З ціхага горада – у пункт прыцяжэння
Свята падарыла Капылю не проста часовы наплыў турыстаў, але і каласальнае ператварэнне гарадскога асяроддзя: добраўпарадкавана цэнтральная плошча, адрамантаваны аб’екты раённага цэнтра культуры і краязнаўчага музея, абноўлены фасады будынкаў уздоўж галоўных вуліц.
Асаблівае месца па вуліцы Партызанскай на фасадах жылых дамоў займаюць муралы з выявамі беларускіх пісьменнікаў. Адзін з іх – партрэт Адама Русака, вядомага беларускага савецкага паэта-песенніка і музыканта, нашага земляка. Ва ўсім свеце ведаюць яго песню «Бывайце здаровы». Упрыгожыў райцэнтр і партрэт Алеся Адамовіча, ураджэнца в. Канюхі, пісьменніка-гуманіста, крытыка, вучонага, кінасцэнарыста. Ён – аўтар вядомых кніг «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Хатынская аповесць», «Я з вогненнай вёскі» (у сааўтарстве з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам). Фасады іншых будынкаў упрыгожваюць маштабныя графіці, створаныя да Дня пісьменства: мастакі прысвяцілі свае працы любові да роднай краіны і самабытнай прыроды Беларусі.
Але галоўнай спадчынай сталі аб’екты культурнай інфраструктуры: адкрыты новы будынак дзіцячай бібліятэкі з сучасным кінавідэазалам на 30 месцаў з аб’ёмным 3D-гукам. У Дзень беларускага пісьменства ля будынка раённага краязнаўчага музея адкрылі помнік майстру-гарбару, правобразам якога стаў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). Месца выбрана невыпадкова: менавіта тут у канцы XIX-пачатку XX стст. знаходзілася гарбарная майстэрня, дзе працаваў будучы паэт і грамадскі дзеяч.
А ў гарадскім скверы добраўпарадкавана алея пісьменнікаў. Там з’явілася 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Капыльшчыне. Для кожнага аб’екта зроблены ўнікальны QR-код, адсканаваўшы які можна атрымаць доступ да біяграфіі літаратараў і пазнаёміцца з творамі, якія яны напісалі.
Імпульс да развіцця
Праз пяць гадоў эстафету прымаюць Касцюковічы. Для невялікага раённага цэнтра прыезд галоўнага літаратурнага свята краіны – гэта заўсёды магутны імпульс да развіцця, які выходзіць далёка за рамкі аднаго ўік-энду.
Як і Капылю, цяперашняе свята дорыць Касцюковічам зусім іншае гарадское асяроддзе – сучаснае, камфортнае і адкрытае для гасцей. Да знакавай падзеі горад прыкметна змяніўся: адрамантаваны дарогі і тратуары, абноўлены жылы фонд і цэнтральная плошча, дзе з’явіліся новы фантан і сучасны сцэнічны комплекс. Завершаны капітальны рамонт раённага краязнаўчага музея, добраўпарадкаваны сквер «дзіцячы гарадок», адрэстаўравана старая танцпляцоўка. На тарцах аўтобусных павільёнаў размясцілі партрэты класікаў і цытаты з іх твораў, а таксама выявы беларускай прыроды.
У дзень правядзення свята адкрыюць мурал паэтам і пісьменнікам раёна і мемарыяльную дошку Івану Чыгрынаву. Таксама будзе адкрыты помнік «Алесь і Алеся»: кампазіцыя створана па матывах вядомага верша народнага паэта Аркадзя Куляшова «Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая». Сучаснікі гэты верш больш ведаюць у песні «Алеся», якую выконваў вядомы ансамбль «Песняры».
У канцэпцыю свята будуць уключаны такія тэмы, як 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі класікаў беларускай літаратуры і пяцігодка якасці. Галоўным лейтматывам стане і тэма маці – захавальніцы роднай мовы. Каб яе раскрыць, на сцэну выйдуць народныя артысты Беларусі і вядомыя выканаўцы. Усяго задзейнічаюць каля 600 чалавек, уключаючы харэаграфічныя калектывы.
На цэнтральнай пляцоўцы ўсталююць тры тэматычныя павільёны. У іх прадставяць выставу кніжных рарытэтаў і экспазіцыю «Кабінет пісьменніка». Акрамя таго, пройдзе фестываль «Кнігі і прэсы», будуць працаваць 19 рэгіянальных павільёнаў, а таксама пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, «Белпошты» і беларускіх выдавецтваў. Госці змогуць азнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Магілёўскай вобласці і Касцюковіцкага раёна, экспазіцыяй «Жывая спадчына Беларусі» і горадам майстроў.
У Свята-Крыжаўзвіжанскім храме адбудзецца святочнае богаслужэнне і будзе прадстаўлена экспазіцыя «Дарогамі да святыняў». На прыхрамавай тэрыторыі арганізуюць выставу-продаж духоўнай літаратуры і павільёны канфесій.
Не абыдзецца і без гастранамічнага сектара, дзе будуць размешчаны фудкорт, гандлёвыя рады і выставачныя павільёны вядучых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці.
У адзінай канцэпцыі
Кожны Дзень беларускага пісьменства рэалізуецца ў адзінай канцэпцыі. Для наведвальнікаў арганізуецца мноства тэматычных пляцовак, аднак эпіцэнтрам урачыстасці нязменна становіцца галоўная сцэна на плошчы перад будынкам райвыканкама. Менавіта адсюль гучыць урачысты акорд адкрыцця і ўшаноўваюцца лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі, чые імёны ўжо самі сталі часткай нацыянальнай спадчыны. Таксама адбываецца рытуал перадачы вымпела новаму гораду-сталіцы будучага года, нібы эстафетная палачка з мінулага ў будучыню. Ажыццяўляецца прэзентацыя новых аб’ектаў гарадской інфраструктуры і памятных скульптур, назаўжды захоўваючы гэты дзень у гісторыі горада. І самае галоўнае – ціхі шолах спецыяльнага штэмпеля, які фіксуе імгненне на канверце з арыгінальнай паштовай маркай.
У 2021 годзе, калі літаратурнай сталіцай быў абраны горад Капыль, галоўнай пляцоўкай для дыялогу навукоўцаў і літаратараў сталі «Капыльскія чытанні». Гэтая канферэнцыя насіла ярка выражаны краязнаўчы характар: даследчыкі аналізавалі творчасць мясцовых пісьменнікаў, прасочвалі гісторыю развіцця кнігадрукавання і збіралі ўнікальны фальклорны матэрыял. Сёлета пройдуць «Касцюковіцкія чытанні».
Замест эпілогу
Кожны год свята пераязджае ў новы невялікі населены пункт. І гэта не проста гулянне на адзін дзень – арганізатары даюць магутны штуршок да яго развіцця. І калі Капыль у 2021-м паказаў эталон такога ператварэння, то Касцюковічы ў бягучым годзе бліскуча пацвярджаюць правіла: кожны наступны горад-гаспадар атрымлівае ад гэтай падзеі шчодры падарунак у выглядзе новага аблічча, развітой інфраструктуры і магутнага культурнага капіталу, які будзе служыць людзям дзесяцігоддзямі.
Фота з архіва «СП»
і адкрытых крыніц

Комментарии