Каб жывёлагадоўля была рэнтабельнай, патрэбны ўзважаны падыход да нарыхтоўкі кармоў усіх відаў, зладжаная работа ў кожнай галіне сельскай гаспадаркі.
– Корманарыхтоўка – адзін з найважнейшых этапаў календара аграрыяў. Сена, сілас, сянаж, камбікорм – усё гэта складае рацыён кароў у халодную пару года, – уводзіць у курс справы дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Патоцкі. – Ад якасці і аб’ёму нарыхтаванай кармавой базы залежаць надоі, прыбаўкі ў вазе і ў цэлым здароўе пагалоўя. А таму корманарыхтоўцы мы ўдзяляем павышаную ўвагу.
На старыцкіх палетках гул тэхнікі не змаўкае з раніцы да позняга вечара. За касілкай трактары з граблямі-варушылкамі фарміруюць роўныя валкі, якія затым збіраюцца і здрабняюцца кормаўборачнымі камбайнамі. Трактары з прычэпамі і грузавыя аўтамабілі без перыпынку адвозяць нарыхтаваную зялёную масу ў сянажныя траншэі, дзе яе старанна трамбуюць цяжкай тэхнікай.
Нам удалося адчуць атмасферу зладжанай дружнай працы. Спачатку адправіліся да сянажных траншэй. Тут практычна без перапынку працуе адразу некалькі адзінак тэхнікі. Скарыстаўшы момант, пакуль выгружаецца зялёная маса, паспяваем пагутарыць з механізатарам Уладзімірам Васілеўскім. Да моманту нашага прыезду ён паспеў ужо адпрацаваць некалькі гадзін:
– У сельскай гаспадарцы я ўсё жыццё. Гэта праца для тых, хто любіць сваю зямлю, хто перажывае за вынік. Тут адпачываць няма калі. Трэба лавіць пагодлівыя дні, каб паспець усё зрабіць не толькі ў тэрмін, але і якасна. Узяць хаця б трамбоўку сенажу ў траншэях. Тут важна правільна размеркаваць зялёную масу і добра яе ўтрамбаваць. Тады яна і захоўвацца будзе нармальна.
Высыпаную трактарамі і аўтамабілямі травяную масу ён ра-зам з напарнікам Андрэем Паршыным, які таксама працуе на Амкадоры, размяркоўваюць па траншэі каўшамі-лапатамі і метр за метрам утрамбоўваюць, каб забяспечыць якасць і захаванасць сакавітых кармоў.
Далей едзем на поле. Тут працуе больш за дзясятак адзінак тэхнікі. Адразу два трактары з прычапнымі граблямі-варашылкамі пад кіра-ваннем братоў Віктара і Міхаіла Дарашэвічаў збіраюць скошаную траву ў валкі. Для першага ўкосу яны даволі вялікія, што не можа не радаваць. Дарэчы, тут жа дружна шпацыруюць буслы – нязменныя спадарожнікі аграрыяў падчас палявых работ, якія абараняюць ураджай ад мноства шкоднікаў.
За рулём кормаўборачных камбайнаў – механізатары Андрэй Яшманскі, Уладзімір Логман і Анатоль Шнітко, а на адвозцы змяняюць адзін аднаго трактары і аўтамабілі. Праца ў тандэме заўсёды патрабуе павышанай увагі, майстэрства, умення і канцэнтрацыі. Важна весці тэхніку побач, каб не дапускаць страты зялёнай масы. І трэба адзначыць, што вопытныя механізатары і вадзіцелі паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай. А яшчэ пашанцавала застаць якраз той момант, калі з Анатолем Шнітко на адвозцы быў яго сын Ілля. Сям’я аграрыяў ужо не першы год старанна і адказна працуе на старыцкай зямлі – і падкрэслім, што бацька і сын у сельгаспрадпрыемстве на выдатным рахунку.
– На нарыхтоўцы кармоў працуе паўтара дзясятка адзінак тэхнікі. Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб нарыхтаваць якасныя кармы для пагалоўя. Праца кіпіць. За дзень закладваем у траншэі звыш 700 тон, – адзначыў кіраўнік гаспадаркі. – Людзі стараюцца, працуюць сумленна. І скажу шчыра: я ганаруся сваім калектывам, сапраўднымі рабацягамі, якія з дня ў дзень працуюць сумленна для нашага дабрабыту. Кожны з іх – на сваім месцы. На кожнага можна спадзявацца.
Карціна, убачаная на палях і сянажных траншэях, поўнасцю пацвердзіла словы Уладзіміра Патоцкага. Усе заняты справай. Нават для фота вадзіцелі і механізатары спыняліся ў лепшым выпадку на хвіліну – і зноў уключаліся ў працоўны працэс. Гледзячы на тое, як спорна ідзе работа, на зладжанасць працы і масавасць корманарыхтоўкі, разумееш: гаспадарка ў надзейных руках.
Фота аўтара

Комментарии