Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Незабываемый праздник на родине классика: как прошли «Цімкавіцкія вытокі»

20.06.2026

Цімкавічы ў пяты раз сустракалі шматлікіх гасцей з усіх куткоў Беларусі на літаратурна-музычным свяце. На «Цімкавіцкія вытокі» завіталі прадстаўнікі розных пакаленняў, каб аддаць даніну павагі нашаму слыннаму земляку, класіку беларускай літаратуры Кузьму Чорнаму, 126-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася днямі. А таксама ўславіць беларускую жанчыну, у гонар якой у нашай краіне сёлета аб’яўлены год.

Па традыцыі дзейства пачалося з ускладання кветак да помнікаў пагранічнікам і загінулым землякам, прымеркаванае сёлета да 85-й гадавіны з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскага раённага і Цімкавіцкага сельскага выканкамаў.

Цэнтрам свята стала вуліца Слуцкая ў аграгарадку, якая раз у год ператвараецца ў пешаходную. Яна была запоўнена шматлікімі лакацыямі, вы-ставамі, пляцоўкамі ўста-ноў культуры, адукацыі, падвор’ямі з пачастункамі і дэгустацыяй страў сельгаспрадпрыемстваў.

Літаратурны музей Кузьмы Чорнага вабіў да сябе шэрагам актыўнасцей, майстар-класаў. Каля ўстановы ладзіўся пленэр на адкрытым паветры для дзяцей, удзельнікі якога атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Побач з’явіўся арт-аб’ект «Дрэва вытокаў». Яго сфарміравалі самі госці мерапрыемства. Кожны жадаючы пакінуў свой след на гэтым дрэве, такім чынам сімвалічна далучыўся да жывой гісторыі беларускай літаратуры і культуры. Адной з асаблівасцей стала прэзентацыя новай інтэрактыўнай праграмы ля музея, якая ўключала ў сябе міні-экскурсію і квэст «Жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага» з чаяваннем «Каля самавара Кузьмы Чорнага». Аматараў мастацкага слова сустракалі ў літаратурнай гасцёўні «Мелодыя жаночай душы», прысвечанай Году беларускай жанчыны, з удзелам сучасных паэтаў і пісьменнікаў. Нельга было прайсці міма бяспройгрышнай разыгранкі «З рога ўсяго многа!», падчас якой аўтару гэтых радкоў пашчасціла атрымаць «пісь-менніцкі набор».

На галоўнай сцэне адкрылі ўрачыстасць намеснік стар-шыні Капыльскага райвыканкама Ірына Юха і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Шэраг арганізатараў, а менавіта тых, хто стаяў ля вытокаў свята і доўгія гады захоўвае памяць пра класіка і літаратурную класіку, атрымалі Падзякі дзяржаўнага музея.

Падчас канцэртнай праграмы ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Капыльскага раёна свае выступленні прысвячалі нашай спадчыне і, вядома ж, беларускай жанчыне. На суд гледачоў свае нумары вынеслі калектывы і выканаўцы раённага цэнтра культуры, прыхільнікі творчасці з Лоцвін, Пясочнага, Ляснога, Лешні і, безумоўна, з саміх Цімкавіч.

Гарачымі апладысментамі мясцовыя жыхары і госці сустракалі народны сямейны ансамбль «Жывіца» з Пухавіцкага раёна, артыстку беларускай эстрады Святлану Шыманскую і гурт «Двое».

Сваімі меркаваннямі дзеляцца ўдзельнікі свята:

Любоў АКІНЧЫЦ з унучкай Амеліяй:

– Вельмі цудоўна, што ў нашай мясцовасці ладзіцца свята такога размаху. Сама я з Мажы, прыехала сюды са сваёй унучкай. Радуе, што ў Цімкавічы завітала многа гасцей, вельмі шмат пазнавальных забаў для людзей усіх узростаў. Напрыклад, мая Амелія з захапленнем павучылася пісьму каліграфічным почыркам, а я даведалася шмат цікавых фактаў пра жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага. Лічу, што трэба ведаць пра свае карані і далучаць да гэтага дзяцей. Свята атрымалася яркім, выдатным, незабыўным. Спадзяёмся, што гэтая добрая традыцыя атрымае працяг і надалей.

Алена ОСТРЫКАВА, жыхарка Цімкавіч, супрацоўнік ТЦСАН:

– Здаецца, зусім нядаўна мы пачыналі гэты фестываль. А вось сёлета ўжо пяты! На маю думку, разглядаць асобу нашага знакамітага земляка асобна ад Цімкавіч немагчыма, таму што ўсё яго жыццё і творчасць звязаны з гэтым мястэчкам: тут ён чэрпаў вытокі натхнення, ды і прататыпамі яго твораў з’яўляліся мясцовыя жыхары, з якімі ён разам жыў і якіх добра ведаў. Мы павінны захоўваць гэту спадчыну. Прыемна, што да часцінкі беларускай літаратуры і культуры далучыліся сёння і людзі сталага ўзросту – наведвальнікі аддзялення нашага цэнтра. Па іх словах, яны атрымалі сапраўдную асалоду.

Фота аўтара

 


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/42136-nezabyvaemyj-prazdnik-na-rodine-klassika-kak-proshli-tsimkavitskiya-vytoki-2026#sigProIde01689e50b
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей