На палетку з азімым рапсам ва ўрочышчы Павалоч ААТ «Семежава» на самаходным апырсквальніку «Раса» механізатар Іван Бондар уносіць карбаміда-аміячную сумесь (КАС). Запраўляе агрэгат Дзмітрый Журавель, а падвозіць угнаенне Міхаіл Кіеня. Тут 125 гектараў. Усяго ў гаспадарцы 800 гектараў азімага рапсу.
– Падкормка – гэта першае, што цяпер трэба зрабіць, каб у будучым атрымаць добры ўраджай, – расказвае аграном, адказны за дадзены ўчастак, Анатоль Будчан. – І чым раней будуць унесены ўгнаенні, тым лепш. Трэба злавіць пачатак аднаўлення вегетацыі. Снегу ў нашай мясцовасці ўжо практычна няма. Але пакуль у поле можа заехаць толькі «Раса», на ёй і працуем, хутка задзейнічаем яшчэ адзін апырсквальнік. Дарэчы, комплексы лёгкія, ад іх не застаецца каляіна на пасевах, не ўшчыльняецца глеба. Да таго ж, машына ідзе па любым полі, нават з самымі складанымі ўчасткамі, і дазваляе выдатна падкарміць угнаеннямі сельскагаспадарчыя культуры.
За ходам работ сочыць і намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Юрый Зяньковіч.
– Арганізоўваем, каардынуем і кантралюем працу, угнаенняў хапае, – гаворыць Юрый Міхайлавіч. – У нас ёсць план па тэрмінах сяўбы, стараемся яго прытрымлівацца. Цяпер падкормліваем рапс. На чарзе – азімы ячмень, потым пасеяныя ўвосень пшаніца, трыцікале. Важна, каб уся тэхніка была размеркавана па палях аптымальна. Сочым і за якасцю працы, глядзім, каб усё зладжана было, не прастойвалі.
У агранаміі Юрый Зяньковіч звыш 30 гадоў. Вопытны спецыяліст гаворыць, што поспех у вырошчванні ўраджаю складаецца з многіх фактараў. Тут важная формула: здароўе працаўнікоў, забяспечанасць тэхнікай, сродкамі аховы, і ў звязцы з добрым надвор’ем – калі не падвядзе «нябесная канцылярыя», усё тады атрымаецца. Адзначу, што нашы работнікі безадмоўныя, гатовы падставіць плячо ў любой сітуацыі, не лічацца са сваім часам. На такіх людзях і трымаецца сельская гаспадарка. Настрой на працу добры.
Акрамя таго, у сельгаспрадпрыемстве вывозяць і ўносяць арганіку, падкормліваюць каліем шматгадовыя травы, праўда, работы пачынаюць раніцай, пакуль глебу трымае невялікі марозец.
Паводле слоў намесніка дырэктара, пасевы ўсіх азімых культур у ААТ «Семежава» выйшлі з зімоўкі ў добрым стане. Аграрыі разлічваюць, што падкормкі дадуць свой плён і расліны атрымаюць штуршок да наступнага росту. Загадваць пра будучы ўраджай земляробы не рызыкуюць, бо, як кажуць, куранят увосень лічаць.
Фота аўтара

Комментарии