Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Когда годы — богатство: удивительная история жизни учительницы Нины Язвинской из Братково

18.07.2026

Побач з намі жывуць самыя сапраўдныя легенды, людзі з вялікай літары, тыя, хто сумленна і сціпла працаваў усё жыццё і па праве заваяваў павагу іншых. З іх кагорты Ніна Яўгенаўна Язвінская з Браткава – можна сказаць, амаль равесніца стагоддзя.

Яна нарадзілася ў канцы сакавіка 1936 года. Амаль усё жыццё выкладала рускую мову і літаратуру. Настаўнік па прызванні. У простай даваеннай сям’і ў той час нялёгка было атрымаць вышэйшую адукацыю, але нібы нейкая пуцяводная ніць вяла па жыцці. Ёй ёсць пра што ўспомніць і пра што расказаць. У свае дзевяноста гадоў Ніна Яўгенаўна выдатна валодае словам, у яе дзівосная памяць – памятае па імёнах шматлікіх вучняў, сваіх першых настаўнікаў.

Нарадзілася Ніна ў вёсцы Браткава ў сям’і калгаснікаў. Маці хварэла, а бацька працаваў брыгадзірам, лесніком. У сям’і выхоўвалася трое дзяцей. На прафесійны выбар нашай гераіні вялікі ўплыў аказала мясцовая школа, дзе яна вучылася, яе педагагічны калектыў.

– Дырэктарам Браткаўскай сямігодкі ў час маёй вучобы быў Іван Галоцік. Узорам чалавечнасці, патрыятызму для нас сталі педагогі: гісторык Сцяпан Байдалін, выкладчыца рускай мовы Аляксандра Конарава, беларускай – Ванда Чыркун і многія іншыя. На іх долю выпала Вялікая Айчынная вайна, якая дапамагла загартаваць характар, – успамінае Ніна Яўгенаўна.

Настаўнікі, разгледзеўшы ў любімай вучаніцы дар педагога, далі пуцёўку ў жыццё. Яна паступіла ў Нясвіжскае педвучылішча. Пасля заканчэння тры гады вучыла ў пачатковых класах на Старобіншчыне. Затым былі работа піянерважатай у Навасёлкаўскай СШ нашага раёна, завочная вучоба на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта.

У 1962 годзе Ніна Яўгенаўна прыйшла настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Браткаўскую школу. Там і працавала да выхаду на пенсію. Была класным кіраўніком і ўдумлівым педагогам. На ўроках заўсёды панавала працоўная творчая атмасфера. Да кожнага вучня магла знайсці падыход і зацікавіць сваім прадметам, перш за ўсё таму, што сама любіла рускую мову і літаратуру, сваю прафесію.

– Да ўсіх, дарослых і дзяцей, я ставілася з павагай, ніколі ні на кога не крычала, старалася трымацца роўна і спакойна. За ўсё жыццё ў мяне ні з кім з вучняў не было канфліктаў. Не дазваляла сабе ні ў працы, ні ў жыцці перакладаць свае абавязкі, клопаты, цяжкасці на іншых. Бывала, што і плакала ад крыўд, ад няўдач, але, каб вырашыць нейкую праблему, заўсёды пачынала з сябе. Так вось і жыла, – ціха, не спяшаючыся, расказвае Ніна Яўгенаўна. – Усе хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць у маёй памяці: маленькія, бездапаможныя, – прыгадвае педагог-ветэран. – Былі і адораныя дзеці, і з сярэднімі здольнасцямі, а то і ўвогуле слабыя – для таго ж і ў школу прыйшлі, каб навучыцца. Ва ўсіх розныя характары: адных у класе за цэлы дзень не пачуеш, а іншых ледзь угамоніш. Да кожнай маленькай асобы даводзілася шукаць свае падыходы. Добра ведала іх бацькоў, з якімі сустракалася не толькі на школьных сходах. А ўсіх вучняў сваіх памятаю. У іх ліку савецкі і расійскі ваенны дзеяч, ганаровы вучоны Аляксандр Рахманаў, ваенны ўрач Георгій Стралец, афіцэр Паўночнага флота Аляксандр Кулеш, педагогі Наталля Статкевіч, Настасся Кузьміч, Тамара і Зоя Салагуб, Зоя Сыс і многія-многія іншыя.

Сапраўдны настаўнік, мабыць, заўсёды ўплывае на сваіх вучняў, пакідае след у іх душы. З лёгкай рукі Ніны Яўгенаўны выбрала няпросты педагагічны шлях Таццяна Новік, якая таксама працавала ў Браткаўскай школе і вельмі ўдзячна свайму педагогу:

– На такіх людзях, як Ніна Яўгенаўна, усё і трымаецца. Яна – сапраўдная настаўніца, якая ўсё жыццё добрасумленна працавала. Што гэта значыць? Яна заўсёды ўсіх уважліва выслухоўвала, прымала іншы пункт гледжання, і нас вучыла ўспрымаць іншае меркаванне. Заўсёды з усімі была тактоўная, да калег ставілася з павагай, а галоўнае – з дзецьмі не было канфліктаў, на яе з вучняў ніхто ніколі не крыўдзіўся! І хуліганістыя дзеткі ў нас былі, але з усімі Ніна Яўгенаўна ладзіла. Тэму ўрока тлумачыла вельмі даходліва. Нават калі вучань не выканаў заданне, яна заўсёды знаходзіла магчымасць яго ацаніць і паставіць адзнаку. На ўроках было цікава, яна прымяняла нестандартныя метады. Прыклады да правіл, слоўнікавыя дыктоўкі, урыўкі з твораў – усё ведала на памяць. Здаецца, як можна было з памылкамі напісаць яе дыктоўку, дзе быў выразна чуцён кожны гук? Мы абмяркоўвалі на ўроках кнігі, якія не ўваходзілі ў школьную праграму, яна нам заўсёды тлумачыла сутнасць таго ці іншага твора. І заўсёды ўсміхалася нам! Гэта вельмі светлы, добры і інтэлігентны чалавек. Калі я пра яе ўспамінаю, то заўсёды ў мяне з’яўляецца ўсмешка. А яшчэ Ніна Яўгенаўна вяла вялікую грамадскую работу. Калі яна выступала з дакладам, збіраўся поўны клуб людзей, каб яе паслухаць, настолькі яна валодала аўдыторыяй. Гэта было вельмі цікава.

Расставацца са школай педагогу было вельмі шкада. Школа – гэта большая частка яе жыцця. Але вучні, ужо дарослыя і сталыя людзі, памятаюць пра свайго настаўніка, тэлефануюць, заходзяць па магчымасці ў госці – пагаварыць пра жыццё, успомніць школьныя гады, гартаючы фотаальбомы і разглядаючы сябе маладых. Вось і нядаўна з прыгожым букетам віншаваў Ніну Яўгенаўну з юбілеем ад імя сваёй сям’і і сясцёр Алены і Галіны былы вучань, а цяпер вядомы мясцовы фермер Валерый Майсейчык:

– У тым, якімі мы сталі, мы бачым вялікі ўклад Ніны Яўгенаўны як настаўніка і як чалавека. Вялікі ёй дзякуй і нізкі паклон!

У тутэйшай мясцовасці настаўніца стварыла сям’ю, дачакалася старасці – узросту, з вышыні якога многае па-іншаму бачыцца і асэнсоўваецца, калі ёсць час перагарнуць у думках старонкі мінулага, прыгадаць тых, з кім прайшло жыццё і каго ўжо няма побач. Жанчына радуецца, што мае добрых сыноў і ўнукаў. Засмучана, што давялося колькі гадоў таму назаўжды развітацца з мужам, з якім пражылі 63 гады. Антон Вікенцьевіч з 1962 па 1999 год узначальваў Браткаўскую БШ. Сям’я педагогаў Язвінскіх – прыклад сапраўднай інтэлігентнасці, сумленнасці і прыстойнасці. Ніна Яўгенаўна гаворыць, што 90 гадоў не пражыты дарэмна, зроблена шмат спраў, нямала задум збылося.

 

Фота аўтара і з архіва сям’і Язвінскіх


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/42482-kogda-gody-bogatstvo-udivitelnaya-istoriya-zhizni-uchitelnitsy-niny-yazvinskoj-iz-bratkovo#sigProId0a28e79c5f
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей