Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Вода, которая лечит и тело, и душу: какие тайны хранит тимковичский родник

20.06.2026

Крыніца Кузьмы Чорнага – гэта не проста прыродны вадаём, а сапраўдная культурная і літаратурная святыня Капыльшчыны. Яна знаходзіцца ў маляўнічым урочышчы Бушылава, на левым беразе ракі Мажы, недалёка ад Цімкавічаў.

Дзіўнае побач

Беларусь называюць сінявокай краінай не толькі дзякуючы васількам – нацыянальнаму сімвалу. Гэты эпітэт таксама адлюстроўвае багацце водных рэсурсаў: рэк, азёр, балот і незлічоных ручаёў, якія кампенсуюць адсутнасць мора. Асаблівае месца ў гэтай воднай прасторы займаюць крыніцы або крынічкі, якія маюць глыбокае культурнае значэнне для народа.

Літаратурныя вытокі

Гісторыя цімкавіцкай кры-ніцы непарыўна звязаная з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (Мікалая Карлавіча Раманоўскага). Менавіта сюды, у суседнія Цімкавічы, пераехала яго сям’я, калі будучаму пісьменніку было восем гадоў.

З дзяцінства Чорны, а тады ён зваўся Коля Раманоўскі, рос хлапчуком з уражлівай і чуйнай душой. Яго равеснікам здавалася дзівацтвам тое, як ён паводзіў сябе ў лесе. Дзеці не праяўлялі асаблівай увагі да птушак, іх жыцця. Колю ж, наадварот, цікавіла, з чаго і як звіта гняздо, якога колеру яечкі ляжаць у ім, якая птушачка прыляціць да гнязда, што яна прынясе ў дзюбцы, як заспявае.

З дзедам Міхалам ён часта хадзіў у Бушылава – маляўнічы куток прыроды за Цімкавічамі, пра які сёння засталіся хіба адны згадкі. Гэта было яго любімае месца адпачынку. Бегаў туды і з аднагодкамі, каб у рацэ лавіць ракаў, а ў спякотныя дні прыходзіў напіцца з крыніцы халоднай, як лёд, вады. У сваім артыкуле «У роднай глушы» пісьменнік напіша: «Скрозь суседскі сад відны былі голыя «Бушылаўскія» кусты, а там недзе плыве сабе паціху родная Бушылаўская рэчка. Там «Прускія» паплавы завуць у сваё бязмежжа – от так, здаецца, ішоў і ішоў па іх, а яны будуць усё новыя і новыя бясконцыя далі паказваць табе».

Калі ў 1921 г. у Міколы памерла маці, ён прыязджаў у Цімкавічы і наведваў крыніцу, гэта месца стала для яго любімым. Тут ён успамінаў маму і сваё дзяцінства. «Беларускі Дастаеўскі» Кузьма Чорны любіў апісваць прыроду роднага краю ў сваіх творах. Яркія рэалістычна-канкрэтныя прыродаапісанні, у якіх намаляваны знаёмыя з дзяцінства родныя краявіды, адлюстраваны і ў рамане «Пошукі будучыні»: «Зусім блізка, па той бок рэчкі і поля, быў кіламетраў на дзесяць хвойны лес, і паўднёвы вецер гнаў сюды пах смалы. Паветра было, як лагодныя лекі, а краявід – увасабленне ціхага хараства». Без цяжкасці адгадваеш, што тут гаворка ідзе пра Скіп’ёўскі лес. Любоў да хвояў, паэтызацыя гэтых дрэў таксама бяруць пачатак ад сустрэч са Скіп’ёўшчынай, захаплення музыкай прыроды: «Хутка будзе вечар. Вецер не сціхне, і чуваць бу-дзе, як за рэчкаю гавораць хвоі...» (апавяданне «Хвоі гавораць»).

Цудадзейная сіла

Сярод мясцовых жыхароў крыніца вядома пад назвай Бушылава або Бушылаўская. Старажылы ўспаміналі, што на месцы ўрочышча была Бушылаўская кузня. З Цімкавічаў праз Прусы ў Спаса-Праабражэнскую царкву (цяпер неіснуючай вёскі Скіп’ёва) адбывалася рэгулярнае паломніцтва на службу. Крыніца ўдала знаходзілася на паўдарозе, і паломнікі пастаянна наведвалі яе і бралі з сабой святую ваду. Сярод іх не раз бываў і будучы пісьменнік Кузьма Чорны разам з мамай (яна ў свой час спявала ў царкоўным хоры).

Па словах вернікаў, вада дапамагае пры захворванні вачэй. Пра веру ў гаючыя ўласцівасці крыніцы можна прачытаць яшчэ ў аднаго мясцовага пісьменніка Алеся Ветаха (Алеся Бельскага) у апавяданні «Вочы ў вочы»: «Паедзь да Бушылава і прывязі святой вады з крынічкі», – у гэтай просьбе чулася надзея на цудадзейнае збавенне...»

Калі цімкаўлянка Людміла Ніжэвіч узначальвала філіял «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага», жыццё ў Цімкавічах было насычаным падзеямі. Яна арганізоўвала масавыя велапрабегі і вадзіла экскурсіі да знакамітай крыніцы.

– Мясцовыя жыхары адзначаюць унікальныя ўласцівасці вады з крыніцы: лічыцца, што яна не толькі вельмі смачная, але і надае сіл, паляпшае самаадчуванне, – расказвае Людміла Іосіфаўна. – А на Вадохрышча каля крыніцы збіраецца асабліва шмат людзей: мясцовыя жыхары прыязджаюць сюды, каб здзейсніць абрад абмывання святой вадой.

Зберагчы для нашчадкаў

Рашэннем Капыльскага райвыканкама ў 2021 годзе крыніца Кузьмы Чорнага аб’яўлена (ператворана) гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Землекарыстальнікам з’яўляецца ААТ «Капыльскае». Тады крыніца была асвечана настаяцелем прыхода Цімкавіцкага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Побач усталяваны абраз Божай Маці «Неўпівальная Чаша» Серпухаўскага Высоцкага мужчынскага манастыра.

Напярэдадні пятага літаратурна-музычнага фестывалю «Цімкавіцкія вытокі» калектыў сельскагаспадарчай арганізацыі правёў добраўпарадкаванне святога месца. Работнікі пафарбавалі лаўку і паклонны крыж, а сама крыніца ачышчана ад парасніку і смецця. Гэтая праца – даніна павагі да спадчыны і першы крок да яе захавання.

Кульмінацыяй работ стала ўрачыстае асвячэнне абноўленых крыжа і самога месца крыніцы. Гэты чын правёў настаяцель храма Мікалая Цудатворца аг. Цімкавічы протаіерэй Міхаіл Мардвінаў, надаўшы падзеі глыбокі духоўны сэнс. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі сельгасарганізацыі, Цімкавіцкага сельвыканкама і рэдакцыі газеты «Слава працы».

Асабістае

– Для нас гэта не проста праца, а даніна павагі нашым традыцыям і гісторыі, – упэўнена намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Капыльскае» Галіна Пашко. – Мы з вялікім задавальненнем адгукнуліся на просьбу прывесці ў парадак гэтае святое для многіх пакаленняў месца. Прыемна бачыць вынік: цяпер тут стала яшчэ больш утульна і светла.

– Мы павінны захоўваць нашу спадчыну не толькі для сябе, але і для дзяцей і ўнукаў. Гэта наша гісторыя, нашы карані. Хай крынічка і далей нясе людзям чысціню і служыць напамінам пра сувязь пакаленняў, – адзначыла старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Наталія Прохарава.

Інспектар Цімкавіцкага сельвыканкама Наталля Жук родам з вёскі Малыя прусы. Яна падзялілася ўспамінамі пра мясцовую крыніцу, якая ў яе сям’і заўсёды лічылася святым месцам:

– Мы ўвесь час хадзілі туды па ваду і проста папіць. Дзядуля – Мікалай Іванавіч Краўчанка – даваў мне вядро, якое я прыносіла толькі напалову поўным. Яшчэ дзед увесь час даваў капеечкі, каб за ваду заплаціць. Раней, барані Бог, каб мы без капеечак пайшлі! Дно было светленькае, жоўценькае – там столькі гэтых манетак ляжала. У сям’і існаваў асаблівы рытуал для прыгажосці валасоў: пасля мыцця шампунем галаву абавязкова апалосквалі вадой з гэтай крыніцы. І, трэба сказаць, валасы ў нас сапраўды былі цудоўныя. Я і цяпер на свае не скарджуся.

Р.S. Вось так сумеснымі намаганнямі зроблена важная справа: крыніца не проста здабыла дагледжаны выгляд да свята, але і сімвалічна абаронена для наступных пакаленняў, якія будуць прыходзіць да яе па ваду і мудрасць продкаў.

Фото аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/42084-voda-kotoraya-lechit-i-telo-i-dushu-kakie-tajny-khranit-timkovichskij-rodnik#sigProIdab9d5d07bd
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей