Гэта вёска – радзіма беларускага акцёра Юрася (Юрыя Браніслававіча) Цвіркі (нар. 27 верасня 1967 года). Ён працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа (г. Віцебск), уладальнік нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», медаля Францыска Скарыны.
Бацьку ніколі не бачыў
Самы старэйшы жыхар вёскі Язвіны – Віктар Антонавіч Кручок, які сёлета сустрэў 91 вясну. Але, калі не зазіраць у пашпарт, пра гэта ніколі не падумаеш. Мужчына ён жвавы, рухавы, працавіты. І печку прапаліць, і абед прыгатуе, і «гаспадарку» дагледзіць: трымае курэй, сабаку, не даюць сумаваць трое катоў.
З першага погляду не здагадаешся пра выпрабаванні, што выпалі на долю Віктара Антонавіча за доўгае жыццё: вясёлы, пазітыўны, ён не любіць скардзіцца. Затое ўмее пажартаваць, падтрымаць, цікавую гісторыю расказаць. Словам, з такім чалавекам пагутарыш – розуму набярэшся і душой адпачнеш.
Шмат часу ён аддаў пошукам звестак пра свайго бацьку, якога ніколі не бачыў, нават на фотаздымку. Справа ў тым, што ў 1937 го-дзе яго закранула крыло рэпрэсій, а праз год ён быў расстраляны. Толькі ў 1991-м роднага чалавека рэабілітавалі. На працягу гэтых гадоў Віктар Антонавіч абышоў усе інстанцыі, каб дабіцца праўды.
Мужчыну можна па праве назваць дзіцём вайны. Лёс яго закідаў і на Магілёўшчыну, і на Гомельшчыну. У 1945-м з матуляй вярнуліся да бабулі ў в. Рымашы.
– Няпроста вучыцца было ў пасляваенны час, але я скончыў мясцовую сямігодку, – успамінае Віктар Кручок. – Буквар быў адзіны на некалькі вучняў, не хапала сшыткаў, чарніла. Ежы было вобмаль: па хлеб хадзілі ў Нясвіж, а так перабіваліся чым маглі.
Пасталеўшы, працаваў у кузні, служыў на Далёкім Усходзе, потым вярнуўся і звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай. У 1966 годзе ажаніўся. Жонка Ніна Афанасьеўна працавала медсястрой у Бабаўнянскай бальніцы. Ужо два гады, як пакінула яна гэты свет. Пражылі разам 58 гадоў. Выгадавалі дзвюх дочак: адна – эканаміст Капыльскага філіяла Слуцкага сыраробнага камбіната, другая працуе ў Міністэрстве архітэктуры Беларусі.
– Дзяўчаты запрашаюць мяне жыць да сябе, але пакуль на нагах, не магу пакінуць сваю хатку, – з сумам гаворыць мужчына.
Калісьці ў Кручкоў была неблагая гаспадарка: карова, конь, свінні, птушка, зямлі нямала.
– Памятаю, як Віктар Антонавіч па першым закліку прыходзіў на дапамогу ў грамадскіх работах, – адзначае старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская. – Калі трэба, каня запражэ, галлё звязе, пастаянна ўдзельнічаў у суботніках на могілках. А яшчэ яны з Нінай Афанасьеўнай заўсёды былі разам: то грады палолі, то сена сушылі, то вуліцу прыбіралі…
На працу – з… казой
Нікога не здзіўляе, калі ў аўтамабілі на пасажырскім месцы сядзіць сабака, але, калі замест яго ўбачыш казу, то гэта не зусім звычайна. Менавіта такую карціну некалькі гадоў таму маглі назіраць жыхары Язвін і навакольных вёсак, сустрэўшы на сваім шляху Івана Антонавіча Цвірку.
– Бывалі выпадкі, што мая «сяброўка» заставалася дома, але доўга яна не магла быць адна, таму разам з сабакам «збіраліся» і накіроўваліся ў Бабоўню, – расказвае Іван Антонавіч. – Так цэлы дзень і хадзілі за мной услед па мехдвары, дзе я працаваў слесарам-меднікам (спайваў вырабы з каляровых металаў). А дамоў ужо ехалі разам на аўтамабілі.
Сваё жыццё без братоў нашых меншых мужчына не ўяўляе. Вось ужо дзесяць гадоў ён на пенсіі, але трымае курэй, сямёра катоў, сабаку. Неабыякавы і да тых жывёлін, якія засталіся без гаспадароў, таму і іх падкормлівае. Напрыклад, падчас нашага прыезду ён клапаціўся пра сабаку па мянушцы Ваўчок.
Ганарыцца Іван Антонавіч сваім бацькам Антонам Фамічом, які калісьці быў кіраўніком аднаго з калгасаў раёна, потым брыгадзірам у мясцовай гаспадарцы. А вось брат Эдуард – кандыдат сельскагаспадарчых навук Маскоўскай сельгасакадэміі імя Ціміразева, займаўся глебазнаўствам, у прыватнасці, вывучаў спосабы павышэння яе ўрадлівасці.
Да вытокаў, на малую радзіму
Пасля выхаду на пенсію жыхара Мінска Казіміра Люцыянавіча Цвірку пацягнула на малую радзіму ў Язвіны, адкуль ён родам. Як кажуць, паклікалі родныя мясціны. Спачатку думаў, што пабудуе дачу, каб бавіць час летам, аднак застаўся жыць тут пастаянна.
Шчодрыя грыбныя лясы і спрыяльная экалогія вабяць яго ў Язвіны, і ўвогуле мужчына лічыць, што лепшага куточка на свеце не існуе. Казімір Люцыянавіч вырас тут, памятае кожнага вяскоўца, ведае кожную лясную сцяжынку і сам стараецца надаць родным мясцінам яшчэ больш прыгажосці, а таму ўжо шмат гадоў вырошчвае на сваім падворку кветкі і дэкаратыўныя расліны. На ўчастку размясціліся цяпліцы, у якіх летам спеюць памідоры і агуркі. Трымае курэй, летась былі і качкі.
– Як бы дзе добра ні было, – дзеліцца мужчына, – але родная зямля, тыя мясціны, дзе нарадзіўся, дзе праходзілі маладыя гады, ні на што прамяняць нельга. Цяпер і жыць стала лягчэй, дзяржава забяспечвае пенсіяй, толькі ў маладосці было столькі энергіі, сілы, энтузіязму, што, здавалася, каб былі крылы, то паляцеў бы невядома куды. Але ўсё роўна хочацца вярнуцца да сваіх вытокаў… Здаецца, тут і дыхаць лягчэй. Вось гэтай зімой паветра настолькі было насычана кіслародам, што можна было хоць лыжкай есці.
Адпачыць на прыродзе любяць і родныя Казіміра Люцыянавіча – жонка, дачка з зяцем, сваімі дзецьмі і ўнукамі – яны наведваюцца сюды на выхадныя і ў святы.
Фота аўтара

Комментарии