Трывалым водарам свежаскошанай травы напаўняюцца сенажаці філіяла «Лакнея», дзе поўным ходам ідзе касьба і нарыхтоўка кармоў, а менавіта сенажу з люцэрны.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства Пётр Юха ўпэўнены, што закладка сенажу – справа адказная і не церпіць прамаруджвання. Перад аграрыямі стаіць задача забяспечыць жывёлу пажыўнымі збалансаванымі кармамі. А для гэтага важна ўбраць травы ў аптымальнай фазе вегетацыі.
– Галоўнае – якасць кармоў, – гаворыць Пётр Сяргеевіч. – Ад гэтага залежыць поспех жывёлагадоўлі. Выніку дабіцца можна толькі дзякуючы адказнаму падыходу і, вядома, захаванню тэхналогій.
Як аказалася, тэхналогія – гэта некалькі пакрокавых аперацый: скошванне, варушэнне і правяльванне травы ў полі да вільготнасці 55-60 працэнтаў, падбор са здрабненнем, транспарціроўка, закладка ў сянажную траншэю, выкарыстанне кансервантаў, належная трамбоўка і захаванне.
На кожным участку работ – адказныя механізатары і вадзіцелі. Нам удалося некалькі хвілін пагутарыць з механізатарамі Аляксандрам Салдаценкам, Яўгенам Тараном і Андрэем Чугуновым, якія трамбавалі зялёную масу на траншэі каля МТК «Грозава». Пра ўсё, што тычыцца земляробства, яны ведаюць дасканала: калі трэба, то і аруць, і сеюць, і ўраджай убіраюць. Словам, шчыра любяць сельскую гаспадарку, гавораць пра яе з вялікай павагай.
– Праца на трамбоўцы хоць і не складаная, але манатонная, – расказвае Яўген Таран. – Цэлы дзень туды-сюды катаюся на пагрузчыку. Але і гэтую працу камусьці трэба выконваць.
І пакуль гутарым з Яўгенам, адзін за адным пад’язджаюць машыны і трактары з зялёнай масай. Механізатар спяшаецца за руль. Кормаўборачны канвеер наладжаны выдатна. Усе яго ўдзельнікі разумеюць важнасць работ па корманарыхтоўцы. Тым больш, што зараз гаворка ідзе пра травы першага ўкосу, з якіх атрымліваецца самая пажыўная ежа для жывёлы.
За якасцю нарыхтоўкі кармоў строга сочаць ветэрынарная і заатэхнічная службы. Яны кантралююць вільготнасць і тэмпературу сенажу.
– Добрыя кармы станоўча адбіваюцца на здароўі і прадукцыйнасці дойнага пагалоўя, – упэўнены галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі Яўген Крэпскі.
Пра кармы для будучай зімоўкі ў «Лакнеі» пачалі турбавацца яшчэ ранняй вясной.
– У поўным аб’ёме правялі падсеў, унеслі мінеральныя ўгнаенні. Шматгадовыя травы падкармілі азотам. У гэтым годзе ўраджай нядрэнны – з першага ўкосу атрымліваем 80 ц/га, – адзначыў намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Пілецкі.
Фота аўтара

Комментарии