Унутранае святло бабулі Валі
Залессі, дзе ўсе добра ведаюць адзін аднаго, яе называюць проста – бабуля Валя. Яна, як кажуць, сёлета сустрэла сваю 91-ю вясну. Сярод нямногіх сённяшніх жыхароў гэтага ціхага кутка Валянціна Янушка вылучаецца не ўзростам, а нейкім унутраным святлом і невычэрпнай жыццёвай энергіяй.
Дваццаць гадоў таму пахавала мужа. Дзецям у сямейнай пары нарадзіцца не было наканавана. Але слова адзінокая да яе абсалютна не падыходзіць. Побач заўсёды ёсць родныя, блізкія людзі і суседзі, якія не пакінуць у бядзе, наносяць дроў, прынясуць прадукты або проста завітаюць, каб абмеркаваць мясцовыя навіны.
Усё сваё працоўнае жыццё жанчына была паляводам у мясцовым саўгасе «Лясное». Ад відна да цямна ў полі, не забывалася і пра ўласную гаспадарку. Цяжкая праца загартавала яе характар.
– Не скажу, што жылося нам лёгка, усяго выпала на долю, мо таму і ногі зараз баляць, – расказвае Валянціна Аляксандраўна. – Па хаце рухаюся ўжо толькі з табурэтам, перастаўляючы яго перад сабой. Ёсць яшчэ адзін «на выхад», які стаіць на верандзе, каб выбрацца на свежае паветра. Але яшчэ летась, седзячы на невысокім услончыку, сама палола градкі. Сёлета ўжо не магу. З сельвыканкама прапаноўвалі аформіцца ў Бабаўнянскую бальніцу сястрынскага догляду, але хачу быць дома да апошняга. Мо хіба абагрэць хату ўзімку не змагу, дык тады давядзецца паехаць…
Аднак фізічныя абмежаванні не здолелі адабраць у яе галоўныя радасці. Зрок у бабулі цудоўны – яна чытае кнігі і газеты без акуляраў. Затое моцна падводзіць слых, але гэта не перашкаджае быць самым актыўным «распаўсюджвальнікам» інфармацыі ў пасёлку, у чым дапамагае тэлефон.
Вялікую колькасць навін жанчына даведваецца са старонак любімага выдання – раённай газеты «Слава працы». Для яе гэта сапраўднае акно ў свет. Газету ведае ледзь не на памяць. Як толькі прыходзіць свежы нумар, уважліва вывучае з першай да апошняй старонкі, нават рэкламныя аб’явы. Навіны пераказвае аднавяскоўцам з уласнымі каментарыямі, парадамі і ўспамінамі.
Яна не скардзіцца на лёс, не патрабуе жалю. Яна проста жыве, беражэ рэшткі сіл, каб дом быў цёплым, газета – прачытанай, а суседзі – праінфармаванымі.
Утульнасць бацькоўскай хаты
У цэнтры пасёлка стаіць утульная драўляная хата. Яе сцены памятаюць смех семярых дзяцей, гоман летніх вечароў і клопат бацькоўскіх рук. Гэта родны дом Марыі Катовіч – чалавека, якога землякі ведаюць як узор сумленнасці, невычэрпнай энергіі і жаночай мудрасці.
Марыя Мікалаеўна вырасла ў шматдзетнай сям’і вядомага роду Серых, дзе разам з ёй гадаваліся яшчэ шасцёра братоў і сясцёр. Іх бацька ўсё сваё жыццё аддаў лясной гаспадарцы. Працуючы ў мясцовым лясгасе, ён не толькі беражліва клапаціўся пра навакольныя пушчы (а гэтыя мясціны славяцца лясамі), але і знаходзіў час на тое, каб сваімі рукамі ўзвесці для вялікай сям’і надзейную хату. І сёння гэты бацькоўскі куток запатрабаваны: нягледзячы на тое, што дзеці даўно сталі дарослымі і разляцеліся па свеце, у выхадныя і святы тут заўсёды шумна. Сям’я збіраецца разам, успамінаючы агульнае маленства і радуючыся поспехам адзін аднаго.
Сама Марына Мікалаеўна таксама прайшла нялёгкі працоўны шлях. Яна пас-пявала ўсё: доўгі час загадвала фермай у саўгасе «Лясное», а потым пайшла працаваць бухгалтарам у Колаўскае лясніцтва. На працу дабіралася так, як рабілі многія вяскоўцы: то пехатой некалькі кіламетраў, то на веласіпедзе, незалежна ад надвор’я. Працавала самааддана, за што яе паважалі калегі і кіраўніцтва.
Цяпер жа маладая пенсіянерка (на заслужаным адпачынку яна толькі чатыры гады) поўнасцю прысвячае сябе дому, агароду, дзецям Кірылу і Сняжане, а таксама ўнукам Сонечцы, Цімафею і Ягорку.
– Мая радасць – гэта агарод і кветкі, – гаворыць гаспадыня, паказваючы на дагледжаныя градкі. – Раніцай устанеш, паглядзіш, як расце ўсё жывое, дык і душа радуецца. Няма лепшай тэрапіі, чым работа на зямлі.
Яе двор увесь сезон нібы рознакаляровы дыван. Купчастыя ружы, далікатныя ліліі і яркія аксаміткі ствараюць такую прыгажосць, што прахожыя запавольваюць крок, каб палюбавацца. Побач раскінуўся агарод, дзе штогод наліваюцца сокам памідоры, бульба і морква – запас на зіму для дзяцей і ўнукаў.
А ахоўвае ўсю гэтую хатнюю прыгажосць надзейны вартаўнік – вялікі і добразычлівы сабака Мухтар. Ён праводзіць гаспадыню да самай брамкі, калі тая ідзе да аўталаўкі, і ветлівым віляннем хваста сустракае кожнага госця, бо добра ведае: дрэнных лю-дзей у гэтым доме не бывае.
У клопатах пра бліжніх
Яшчэ адзін жыхар Залесся – Сяргей Сухаверх. Чалавек ён сціплы, але з вялікім сэрцам. Яго лёс непарыўна звязаны з роднай зямлёй. Галоўнай справай жыцця Сяргей Іосіфавіч лічыць працу на ферме. Сорак два гады ён даіў кароў. За гэты час стаў сапраўдным прафесіяналам.
Калі справа тычыцца дапамогі бліжняму, то мужчына ніколі не адмаўляе. Напрыклад, пакуль яго суседка (чацвёртая пастаянная жыхарка вёскі) Таццяна Капцяева знаходзілася ў бальніцы, ён даіў яе любіміцу – адзіную карову на ўвесь пасёлак. Гэта простая, але надзвычай важная падтрымка, бо пакінуць без нагляду хатнюю жывёлу нельга.
– Сяргей Іосіфавіч – наш своеасаблівы залаты фонд, – расказвае старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская. – Ён не пакідае без увагі ніводнай просьбы. Проста робіць тое, што павінен рабіць добры сусед. Такія людзі – наша апора.
У акрузе яго добра ведаюць як майстра пячных спраў. З гліны і цэглы ён умее ствараць сапраўдныя цуды цяпла. Калі ў доме старая печ пачынае дыміць або разбураецца, мясцовыя жыхары ведаюць: трэба ісці да Сухаверха.
Жыве Сяргей Іосіфавіч адзін. Вольны час ахвотна праводзіць разам з братамі нашымі меншымі. Каля дома многа катоў і сабак, кожнага з якіх ён накорміць і прылашчыць. Жывёлы адчуваюць такую дабрыню і цягнуцца да яго.
Фота аўтара

Комментарии