З самага ранку фае РЦК ператварылася ў гарадок сямейных талентаў. Тут разгарнуліся выставы дэкаратыўна-прыкладнога і кулінарнага мастацтва, а таксама прэзентацыі сямейных клубаў раёна. Госці маглі паглядзець на вышыўку, ткацтва, упрыгожванні, а заадно і пакаштаваць хатнія ласункі ад мясцовых кулінарак. Атмасфера была вельмі цёп-лай і ўтульнай.
Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць удзельнікаў і вызначыць лепшых у сваіх намінацыях, старшыня РА ГА «Беларускі саюз жанчын» дырэктар ТЦСАНа Святлана Маліноўская, вядучы спецыяліст РА ГА «Белая Русь» Зоя Дайняк, першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Рубан, дырэктар Капыльскага РЦК Алена Бельская, старшыня райсавета ветэранаў Людміла Камёнка.
Да ўдзельнікаў і гасцей звярнуўся протаіерэй Сергій Чарны, благачынны Капыльскай царкоўнай акругі. Ён адзначыў, што сям’я – гэта малая царква, дзе вучацца любові, цярпенню і ўзаемнай падтрымцы, і што менавіта ў сямейных традыцыях захоўваецца духоўнае сэрца народа.
– Кожная такая сям’я быццам сцежка да Бога. Калі бацькі і дзеці робяць нешта разам – малююць, спяваюць, ткуць, – яны не толькі ствараюць прыгажосць, яны ўзбагачаюць адзін аднаго. І гэта вялікая справа – і перад Богам, і перад людзьмі, – падкрэсліў айцец Сергій.
Першымі на сцэну выйшла сям’я Колас – мама Аліна і сын Яўген. Іх аб’ядноўваюць чытанне, вышыўка, канструктары Lego і падарожжы. Сапраўдная гармонія, дзе ўсё дзеліцца на дваіх.
Асаблівую ўвагу публікі прыцягнуў Уладзімір Дрожжа з унукам Кірылам з Лоц-він, якія ў творчым тандэме выканалі кампазіцыю «Што ты зрабіў для Радзімы?». Гучанне іх цудоўных галасоў і задушэўны тэкст напоўнілі залу глыбокімі эмоцыямі.
Сям’я Дзісяк з Новых Доктаравіч паказала, якім разнастайным можа быць сямейнае захапленне: мама Наталля спявае, піша вершы, вышывае, а дзеці танцуюць і малююць. Кожны – са сваім талентам, разам – як маленькі аркестр.
Настасся Кныш з Ляснога прачытала верш «Наша сям’я», складзены разам з мамай Алай. Атрымалася тонка, шчыра, па-дзіцячы даверліва.
Вакальны квартэт «Радня – кумкі» ў складзе Марыны Рудзені, Таццяны Максімені, Алены Ждан і Галіны Паляшчук даказаў, што сяброўства і любоў да музыкі таксама могуць быць сямейнымі. Іх песня «Свята» зарадзіла ўсю залу.
Сям’я Волкавых з Семежава – сапраўдныя захавальнікі традыцый. Таццяна Мікалаеўна – народны майстар Беларусі, кіруе «Школай ткачоў». Сын Раман – за ткацкім станком з трох гадоў, пляменніца Марыя асвойвае рамёствы, а бабуля Святлана Анатольеўна – кандытар з залатымі рукамі. У такой сям’і кожнае пакаленне – прыклад для наступнага.
Сям’я Торык з Ванелевіч. Ганна Аляксееўна вышывае крыжыкам і гладдзю, ствараючы сапраўдныя карціны. Яе творчасць падтрымліваюць дачка і ўнучкі – і так нара-джаецца сямейная школа прыгажосці.
Сям’я Брагіных – музычная дынастыя. Аляксандра і Георгій выканалі песню «А рака цячэ». Ніводнае свята ў іх доме не абыходзіцца без гітары.
Валянціна Кучык з дачкой Вольгай і ўнукам Дамінікам ператварылі свой дом у сапраўдную майстэрню: пража, стразы, фарбы – тут жыве фантазія.
Сям’я Ігнатчык – мама Алена і дачка Ганна – упрыгожылі фінал творчай часткі фестывалю.
Пакуль журы падводзіла вынікі, перад гледачамі выступілі артысты РЦК. І вось – самая прыемная хвіліна: усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў, а таксама сертыфікаты ад РЦК.
Фестываль «Шчаслівыя разам» у другі раз даказаў галоўнае: сям’я – гэта не толькі блізкія людзі пад адным дахам. Сям’я – гэта агульныя масты паміж пакаленнямі, сумесная праца, сумесная песня і сумеснае свята. І калі побач тыя, каго любіш, – гэта вялікае шчасце.
Фота аўтара

Комментарии