Кожную тону, кожны кілаграм вырашчанага хлеба неабходна аператыўна ачысціць, высушыць і надзейна закласці на працяглае захоўванне, каб збожжа без страт праляжала ў засеках аж да будучай вясны.
– У нашай працы ўсё дыктуе вільготнасць, з якой збожжа прыходзіць з поля, – тлумачыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Юрый Гурыновіч. – Напрыклад, калі паступае ячмень з базавай вільготнасцю ў 12–14 працэнтаў, працэс ідзе вельмі бойка. За змену мы лёгка перапрацоўваем і выдаём па 600 тон выдатнага сухога збожжа. Але калі надвор’е псуецца і вільготнасць паднімаецца, тэмпы, вядома ж, значна змяншаюцца. Нам даводзіцца даўжэй трымаць масу ў сушыльных барабанах, падбіраць спецыяльныя рэжымы. Тут свая спецыфіка.
З боку работа сучаснага збожжасушыльнага комплексу ў Быстрыцы (дарэчы, адзінага на тэрыторыі вялізнай гаспадаркі) можа здацца манатоннай і нескладанай. Быццам аўтаматыка робіць усё сама: гудуць магутныя вентылятары, зерне перамяшчаецца па трубах. Але гэтае ўражанне зманлівае. Працэс дапрацоўкі – найтанчэйшы тэхналагічны ланцужок, дзе чалавечы фактар мае вырашальную ролю.
– Праца комплексу цалкам аўтаматызавана і камп’ютарызавана: выкарыстоўваецца праграма, якая адсочвае тэмпературу, вільготнасць і магчымыя няспраўнасці. Калі ўзнікаюць непаладкі, іх аператыўна ліквідуем, каб не спыняць працэс, – расказвае аператар Сяргей Іваней. – Са мной у змене працуе Міхаіл Мікуліч, а ў другой – нашы напарнікі Віталь Самахвал і Валерый Панцэвіч. Для ўборкі пляцовак прыцягнуты работнікі са Столінскага раёна, якія працуюць як ноччу, так і днём. Яны хутка ўбіраюць прасыпанае збожжа адразу пасля разгрузкі машын, мінімізуючы страты.
У напружаны перыяд сушыльны комплекс становіцца своеасаблівым вузлом, які звязвае поле і збожжасховішча ў адзіны ланцужок. Калі камбайны забяспечваюць хуткасць і аб’ёмы жніва, то КЗС гарантуе канчатковую якасць кожнай тоны сабранага ўраджаю.

Комментарии