Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Голос мамы: история выживания и силы Ядвиги Лотвиной

10.10.2026

У гісторыі кожнай сям’і ёсць старонкі, якія немагчыма чытаць без хвалявання. Для жыхароў Капыля імя Ядвігі Рыгораўны Лотвінай стала сімвалам неверагоднай стойкасці. Жанчына, якая прайшла праз пекла гета, стала партызанскай сувязной і цудам уцалела ў агні вайны, пакінула нам галоўную спадчыну – веру ў тое, што жыццё перамагае нават у самыя цёмныя часы.

Успамінаючы Ядвігу Рыгораўну, сын Віктар Барысаў падзяліўся, што заўсёды ў яго вушах чуцён яе ціхі голас – спакойны, але з ледзь улоўнай ноткай трывогі. Яна рэдка расказвала пра вайну. Для жанчыны гэта была асабістая, выпакутаваная праўда.

– Мой галоўны подзвіг – што я засталася жывой, – паўтарала жанчына. І ў гэтых словах ўся глыбіня перажытага жаху, калі смерць была побач.

Апошні мірны вечар

– Мама ўзгадвала, што ў памяці захаваўся яркі кадр: выпускны вечар у родным Капылі. Яна гуляе па вуліцах разам са сваёй настаўніцай Нінай Аляксандраўнай Кулак, – расказвае Віктар Мікалаевіч. – Яны смяюцца як дзяўчынкі, не падазраючы, што свет ужо разбураецца. Літаральна праз тыдзень у нашай мясцовасці былі немцы. Той вечар стаў апошнім акордам юнацтва, пасля якога наступіла доўгая, жахлівая акупацыя.

Паміж жыццём і смерцю

Вайна прынесла шэраг выпрабаванняў, дзе кожны крок мог стаць апошнім. Былі моманты, якія падаюцца сюжэтам кінафільма. Аднойчы, знаходзячыся ў гета, адна з усіх вязняў выратавалася ад аблавы, схаваўшыся ў бочцы з расолам. А калі выйшла з палону, сутыкнулася тварам да твару з ворагам. Аўстрыец, які мог бы забіць яе без роздуму, паглядзеў у вочы і коратка кінуў: «Бяжы, дзяўчынка». Гэтае імгненне міласэрнасці сярод усеагульнага вар’яцтва падарыла ёй жыццё.

– Яна накіравалася ў бок Пацеек, нейкім чынам дабралася да Жавулак, дзе яе прытуліў мясцовы жыхар па прозвішчы Кузьміч. Ён завёў яе ў партызанскі атрад імя Жукава пад камандаваннем Льва Гільчыка. Дарэчы, атрад быў сфарміраваны вясной – летам 1942 года. Яго касцяк склалі вязні, якія ўцяклі з Капыльскага гета, а таксама савецкія ваеннапалонныя і мясцовыя актывісты, – успамінае Віктар Мікалаевіч.

Партызанскае брацтва

Ядвіга Рыгораўна часта ўспамінала партызанскія будні. Холад, голад, бясконцыя пераходы праз балоты. Яна была маленькай і слабой, і яе часта выратоўвалі таварышы. Жанчына з цеплынёй расказвала пра байца, які нёс яе цераз балота на плячы, адной рукой трымаючы кулямёт, а другой – яе.

Лёс захоўваў дзяўчыну дзіўным чынам. Аднойчы кулі зрашэцілі яе кажушок – падарунак, які яна насіла. Калі б не адышла ўбок за секунду да абстрэлу, яе б не стала. Але яна выжыла.

Ядвіга Рыгораўна была санінструктарам у партызан. Далікатнай дзяўчыне часам даводзілася выконваць заданні, ад якіх стыла кроў.

– Я заплюшчвала вочы, калі націскала на курок, – прызнавалася яна амаль шэптам. – Не ведаю нават, ці трапляла кудысьці.

У гэтых словах – уся яе чалавечнасць. Яна не была народжаная для вайны, але лёс паставіў перад выбарам: зламацца ці выстаяць.

Урокі дабрыні

Наша гераіня рана засталася сіратой – яе бацькі загінулі яшчэ ў 1937 годзе. Яна расла ў сям’і далёкіх сваякоў, спазнаўшы горыч адзіноты з ранніх гадоў. Здавалася б, такі лёс мог разлютаваць сэрца. Але ёй удалося захаваць дзіўную дабрыню. Жанчына памятала, што нават сярод ворагаў сустракаліся тыя, хто праяўляў міласэрнасць, дапамагаючы выжыць асуджаным. Яна верыла ў людзей, нягледзячы ні на што.

– Сёння, калі ўспамінаю гэтыя гісторыі, я чую яе мяккі голас і бачу ўсмешку скрозь слёзы. Мама прайшла праз агонь і ваду, страціла амаль усю сям’ю, але не страціла сябе. Яе жыццё – гэта не проста біяграфія, гэта ўрок мужнасці для ўсіх нас, – падкрэслівае Віктар Барысаў.

Галоўны цуд – гэта само жыццё. І пакуль мы памятаем такія гісторыі, як гісторыя Ядвігі Лотвінай, гэтае жыццё працягваецца ў нас, у нашых дзецях і ў памяці роднага Капыля.

Дарэчы

На рахунку Аляксандра Пятровіча Кузьміча з в. Жавулкі – не адно выратаванае жыццё.

Калі ў Капылі немцы пачалі пераследаваць яўрэяў, да яго звярнуліся сябры з просьбай выратаваць дачку Фаіну. Схаваўшы дзяўчыну на павозцы сярод саломы і цудам абышоўшы паліцэйскія пасты, Кузьміч перавёз яе ў пасёлак Чырвоная Горка, што недалёка ад родных Жавулак.

Жыць Фаіне прыйшлося ў склепе. Як доўга яна там знаходзілася, зараз ніхто сказаць не можа. Праз нейкі час яе пераправілі ў партызанскі атрад імя Шчорса брыгады Шастапалава. Знаходзячыся ў атра-дзе, дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым мужам Арсеніем Васільевічам Люцко, героем-франтавіком, які ў пасляваенны час займаў пасаду першага намесніка міністра сацыяльнага забеспячэння БССР.

Жыццё Фаіны Іванаўны таксама склалася цікава. Жанчына стала першым дырэктарам сталічнага кінатэатра «Піянер», а ў 1975-м узначаліла «Кастрычнік». У Жавулкі, якія сталі роднымі, Фаіна Іванаўна пасля вайны прыязджала часта, а самога Аляксандра Пятровіча звала бацькам. Сваіх дзяцей – дачку Людмілу і сына Уладзіміра – яна прывозіла на лета да Кузьмічоў. Да канца жыцця Аляксандра Пятровіча (а памёр ён у 1982 годзе) Фаіна Люцко дзякавала як магла. Пайшла з жыцця Фаіна Іванаўна ў сярэдзіне 90-х гадоў.

Дзіяна ТКАЧЭНКА


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/44088-golos-mamy-istoriya-vyzhivaniya-i-sily-yadvigi-lotvinoj#sigProId9044350efd
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей