Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Путешествие в глубинку на Копыльщине: знакомимся с жителями деревни Ракини

17.05.2026

Вёска Ракіні раскінулася на самым поўдні Капыльшчыны на мяжы з Салігорскім раёнам. Як і ў кожным куточку нашага роднага краю, тут жывуць простыя працавітыя людзі, а ў цёплую пару года вуліцы абуджаюцца дачнікамі. Вёска ўражвае сваёй акуратнасцю, дагледжанасцю, парадкам на сядзібах.

Даведка

Дакладных звестак пра назву вёскі Ракіні ў адкрытых крыніцах не вельмі багата, аднак можна выказаць некаторыя меркаванні. Хутчэй за ўсё яна сапраўды звязана з ракітай (гатункам вярбы) – гэта куст або дрэва з гнуткімі галінамі, часта сустракаецца каля вады. Паводле мясцовых паданняў, назва ўзнікла дзякуючы вялікай колькасці ракіт, якія раслі ў той мясцовасці. Існуе легенда пра парабка мясцовага памешчыка, які пасяліўся ў месцы, густа парослым ракітай, што і дало назву паселішчу.

Факт

Паселішча ўзнікла прыкладна ў XVIII ст. пад назвай Ракітна і ўваходзіла ў склад Навагрудскага павета. У 1795 г. тут было толькі два жыхары мужчынскага полу. На пачатку XIX ст. уласнасць Радзівілаў. Да 1917 г. склаўся хутар, які ўжо налічваў 29 двароў і 201 жыхара. У 1921 г. была адкрыта школа 1-й ступені. На пачатку 1920-х г. утварылася в. Ракіні. 3 1938 г. – вёска ў Мінскай вобласці, а з 1959 г. увайшла ў склад Капыльскага раёна. На пачатак 2026 г. тут пастаянна пражывае 35 чалавек.

Трэба жыць!

Самая старэйшая жыхарка Ракіняў – Валянціна Мікалаеўна Данілава – сёлета сустрэла сваю 89-ю вясну. Убачыўшы гэту мілавідную жанчыну, адразу і не скажаш, што за яе плячыма такі багаты багаж гадоў. Яе пранікнёны, крыху задуменны, але ў той жа час лёгкі погляд прыцягвае да сябе. Постаць жанчыны сагнулася не ад цяжару гадоў, а хутчэй за ўсё ад цяжару жыццёвых праблем. Аднак Валянціна Мікалаеўна не перастае быць аптымістам (вось бы нам такому павучыцца!).

– Ой, дзіцятко, ужо мо і пара мне на той свет, але ж не вельмі хочаццо, бо жызня настала харошая, – такой сакавітай дыялектнай гаворкай сустрэла Валянціна Мікалаеўна (ці як яе называюць землякі баба Валя). – Хоць і паміраць збіраюса, а батарэі ад свету (электраацяпленне) усё роўна правесці хачу, удруг яшчэ пажыць прыйдзеццо…

Доўгажыхарку па праве можна назваць дзіцём вайны. У пяцігадовым узросце яна ўжо зведала гэта жудаснае ліхалецце.

– Думаеце, это добро нам тады было? Мама мяне і сястрычку меншую возьме на рукі і на балото за Талмачавым ад немцаў хавацца, нядзелі дзве мо сядзелі. Самалёт праляціць, каб ён згарэў, страляе, а мы пад дубам вялізным хованку для сябе знайшлі, – расказвае баба Валя. – Так і засталіса жывымі. Помню, як дадому вярталіся: дзядзька Волкаў падвёз нас на запрэжанай карове, бо коней тады не хватало.

Няпроста жылося і ў першыя пасляваенныя гады.

– Які голад быў: хто тады не жыў, той не знае, – праз слёзы ўспамінае Валянціна Мікалаеўна. – Бывало, пайду пад вішню і шукаю на зямлі хоць костачку, каб з’есці. Або яшчэ. Жном на полі, а раней тут картошачка расла, то калі ўбачыш якую гнілую, то закінеш яе ў торбачку за плячамі. Потым прынясеш дадому, мама трохі распарыць у печы і напячэ нешта нападобе аладак. Калі вырасла, у калхозе рабіла як чорны вол.

Працавала жанчына цялятніцай, у гаспадарцы лён, тытунь, буракі вырошчвала. Нарадзіла пяць сыночкаў, без дэкрэтнага водпуску іх выгадавала. Цяжка, калі бацькам даводзіцца перажыць сваіх дзяцей, а яна ўжо траіх пахавала. Але не пакідаюць яе без увагі тыя двое, якія засталіся, а таксама ўнукі і праўнукі. Валянціна Мікалаеўна сцвярджае: «Нягледзячы ні на што трэба жыць!»

Прыцягненне бацькоўскай зямлі

Старэйшына Ракіняў Тамара Мікалаеўна Сушко ў 2008-м вярнулася ў бацькоўскую хату. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на бухгалтарскай ніве на прадпрыемствах у Слуцку. Але заўсёды вабілі да сябе родныя мясціны: кожны выхадны спяшалася да матулі, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы, прапалоць норму буракоў або адпасвіць чаргу кароў.

– І вось мара мая ажыццявілася, я даглядаю хату, дзе прайшло маё маленства, – расказвае Тамара Мікалаеўна. – З дапамогай дзяцей наводзім парадак на прысядзібным участку: абнаўляем сад, эксперыментуем з вінаградам, кавунамі, дачка пераважна займаецца з кветкамі. Я вельмі люблю вырошчваць расаду не толькі для свайго агарода, але і для дзяцей. Маімі вернымі і адданымі сябрамі лічу кошку Дуську і сабаку Біма, якія не даюць засумаваць у адзіноце. Летам мая стыхія – лес, масіваў якога вельмі шмат побач з нашай вёскай. Пазалетась сабрала каля трох тысяч баравікоў, а вось мінулы год быў не такім ураджайным.

Тамара Сушко паспяхова спраўляецца са сваёй грамадскай «пасадай». Калі што здараецца, аднавяскоўцы адразу спяшаюцца да яе.

– Свае словы Тамара Мікалаеўна заўсёды пацвярджае канкрэтнымі ўчынкамі,  – адзначае старшыня Бучацінскага сельвыканкама Святлана Сташаніна. – Аўтарытэтная, актыўная і, самае галоўнае, – справядлівая старэйшына. Трэба правесці суботнік – арганізуе, трэба перадаць аб’яву – паведаміць. Яна ведае, як вырашаць праблемы, умее ўзаемадзейнічаць з мясцовымі жыхарамі. Немалаважны і чалавечы фактар – выслухаць і прыйсці на дапамогу. Гэта прыстойны чалавек, які карыстаецца павагай у вяскоўцаў і органаў самакіравання.

Аддушына – у рукадзеллі

На долю Тамары Аляксандраўны Целябук таксама выпала нямала выпрабаванняў, але жанчына не скарылася перад імі і знайшла сябе ў занятках любімымі справамі.

Ракіні – радзіма яе матулі, сям’я пераехала сюды з Ганцавіч, калі Тамары было тры гады. Тут жа вый-шла замуж, выгадавала трое дзетак, працавала ў паляводстве, потым шмат гадоў у бальніцы ў Чырвонай Слабадзе. За добрасумленную працу яе імя неаднойчы заносілася на Дошку гонару ўстановы.

Жанчыне давялося перажыць нямала гора: у 57 гадоў памёр муж, не вельмі даўно пахавала дачку і аднаго з зяцёў.

– Каб не так глыбока пагружацца ў думкі, знайшла для сябе выйсце, – расказвае Тамара Аляксандраўна. – Увечары саджуся ў крэсла, уключаю радыё і пад віншавальную праграму ці якую-небудзь тэатральную пастаноўку займаюся вышыўкай ці вязаннем. Вырабы свае раздаю дзецям, унукам, знаёмым. Колькі ўжо ў іх гардэробе наскоў, рукавіц, сурвэтак, зробленых маімі рукамі! Для мяне гэта аддушына, бо адной перажыць няшчасце вельмі няпроста. А яшчэ люблю папрацаваць у агародзе, таму перад адкрыццём веснавога сезона штогод вырошчваю расаду. Нашуся з ёй, як з малым дзіцем.

З самотай успамінае жанчына дзіцячыя гады, калі ежы было ўвобмаль. У сям’і гадавалася пяцёра дзяцей. Нягледзячы на тое, што бацька быў партыйным работнікам, жылі небагата.

– Бывала, прыйдзем дадому, а няма чаго паесці, чакалі выхаднога, – успамінае Тамара Аляксандраўна. – Мама ў ступе стаўчэ пшаніцу, занясём да суседзяў, а потым блінцоў напячэ. Намажам іх здорам – самы лепшы пачастунак. Або яшчэ і мачанкі зварыць. А цяпер жыць добра: пенсію прынясуць, у магазінах усяго, як кажуць, жыві і радуйся!

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/41556-puteshestvie-v-glubinku-na-kopylshchine-znakomimsya-s-zhitelyami-derevni-rakini#sigProId167ba1f4c3
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей