Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Рецепт хорошего урожая: как в «ПИК-Лесное» проводят важнейший этап весенних работ

20.03.2026

Сёлетні вясенне-палявы сезон ва УП «ПІК-Лясное» адкрыўся ў пачатку другой дэкады сакавіка. Разам з падкормкай азімых культур, на палях праводзіцца адзін з найважнейшых аграпрацэсаў – захаванне вільгаці.

Паводле слоў спецыялістаў, кожны прапушчаны дзень захавання вільгаці вясной прыводзіць да страты 1–2 цэнтнераў збожжа з гектара. Гэты працэс трэба выконваць у самым пачатку вясновых работ, адразу пасля таго, як глеба дасягне фізічнай спеласці і пачне нармальна апрацоўвацца.

Ва УП «ПІК-Лясное» глебаапрацоўчая   тэхніка выйшла на палі 13 сакавіка. Спрыяльнае надвор’е даз-воліла пачаць работы так рана. Такі цёплы сакавік – рэдкасць.

– На дадзены момант мы ўносім мінеральныя ўгнаенні, якіх у нас набыта дастаткова, і рыхтуем глебу да сяўбы яравых культур. Тэхніка гатова на 100 працэнтаў. Насенне для сяўбы было цалкам падрыхтавана восенню. Вясна ў гэтым годзе прыйшла рана, таму ў нас будзе час справіцца з работай у тэрмін. Больш за тое, значная частка збожжавых культур і рапсу пасеяна мінулай восенню. Тады ж было ўзарана і зябліва – 2600 гектараў. Зараз засталіся толькі палі пад кукурузу і цукровыя буракі. Таму нас больш за ўсё хвалюе захаванне вільгаці на палетках, што вельмі важна для атрымання добрага ўраджаю. Напрыклад, у мінулым годзе мы выканалі гэтыя работы за 10 дзён і дасягнулі прыбаўкі каля сямі цэнтнераў з гектара, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Леанід Петрушэня.

Мы наведалі поле каля аграгарадка Пясочнае. Глеба тут лёгкая, а месцамі ўжо і пыліць. Механізатар Андрэй Логаш на магутным трактары МТЗ-3522 з глебаапрацоўчым агрэгатам адначасова выконваў некалькі перадпасяўных працэдур.

– Я з нецярпеннем чакаў, калі пачнуцца палявыя работы, усю зіму па іх сумаваў. Цяпер закрываю вільгаць. Потым буду сеяць. Праца – адно задавальненне, – адзначае Андрэй Аляксандравіч. – Тэхніка надзейная і сучасная. Дарэчы, трактар адначасова выконвае некалькі аперацый на дзесяці метрах: апрацоўку глебы, культывацыю, захаванне вільгаці, выраўноўванне паверхні поля, прыкатку глебы і барацьбу з пустазеллем. З ім я магу лёгка апрацаваць 100 гектараў за дзень. Аб’ём работ шырокі, бо наша гаспадарка вялікая. Своечасова выканаць усе даручаныя задачы – для мяне справа гонару.

На перадпасяўным унясеннем мінеральных тукаў у сельгаспрадпрыемстве занята звяно ў складзе Сяргея Яцэвіча, Аляксандра Сінюка і Ігара Гарнастая.

Да веснавых палявых работ лясноўскія аграрыі старанна падрыхтаваліся. Усё прадумана да дробязей. Работнікі забяспечаны спецадзеннем. Усе прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Распрацавана сістэма аплаты працы і ўмовы для спаборніцтва, арганізавана харчаванне.

У тэму

Наталля ФІЛІНОВІЧ, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:

– Як захаваць вільгаць? З дапамогай тэхнікі разрываюцца глебавыя капіляры, што перашкаджае выпарэнню вільгаці і яе затрымцы, тым самым падсілкоўвае пасеяныя культуры і дазваляе насенню набракаць і прарастаць. Гэта трэба рабіць як мага хутчэй, бо глеба хутка высыхае, губляючы велізарную колькасць вільгаці. Гэты аграпрамысловы прыём таксама праводзіцца на восеньскім зябліве. Вясенняя апрацоўка глебы не толькі захоўвае вільгаць, але і выраўноўвае поле, знішчае пустазелле.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/40720-retsept-khoroshego-urozhaya-kak-v-pik-lesnoe-provodyat-vazhnejshij-etap-vesennikh-rabot#sigProIdd58b7fac08
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей