іван дапамагалі на ферме, вазілі брагу. Але думкі аб вызваленні Беларусі не давалі хлопцам спакою.
У хуткім часе па вёсках пайшлі чуткі, што ў лесе збіраюцца групы народных мсціўцаў. Дзесьці разбурылі мост, перарэзалі сувязь, забілі здрадніка.
За вёскай Заракаўцы пачынаецца вялікі лясны масіў. Туды і сталі прабірацца тыя, хто не хацеў мірыцца з «новым парадкам». Першая група сабралася на невялікім астраўку ў лесе. Сярод іх былі: Пётр Ліннік, У.Я. Шпакоўскі, В. Лазоўскі, Іван Місевіч. Тут яны сустрэлі яшчэ адну групу, якую ўзначальваў І.К. Жыжык. Гэта былі ў асноўным камуністы і кіраўнікі мясцовых арганізацый, якія хаваліся ад фашысцкай расправы. Жыжык Іван Кляменцьевіч да пачатку вайны працаваў інструктарам райкама партыі ў Капылі. Шпакоўскі Уладзімір Яўстаф'евіч — былы кіраўнік Крывасёлкаўскага сельскага Савета. Гадлеўскі Станіслаў Іосіпавіч — настаўнік, Мікалай Піліпавіч Сабалеўскі — старшыня калгаса з в. Савічы, старшыня сельпо Бандарык Пётр Фёдаравіч і камсамолец Місевіч Іван з в. Браткава, камуніст Міхаіл Пархомчык з в. Дзягцяныя. Гэтыя людзі і сталі тым ядром, вакол якога гуртаваліся патрыёты. У ліпені 1941 года ўжо пачала дзейнічаць арганізаваная група народных мсціўцаў.
[caption id="attachment_76341" align="alignleft" width="219"]

■ Шпакоўскі Уладзімір Яўстаф'евіч[/caption]
У сувязі з актывізацыяй партызан немцы пачалі работы па арганізацыі гарнізона і ў вёсцы Савічы, у будынку былой сядзібы пана Вайніловіча (да вайны тут размяшчалася школа на першым паверсе, а на другім — праўленне калгаса і сельскі савет). Але партызаны прыпынілі гэтую работу, узарваўшы будынак.
Праз вёскі часам ішлі нямецкія войскі, спыняліся на адпачынак. Кожны раз вялі сябе «па-гаспадарску»: хадзілі па хатах, хлеўчыках і бралі, што лічылі патрэбным (сала, яйкі, малако, рэзалі свіней, птушку ). Пасля некалькіх такіх «візітаў» людзі сталі ўсё хаваць, рабілі патайныя ямы-схованкі. Жывёлу пасвілі таксама ў лесе, хавалі і коней.
Жнівень 41-га года. У вёску на падводах ехалі паліцаі. Жыхары сяла кінуліся па схованках, прыбралі хуценька прадукты, пазамыкалі хаты.
У сям’і Місевічаў такая схованка была за хлеўчыкам, на мяжы з суседзямі. Лаз у зямлі, які зверху закрываўся збітымі дошкамі. На дошках ляжаў дзёран і рос куст «бабінага лета». Гэты куст дзяўчаткі Місевічаў Таня і Жэня калі-нікалі прыбіралі, палівалі, каб не засох.
У яме заўсёды стаяў глечык з вадою і ў торбачцы былі сухары, свечка. А схованка за гады вайны спатрэбілася не раз…
У доме Місевіча Івана Мікітавіча (Мікатавыя — па-вясковаму) якраз пёкся хлеб — трэба было перадаць ноччу старэйшаму сыну Івану ў партызаны — было горача ад напаленай печы, адчынілі вокны. Калі ўцякалі, то забылі зачыніць. Немцы з паліцаямі пайшлі па хатах, узломвалі дзверы, выбівалі вокны. Бралі прадукты, ператрэсвалі куфры, скрыні, забіралі цёплае адзенне, палотны — нічым не грэбавалі. Усё сабранае пхалі ў мяхі, звязвалі клункі і, пагрузіўшы, паехалі. Людзі сталі вяртацца ў хаты, прыбіраць, гаравалі аб стратах. Вярнулася і сям’я Місевічаў. У хату да іх не зайшлі і на падворку не былі. Паліцаі, мабыць, падумалі, што калі адчынены вокны, то нехта ўжо пабыў з іхніх і «падчысціў». Зайшла гаспадыня Вольга, паглядзела ў печ, а там ужо і хлеб дапёкся — ляжыць некрануты. Пасля многія тайком рашылі, што лепш карміць сваіх, партызан, чым аддаваць прадукты ворагу.
[caption id="attachment_76343" align="alignright" width="183"]

■ Місевіч Іван Іванавіч[/caption]
З узмацненнем жорсткасці нямецкіх улад расло і супраціўленне насельніцтва. Дзякуючы ўмелай арганізацыі на месцах, папаўняліся рады партызан. Але, каб весці больш актыўныя дзеянні ў тыле, сілы былі малыя, ды і зброі ў абаронцаў было вельмі мала. А праз вёскі зноў рухаліся ў бок фронту новыя нямецкія часці. У адзін з такіх дзён дзяўчынка Жэня Місевіч, гадоў 13, бегла ад суседкі. Валасы ў яе былі цёмныя, злёгку кучаравыя. Заўважыў яе немец, які ў гэты час праходзіў міма, і са словамі «Юда, Юда!» стаў здымаць з пляча аўтамат. Жэня кінулася ў свой двор, немец — за ёю. Маладая і спрытная, яна ўскочыла ў хату і забілася ў куток пад лаўку. Міма вокнаў з крыкам пратупаў немец, пайшоў далей, да хлява. Там ён даў чаргу з аўтамата па кучы саломы, па гарышчы і вярнуўся ў хату. Маці дзяўчынкі Вольга хуценька села на лаўку, дзе была дачка, і спадніцай схавала яе пад сабою. Немец шукаў яе па хаце, крычаў, махаў аўтаматам. У Вольгі ад страху памлелі ногі, але яна не падала выгляду і паказала рукамі, што ў хаце яна адна, нікога больш няма. Немец са злосцю нешта вымавіў і пайшоў з хаты. Некалькі хвілін Вольга яшчэ не магла ўстаць, а Жэня з таго дня і да канца вайны хавала свае прыгожыя валасы пад хусткай.
Канец верасня. Вечарам у вёску Браткава ўвайшла мотапяхотная часць. Афіцэры размеркавалі салдат па хатах на начлег. Дасціпныя хлапчукі-падлеткі (14-15 год) нагледзелі, што зброю салдаты злажылі ў халодным пакойчыку, каморы, з невялічкім акенцам, а самі палеглі ў хаце, на вуліцы быў вартавы, які ахоўваў салдат і зброю.
Найбольш шчуплы ўлез праз акенца ў камору, дзе былі аўтаматы, і, пакуль вартавы праходзіў уперад, паспяваў выкінуць, перадаць аўтаматы. Узялі колькі маглі несці адразу. Зброю схавалі ў былым калгасным гумне, у рэштках саломы. Пазней гэта зброя аказалася ў партызан.
Раніцай афіцэры пастроілі салдат, каб рухацца далей, у бок фронту. У аднаго з падраздзяленняў салдат не аказалася каля дзясятка аўтаматаў і некалькі гранат. Немцы забегалі, загаманілі… Па вёсцы прайшла чутка аб здарэнні, і жыхары былі ў напружаным чаканні расправы. Але афіцэрам не было часу шукаць зброю і вінаватых. У іх быў свой графік руху, які пунктуальныя немцы парушыць не маглі. Афіцэр паставіў перад строем вартавога, застрэліў яго, і часць пайшла далей. Дзе дзеліся нямецкія аўтаматы — людзі здагадваліся, але хто гэта зрабіў, ведалі ў некалькіх хатах.
[caption id="attachment_76340" align="alignleft" width="146"]

■ Кісель Пётр Сямёнавіч[/caption]
У той вечар Сеня Місевіч прыйшоў дамоў цішком, ноччу. Маці, канешне, не спала. Пры святле лучынкі абмыўся, пераапрануў чыстае адзенне і па просьбе маці пайшоў начаваць у схованку. На ўсе папрокі адказаў, што брату з іншымі партызанамі не хапае вінтовак. Праз некалькі дзён зброя была перапраўлена ў лес. Гэта была не адзіная яго вылазка.
Так, людзі ўжо разумелі, што ворага біць трэба ўсім разам на сваёй зямлі. Зімой 1941-42 гадоў у хаце Місевічаў абсталяваліся немцы-сувязісты. Гаспадары размясціліся на кухні, каля печы, на палку, а ў большым пакоі немцы, навалокшы дошак, зрабілі двух’ярусныя палкі, загадалі гаспадыні зрабіць сеннікі (набіць сенам сшытыя посцілкі, атрымаліся матрацы).
Аднаго разу прынеслі аднекуль гусака і спрабавалі яго адкарміць сенам, але птушка круціла галавой і не хацела есці. Яны з пагардай адносіліся да мясцовых жыхароў. Як успамінала мая бабуля Таццяна, малодшая дачка Івана і Вольгі Місевічаў, адзін з гітлераўцаў быў з аўчаркаю. Жылі яны ў вёсцы нядоўга, ахоўвалі нейкага чына нямецкага. Аднойчы Таццяна стаяла каля печы і цішком ела зацірку з чыгунчыка, некалькі кропель ежы ўпала на падлогу. Падышоў сабака і пачаў злізваць кроплі. Убачыўшы гэта, немец крыкнуў на аўчарку, вывеў яе на вуліцу, прывязаў да слупа і пачаў лупцаваць бізуном. Сабака не мог падбіраць аб’едкі за прыніжанымі славянамі, аўчарка — нямецкая.
Масавае папаўненне радоў партызан у нашай мясцовасці пачалося ранняй вясной 1942 года. Іван дома з’яўляўся рэдка.
22 сакавіка адбылося аб’яднанае пасяджэнне падпольных груп для вызначэння канкрэтнага кіраўніцтва і стварэння партызанскага атрада. Асноўным рашэннем было стварэнне падпольных груп з вёсак Браткава, Дзягцяныя, Заракаўцы, Савічы, Навасёлкі, Цімкавічы. З 28 сакавіка 1942 года было вырашана падпольныя групы вывесці ў лес, дзе стварыць дзеючы партызанскі атрад. Дзякуючы прадуманай арганізацыі, у зоне гэтых вёсак ужо ў канцы красавіка сталі дзейнічаць два партызанскія атрады, а да лета 1942 года прыйшлося праводзіць рэарганізацыю атрадаў, бо сабраліся на барацьбу некалькі соцень народных мсціўцаў. З сярэдзіны мая былі канкрэтна вызначаны спісы членаў атрадаў і месцы іх дыслакацыі. Атрады былі аб’яднаны ў брыгаду імя Варашылава К.Е., камбрыг — Капуста Піліп Піліпавіч, маёр Чырвонай Арміі.
Вядома, паспяховую барацьбу нельга весці без падтрымкі мясцовых жыхароў. Ваенная навала згуртавала людзей, і кожны стараўся дапамагчы, перамагаючы свае нягоды і страхі.
30 кастрычніка дазорныя атрада Шастапалава затрымалі жыхара вёскі Малая Раёўка, які шукаў партызан. Фёдар Даўгапол прыйшоў ад імя аднавяскоўцаў паведаміць, што сабранае збожжа хочуць аддаць у лес партызанам, пакуль не забралі фашысты. За дзень падрыхтавалі ў лесе тайнікі і наступнай ноччу арганізавалі ўрачысты прыём абозу са збожжам. Але як у паходных умовах пячы хлеб?
Каб мець магчымасць малоць збожжа на муку, Іван Мікітавіч Місевіч зрабіў маленькія жорны (з пачатку вайны млын у калгасе не працаваў). Ён знайшоў два плоскія камяні, абчасаў, абцягнуў металічным абручом, зрабіў насечку-раўчук, каб высыпалася мука. Верхні камень быў вельмі цяжкі, усярэдзіне з вылётнай адтулінай (куды сыпалі збожжа), яго і даводзілася круціць па ніжнім камені. Якая-ніякая, а мука атрымоўвалася, хаця часам у ёй і трапляліся маленькія каменьчыкі.
З просьбай аб выпечцы хлеба зноў жа звярнуліся да мясцовых жанчын. Яшчэ з восені 1941-га неаднаразова пяклі хлеб для партызан у хаце Місевіча Івана. Ноччу прывозілі муку або збожжа, а праз некалькі дзён забіралі мяхі з хлебам. Мясіць цеста дапамагала гаспадыні Вользе старэйшая дачка Жэня. Калі гэту работу можна было рабіць употайкі, то пах свежавыпечанага хлеба, які ішоў з печы праз комін і адчуваўся ў суседніх дварах і на вуліцы, не ўтоіш. Суседзі разумелі, але ўсе маўчалі. Так пяклі хлеб неаднаразова і ў 1943-1944 гадах. Бывала, што заязджаў і Яроменка ці Шастапалаў забіраць гатовыя боханы.
Крупы таксама рабілі самі: авёс, ячмень таўклі ў ступе, выдзьмухвалі, адвявалі на ветры шалупінне. Працы і клопату хапала ўсёй сям’і.
Сямён Місевіч неаднаразова парываўся за братам Іванам у партызаны, але яго праганялі па малалецтве, ды і зброі не хапала. У партызанскім атрадзе старэйшага брата паважалі як смелага і надзейнага байца, паважалі і сям’ю, што аказвала дапамогу ўсім партызанам (ежай, якой падчас і самім не хапала, адзеннем). Некалькі разоў з Іванам прыязджалі і яго камандзір Пархоменка, нампаліт Жыжык, быў і Яроменка. Бацька Іван Мікітавіч быў яшчэ ў Першую сусветную палкавым ветурачом (у дамашнім архіве захоўваюцца фотаздымкі тых часоў), не адмаўляў і партызанам палячыць коней.
Раніцай 2 кастрычніка па полі каля вёскі Браткава, дзе людзі яшчэ дакопвалі бульбу, пранёсся папярок градусаў коннік, крыкнуўшы на хаду: ідуць карнікі, усе хавайцеся ў лес. Жыхары зразумелі і ведалі, што рабіць. Адзін хлопчык-падлетак асядлаў каня і галопам паскакаў папярэдзіць людзей у вёсцы, астатнія з поля — адразу ў лес. А Міхась Леташкаў напрамкі паскакаў у заракаўскі лес, там якраз размяшчаўся атрад Яроменкі. Партызаны імгненна сталі збірацца на абарону сваіх блізкіх. Адначасова паслалі сувязнога ў суседні атрад імя Шчорса. Пакуль пад’ехаўшыя фашысты выгрузіліся з машын і замкнулі ланцуг салдат вакол вёскі Браткава, першая група партызан падбягала да ваколіцы з-за насыпу чыгуначнай дарогі. Пачуўшы страляніну на сваіх флангах, немцы сталі групіравацца, заляглі. Завязаўся бой. Яны ехалі ваяваць з безабароннымі жыхарамі і не чакалі адпору. Хутка з боку в. Савічы прыйшла падмога партызанам на чале з камбрыгам П. Капустай. Немцы сталі спешна адыходзіць, пакінуўшы сваіх параненых і забітых, пагрузіліся ў машыны і паехалі. Вёска Браткава засталася амаль цэлай, як і суседнія. Але невялікія вёсачкі Цяхоўка і Славінка не ўратаваліся — спалены 19 чэрвеня 1942 года.
Місевічы пачулі, што немцы акружаюць вёску, пабеглі ў сваю схованку — лаз пад кустом «бабінага лета», туды ж забралі з сабою і суседскую дзяўчынку Маню, якая з іх малодшай 8-гадовай Таняй гуляла на падворку. Усе сцішыліся і шчыльненька сядзелі (Іван Мікітавіч, Вольга Пятроўна, Сеня, Жэня і Таня Місевічы і суседская Маня). Час ішоў, стала ціха, Іван Мікітавіч рашыў адсунуць накрыўку і паглядзець, дзе немцы. Ён трошкі прыадкрыў крышку, падняў галаву над травой і ўбачыў, як на іх падворку стаіць немец і махае яму рукой (сюды, сюды, вылазь).
Іван асеў у яму і дрыжачым голасам паведаміў: «Дзеткі, выдаў я вас усіх. Фашыст мяне заўважыў. Зараз ён прыйдзе сюды і ўсіх застрэліць. Трэба мне вылезці аднаму, пра вас ён не ведае. Падумае, што я адзін хаваўся». Хуценька з усімі развітаўся, разумеючы, што ідзе на смерць, бо ён бацька партызана і дапамагае атраду.
Дзеці пачалі плакаць. Тады Вольга Пятроўна сказала, што лепш пойдзе яна, бацька, мужчына патрэбен у вёсцы, дзяўчаткі дапамогуць яму па жаночых справах… Іван не пускаў жонку. Напружанне было невыноснае, кожны думаў, як выратаваць дзяцей.
Яны ўжо развіталіся з жыццём і адзін з адным, але яму ніхто не адкрываў. Іван зноў выглянуў на вуліцу, ён вельмі павольна стаў рухацца, асцярожна вылез, але на вуліцы нікога і блізка не было. Немцы пакінулі вёску. Што ж адбылося? Фашысты аглядалі хлявы і хаты. Не знайшоўшы нікога і нічога, выходзілі на вуліцы і махалі адзін аднаму, клічучы на збор. Гэтыя махі рукамі і ўбачыў Іван Мікітавіч.
Ноччу дамоў прабраўся і Місевіч Іван. Ён нічога не хацеў расказваць родным аб тым, як хаваліся, мерзлі ў мокрым адзенні, як галадалі. Па яго выглядзе ўсё было зразумела. Без слёз шкадавання маці не магла глядзець: вельмі худы, бледны, адзенне папрэла і таму рвалася, валасы адраслі і былі заражаны вошамі. Іван суцяшаў родных: ён змагаецца за сваю Радзіму і народ, таму нязручнасці, голад не павінны быць перашкодай. Праз два дні ён вярнуўся ў атрад. З ім пайшоў ужо і меншы брат Сямён, якога не бралі, бо быў яшчэ малы. На той час хлапчуку было 16 гадоў, але ён выглядаў на 18, быў добра фізічна развіты, шырокі ў плячах.
Аднойчы Сямён пайшоў у бок лесу, што паміж вёскамі Савічы і Заракаўцы, прытаіўся у тым месцы, дзе дарога ідзе паўз самы лес. Ён ужо ведаў, што гэтым днём немцы ў паліцэйскі гарнізон у Дзягцяныя павязуць пошту, загады. Бліжэй да поўдня па дарозе заляскаталі колы падводы, у вазку сядзелі два немцы. Адзін кіраваў канём, аўтамат ляжаў упоперак на каленях, другі ззаду амаль драмаў у вазку. Сеня выскачыў з кустоў, схапіў аўтамат з калень немца-фурмана і рынуўся назад у лес. Другі немец схамянуўся, пачаў страляць у той бок, куды пабег хлопец, але ніводная куля не трапіла ў яго. Як пазней успамінаў мой дзядуля, ён не пабег, а адбегся крыху і ўпаў на зямлю за тоўстае дрэва. Побач з ім падалі галінкі і збітае кулямі лісце. Немцы пабаяліся ісці ў лес, пастралялі і паехалі далей. Сямёна з радасцю сустрэлі ў атрадзе. Ваявалі поплеч два браты Місевічы — Іван і Сямён.
Атрады папаўняліся і новымі байцамі. Прыехаў Кісель Пётр з пасёлка Абразцова, што быў каля Савіч (мой прадзед па лініі бацькі. Так склаўся лёс, што мае дзяды па лініі мамы і прадзед па лініі бацькі ваявалі плячо ў плячо за мірнае неба над галовамі сваіх нашчадкаў), пагрузіўшы на падводу кавальскі інструмент. Паміж баявымі заданнямі ён рамантаваў паламаную зброю партызанам, абутак, сачыў за станам конскіх падвод.
У адной з сутычак з немцамі блізка каля Сямёна ўзарвалася асколачная граната. Ён упаў, але асколкі папалі ў спіну, трохі ніжэй лапаткі. Косці не закранулі. Падлячылі трохі ў лазарэце, раны на маладым целе хутка зажылі, а асколкі засталіся, не было ў атрадзе хірурга, ды і звяртаць на гэта ўвагі малады, гарачы хлопец не хацеў, цярпеў. Так зарасло. Значна пазней, у сталым узросце, гэтыя асколкі прычынілі нямала болю Сямёну Іванавічу.
Да самага вызвалення яны трымалі нашу зону пад сваім кантролем, стрымлівалі ворага, дапамагаючы дзеючай арміі. Дзякуючы актыўнай баявой дзейнасці брыгады ў Капыльскім раёне да прыходу Чырвонай Арміі былі захаваны асноўны насенны фонд хлеба, частка жывёлы.
Набліжалася зіма, хавацца ў яме не будзе магчымасці — бацькі Місевічы вырашылі адправіць малодшую Таню ў Цыцкавічы (цяпер в. Расветнае Клецкага р-на) у найміткі ў сям’ю солтыса (старасты). Да старасты часта заходзілі немцы, паліцаі гасцявалі, абменьваліся інфармацыяй. Дзяўчынку на час, пакуль былі госці, выправаджвалі на вуліцу ці ў сені, дзе яна знаходзілася на холадзе, марозе па некалькі гадзін, але ад работы не адлучалі, бо старанна спраўлялася.
Зіма 1943 г. была суровая, у вёсцы амаль не засталося кароў і коней. З надыходам вясны садзілі бульбу ў каго былі сілы і магчымасці. Івану Мікітавічу ўдалося захаваць пчол, былі з мёдам, абменьвалі яго на кавалачак сала, бульба таксама была.
Прыйшла неяк маці Любы Залужнай (па-вясковаму Барысовы) і кажа на гаспадыню: «Волька, як будзе шалупінне з бульбы, то не выкідай, я буду забіраць для падсвіначка». Але не было ў яе ніякага парасяці, і Вольга Пятроўна гэта ведала. У доме было чатыры жанчыны, старая маці Гэлька і дзве дачкі Люба і На-дзя — здагадалася, што цяжка суседзям, дапамагла са сваіх невялікіх прыпасаў.
Прыйшла другая суседка, расказала, што хадзіла да кумы на край вёскі, а тыя ўжо і не ходзяць, пухнуць ад голаду. Сталі жанчыны думаць і раіцца, як і чым дапамагчы, каб ніхто з аднавяскоўцаў не памёр ад голаду. Складаліся прыпасамі, хто колькі мог, дзяліліся, выручалі. Так і перажылі голад «да першага зелля».
За некалькі летніх месяцаў 1944 г. ліквідавалі без страт для сваіх некалькі гарнізонаў (быў адноўлены ў Цімкавічах), групы амаль штодзённа выходзілі на дыверсійныя заданні, працавала разведка. Не дажыў да вызвалення камісар І.К. Жыжык. Загінуў у няроўным баі, трапіўшы ў засаду. Яго ардынарац Мікалай Мядзведзеў застаўся жыць, падаспела і дапамога, але было ўжо позна. Загінуў і Іван Місевіч, але не ў баі. Перад заданнем партызаны бралі боепрыпасы: патроны, гранаты. Іван узяў гранату, а ў яе саскочыла кальцо, за нешта зачапіўшыся ў скрынцы. Хутка ўзарвецца, а кінуць няма куды — вакол людзі… Ён прытуліў гранату да сябе і пабег за бліжэйшыя дрэвы… Прагучаў выбух, сябры кінуліся да Івана. Ён яшчэ паспеў папрасіць, каб яго перавязалі. Пахавалі там жа, на базе ў Вялешынскім лесе. Гэта здарылася 2 мая 1944 года. Да вызвалення Беларусі заставалася зусім нядоўга. Праз тры месяцы бацька зрабіў дамавіну і перавёз сына на Брацкія могілкі ў вёску Савічы. Родныя з ім развіталіся назаўсёды. Крышку адкрываць бацька нікому не дазволіў, сам паклаў у труну чыстае адзенне для сына і па хрысціянскіх законах пахаваў. І па сённяшні дзень на чорным мармуры абеліска высечана прозвішча Місевіча Івана Іванавіча (1925-1944), яму ішоў 20-ты год… Сямён прадаўжаў змагацца ў атрадзе імя Шчорса.
Пазней мая бабулька Вольга Пятроўна Місевіч успамінала, што Іван, разважаючы, гаварыў: «Няўжо, мама, вы будзеце такая шчаслівая, што ў такой страшнай вайне ніхто з нашай сям’і не загіне? Будзьце мужнай, мама, у вас ваююць два сыны. Усякае можа стацца…»
Пачала ўзнімацца разбураная і знявечаная Капыльшчына, але людскія жыцці вярнуць нельга. З трывогай за будучае дажываюць апошнія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны свой зямны век, але з надзеяй і верай у мудрасць маладога пакалення. Мы павінны вучыцца ў старэйшага пакалення аберагаць мір, заваяваны нашымі прадзедамі і дзядамі, крывёю нашых родных, імёны якіх высечаны на помніках і абелісках.
Жыве народная памяць, непадкупная, пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, бязлітасны… Суд памяці ідзе не толькі для гістарычнай справядлівасці — ён патрэбен для жыцця. Бо нездарма гавораць: хто не памятае свайго мінулага — асуджаны зноў яго перажыць. Памяць трэба жывым! Лясны край Капыльшчыны, мы нізка схіляем галовы перад памяццю загінуўшых…
Вольга РАДКЕВІЧ,
загадчыца філіяла Цімкавіцкая сельская бібліятэка
Комментарии