Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Задел для сладкого урожая: аграрии ОАО «Преснаки» первыми на Копыльщине начали сев свеклы

15.04.2026

Аграрыі ААТ «Праснакі» аднымі з першых у раёне пачалі сяўбу цукровых буракоў. Атрымліваючы штогод добрыя ўраджаі, тут ведаюць: час прыйшоў.

Сяўба збожжавых і зернебабовых культур у гэтай гаспадарцы завершана, а дзесьці з 4 красавіка пачалі закладваць у глебу насенне цукровых буракоў, пад якія адве-дзена 450 гектараў.

– Цукровыя буракі для сельгаспрадпрыемства – культура выгадная, але адначасова яна затратная і пераборлівая. Належнага падыходу патрабуе і пры сяўбе, і пры наступным доглядзе, і пры ўборцы. Старанна выбіраецца месца для яе вырошчвання, лепшы папярэднік – азімыя збожжавыя, – расказаў галоўны аграном ААТ «Праснакі» Анатоль Карачун. – Падрыхтоўка глебы пад сяўбу цукровых буракоў пачынаецца ў нас з восені. На абраных палях праводзіцца лушчэнне ржышча, пасля чаго ўносяцца мінеральныя і арганічныя ўгнаенні. Потым палі заворваюцца. Вясновыя работы на іх пачынаюцца з закрыцця вільгаці. Следам уносяцца азотныя ўгнаенні, праводзіцца першая апрацоўка глебы камбінаваным агрэгатам. Патрэбна і другая, але яна выконваецца непасрэдна перад сяўбой. Любое парушэнне тэхналогій у вырошчванні гэтай культуры абавязкова адаб’ецца на ўраджайнасці – не далічым цэнтнераў восенню. Для сяўбы буракоў рэсурсаў у нас дастаткова, таму правя-дзём яе якасна і своечасова.

Рашэнне сеяць цукровыя буракі ў такі ранні тэрмін прынята не спантанна: пакуль у зямлі ёсць вільгаць. Поле каля МТК «Камень» амаль 100 гектараў, на якім вядзецца сяўба, роўнае і гладкае. Менавіта такое і патрэбна для гэтай культуры. Перадпасяўную пад-рыхтоўку глебаапрацоўчымі агрэгатамі праводзяць Мікалай Міхадзюк і Мікіта Васцьянаў. Сее Іван Шайпак. Выхад у поле для іх – вялікая радасць. Кажуць, засумавалі за зіму, што з нецярпеннем чакалі пачатку выхаду ў поле.

– За 40 гадоў працы механізатарам не магу назваць тых палявых работ, у якіх я не прымаў удзел. І сеяў, і ўбіраў, і глебу апрацоўваў… Прычым, гэта датычыцца ўсіх сельскагаспадарчых культур, ад пшаніцы да буракоў. Што падабаецца больш за ўсё? Нават не ведаю. Усё цікава рабіць. Галоўнае, што вынік бачны не праз гады, а амаль адразу. Працу сваю вельмі люблю: пачні жыццё спачатку – абраў бы зноў гэтую прафесію, – падзяліўся Іван Шайпак.

На трактары МТЗ  у счэпцы з сучаснай бурачнай сеялкай механізатар за дзень засявае 30–35 гектараў. Больш нельга пры ўсім жаданні, бо неабходна прытрымвацца ўсталяванага хуткаснага рэжыму для захавання тэхналогіі сяўбы:

– Трактар павінен ісці з не больш 5–6 кіламетраў у гадзіну. Паедзеш хутчэй – парушыш раскладку насення, якое, паводле тэхналогіі, павінна знаходзіцца на пэўнай адлегласці адно ад другога. Дакладнасць тут матэматычная, – адзначыў Анатоль Карачун.

І вось загулі трактары, васількова-блакітнага колеру гранулы леглі ў зямлю. Хочацца, каб з іх вырас выдатны ўраджай, нават лепшы за леташні, які склаў 560 цэнтнераў з гектара.

Цукровымі буракамі, адной з найважнейшых тэхнічных культур, якая дае сыравіну для цукровай прамысловасці, у нашым раёне сёлета будзе засеяна 6690 гектараў. Вырошчваннем іх, акрамя ААТ «Праснакі», зай-маюцца яшчэ дзесяць гаспадарак: ААТ «Капыльскае» (1100 гектараў), ААТ «Ціміразеўскі», УП «ПІК-Лясное» і СГФ «Руднае» (па 700 гектараў), ААТ «Семежава» (650 гектараў), ААТ «Прагрэс 2010» (600 гектараў), ЗАТ «Жыліхава» (585 гектараў), ААТ «Старыца-Агра» і «Піянер-Агра» (па 450 гектараў), ААТ «Скабін» (305 гектараў). Практычна ўсе яны прыступілі да  сяўбы  гэтай культуры.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/41129-zadel-dlya-sladkogo-urozhaya-agrarii-oao-presnaki-pervymi-na-kopylshchine-nachali-sev-svekly#sigProId5cf30ddb40
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей