Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Второй хлеб Копыльщины: в хозяйствах района кипит уборка картофеля

25.09.2026

Верасень – гарачая пара для аграрыяў. Пакуль адны завяршаюць сяўбу азімых, іншыя ўжо пачалі ўборку другога хлеба.

 

Напрыклад, у ААТ «Старыца-Агра» да збору ўраджаю бульбы прыступілі 19 верасня. На полі каля вёскі Карзуны кіпіць работа: тут паспеў добры ўраджай. Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Бабура адзначае, што сёлетні сезон радуе вынікамі.

– Ураджайнасць у нас нядрэнная – каля 350 цэнтнераў з гектара, – дзеліцца спецыяліст. – Гэта паказалі першыя дні ўборкі. Усяго пад бульбу адведзена 30 гектараў. Вырошчваем два гатункі: чатыры гектары займае «Каралева Ганна» і 26 гектараў – «Лілі».

Гатункі выбраны невыпадкова. Напрыклад, «Каралева Ганна» – гэта амаль ідэальны выбар для нашага рэгіёна. Яна смачная, устойлівая да хвароб і шкоднікаў, а беларускія селекцыянеры адаптавалі яе да зменлівага клімату. Гэтыя якасці робяць яе папулярнай як у прамысловай вытворчасці, так і на прыватных агародах.

Тэхналогія і людзі

Уборка вядзецца механізаваным спосабам. За штурвалам камбайна – вопытны механізатар Аляксандр Жарнасек. Тэхніка працуе эфектыўна: за адзін праход захоплівае дзве баразны, а па транспарцёры клубні, ачышчаныя ад бацвіння і глебы, трапляюць у бункер, які змяшчае чатыры тоны бульбы.

– Пакуль «раскачваемся», выбіраем каля гектара ў суткі, але пры спрыяльных умовах выходзім на паказчык у 100 тон клубняў за дзень, – расказвае Аляксандр Васільевіч.

На адвозцы ўраджаю задзейнічаны два МАЗы, якімі кіруюць Аляксандр Сасіновіч і Уладзімір Сякерыч. Праца на полі патрабуе зладжанасці: толькі паспявай выгружаць бункер! Аграрыі адзначаюць: бульба ўрадзіла на славу – чыстая, буйная, прыгожая.

Ад поля да сховішча

Якасць уборкі – пытанне прынцыповае. Яна ацэньваецца па чатырох паказчыках: мінімальныя страты, адсутнасць пашкоджанняў і рэзаных клубняў, а таксама чысціня сабранай масы.

Пасля поля бульба адпраўляецца ў сховішча. Там яна праходзіць «лячэбны перыяд»: вентылюецца і сушыцца. Памяшканні загадзя падрыхтавалі: ачысцілі, пабялілі і правялі дэзінфекцыю.

Размеркаваннем бульбы на буйную, насенную і дробную фракцыі ў гаспадарцы займаюцца работнікі вытворчай брыгады. Частка ўраджаю ўжо закладзена як насенны матэрыял на наступны год, астатняя пойдзе на продаж і ўласныя патрэбы гаспадаркі.

– Буйную на ленце перад закладкай мы ачышчаем ад смецця, камянёў, пашкоджанасцей, якія могуць трапіцца, – расказвае палявод Алена Міхайлоўская. – Харчовую бульбу непасрэдна перад продажам дапрацоўваем дадаткова, каб пакупнік атрымаў высакаякасную прадукцыю.

Акрамя Алены Уладзіміраўны, пераборкай клубняў займаюцца Таццяна Дзяжко, Алена Страліцкая, Марына Квач, Галіна Шчур, Паліна Васілевіч, Эльвіра Лебедзь, Яўген Дубовік і Сяргей Варабей.

Поспех сёлетняга ўраджаю – гэта вынік карпатлівай працы з самай вясны. У маі пры пасадцы праводзілася пратраўліванне супраць хвароб і шкоднікаў, на працягу лета – своечасовае акучванне і апрацоўка ад фітафтарозу. Дзякуючы такому адказнаму падыходу, другі хлеб  «Старыцы-Агра» будзе ў нашых дамах.

Р.S. Акрамя старыцкіх, вырошчваннем бульбы ў раёне яшчэ займаюцца аграрыі КСУП «Доктаравічы». Тут культура займае 20 гектараў, і ў гаспадарцы ўжо таксама прыступілі да ўборкі клубняў. Ураджайнасць, праўда, пакуль што меншая: з першых плошчаў атрымалі каля 225 ц/га.


На палетках раёна (па стане на 23 верасня)

  • Азімыя збожжавыя пасеяны на 41 % запланаваных плошчаў, занята 12 697 га. Сярод лідараў па тэмпах сяўбы – УП «ПрыортрансАгра», дзе план выкананы на 65 %.
  • Працягваецца ўборка кукурузы. На зялёны корм і сілас па раёне ўбрана 112 130 т гэтай культуры. Ураджайнасць – 301 ц/га. Нарыхтоўка сіласу перасягнула адзнаку ў 100 000 т. Найбольш важкі ўклад унесла ААТ «Піянер-Агра», дзе нарыхтавана звыш 28 000 т. Дарэчы, у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве, як і ў ААТ «Прагрэс 2010», ужо прыступілі да ўборкі кукурузы на зерне.
  • Не застаюцца без увагі і цукровыя буракі. На дадзены момант караняплоды выкапаны на плошчы 1521 га. Ураджайнасць культуры складае 411 ц/га, а цукрыстасць трымаецца на ўзроўні 17,06 %.

 
Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/43819-vtoroj-khleb-kopylshchiny-v-khozyajstvakh-rajona-kipit-uborka-kartofelya#sigProId770b9906cc
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей