Аповед, які расказаў навучэнец Грозаўскай БШ Дзмітрый Касцюкевіч, – адна са шматлікіх ваенных старонак, што складаюць гісторыю Вялікай Перамогі. Галоўная гераіня – Гаркуша Ганна Міхееўна, якая перажыла нямецкае рабства, але здолела вярнуцца ў родную Беларусь.
– Мая прабабуля Гаркуша Ганна Міхееўна нарадзілася 8 ліпеня 1923 года ў вёсцы Барсукі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў шматдзетнай сям’і, – расказвае юны нашчадак жанчыны Дзмітрый Касцюкевіч, жыхар аграгарадка Грозава. – Да пачатку вайны ў яе за плячыма было два класы адукацыі. Жыла сям’я звычайна, як і ўсе сем’і таго часу: шмат працавалі, даглядалі хатнюю жывёлу, аралі зямлю, вырошчвалі збожжавыя і агародніну, убіралі ўраджай. У сям’і панавала атмасфера ўзаемаразумення і падтрымкі. Але вайна бязлітасна ўварвалася ў іх лёс.
Пасля прыходу фашыстаў у вёску, адны хаваліся, іншыя галілі галовы сваім дзецям ці аблівалі валасы смалой, каб фашысты палічылі іх хворымі і заразнымі. Бо ім патрэбны былі моцныя, працаздольныя і здаровыя маладыя людзі. Восеньскім вечарам 1941 года ў маленькай вёсцы Барсукі, ахутанай цішынёй, пачуліся пранізлівыя крыкі. Мая прабабуля і яе маці гатавалі вячэру, малодшыя дзеці сядзелі на печы. Раптам дзверы з грукатам расчыніліся, і ў хату ўварваліся фашысты. Іх чорныя ўніформы і халодныя погляды выклікалі жах. Дзеці спалохаліся, не разумеючы, што адбываецца. Нямецкія салдаты пачалі крычаць, патрабуючы, каб усе пакінулі свае рэчы і выходзілі на вуліцу.
Усю сям’ю адправілі за агаро-джу з калючага дроту каля вёскі, дзе тыя правялі тры месяцы ў голадзе і холадзе. Вёску спалілі, а бацька памёр.
Аднойчы салдат схапіў Ганну за руку. Яна закрычала, спрабуючы вырвацца, але яго хватка была моцная. Дзяўчына з жахам адчула, як яе сэрца сціскаецца ад страху і безвыходнасці. «Не чапайце мяне!» – крычала яна, але яе, як і многіх іншых дзяўчат, у тым, у чым яны былі апрануты, кінулі ў грузавік і павезлі. Прабабуля зразумела, што яе павязуць у Нямеччыну ў рабства. І сапраўды, у таварным вагоне, без ежы і цёплых рэчаў, людзей везлі ў фашысцкае пекла ў Германію. Кожны дзень Ганна спа-дзявалася на вяртанне і марыла аб тым, што аднойчы зноў уся сям’я збярэцца разам. Але паступова надзея згасала, і ў сэрцы дзяўчыны расло пачуццё страты: яна разумела, што вайна назаўсёды забрала той свет, які яна ведала.
...Дарога ў Нямеччыну заняла некалькі дзён. Унутры вагона было душна і страшна. Многія плакалі, нехта маліўся, некаторыя спрабавалі падтрымліваць адзін аднаго. Людзі баяліся, бо яны не ведалі, што бу-дзе далей. Часам чуліся крыкі і плач, хтосьці хварэў. Гэты шлях у таварным вагоне стаў сімвалам не толькі болю і страты, але і станаўлення сілы духу і выжывання. Калі вагон нарэшце спыніўся, людзі ступілі на чужую зямлю – для іх пачалося цяжкае жыццё: доўгія гадзіны працы, голад, страх і нуда па хаце.
Першы час прабабуля працавала на ваенным заводзе і жыла ў халодным бараку. Гэта было сапраўднае пекла на зямлі! Кожную раніцу ўсіх будзілі рана, прымушаючы выстройвацца ў шэрагі. Іх адпраўлялі на завод, дзе выраблялі вайсковыя матэрыялы. Рабочы дзень пачынаўся з суровых каманд і пастаяннага нагляду аховы, а абед складаўся з кавалачка хлеба і баланды.
Аднойчы Ганна пажалілася на моцны зубны боль. Фашыст падышоў да яе і ўдарыў па твары кулаком, разбіўшы губу і выбіўшы зуб.
Многія людзі пакутавалі ад знясілення і хвароб. Кармілі адзін раз у дзень. Увечары, вяртаючыся ў баракі, яны дзяліліся сваімі гісторыямі, марамі пра свабоду і пра тое, як аднойчы змогуць вярнуцца дадому. Гэтыя размовы надавалі ім сіл, дапамагалі выжываць у нечалавечых умовах. Шмат пазней яна ўспамінала аднаго палоннага француза, які звярнуў увагу на яе бледны выгляд і худзізну і падзяліўся кавалачкам хлеба.
Няшчасныя выпадкі адбываліся рэгулярна, але ніхто не спыняўся, бо страх перад пакараннем быў мацнейшы за страх перад смерцю. У Ганны вельмі моцна балела нага, якую яна параніла, наступіўшы на іржавы цвік. Нага гнаілася і сыходзіла крывёй. Працаваць стала невыносна, і яе адправілі да мясцовага немца служыць па хаце. Дзяўчына выконвала розную працу: прыбірала, палола агарод, даглядала хатнюю жывёлу. Але, нягле-дзячы на ўсе выпрабаванні, усё ж захоўвала ў сэрцы надзею на вяртанне.
Вярнуцца дадому прабабуля Ганна змагла ў 1945 годзе. Калі яна ўбачыла руіны сваёй вёскі, сэрца нясцерпна заныла. З першых крокаў па родных мясцінах дзяўчына адчула, як усё вакол змянілася. Дамы спалены, знаёмыя твары зніклі, а ўсё навокал было працята пачуццём страты. Яна стаяла пасярод вёскі, успамінаючы родных і знаёмых, якія загінулі ад рук ворага, і слёзы павольна каціліся па шчоках.
Першы час жылі ў зямлянцы. У 1948 годзе прабабуля пераехала ў Калінінградскую вобласць, у Слаўскі раён, у вёску Прыазер’е, дзе працавала да самай пенсіі ў калгасе «Шлях камунізму» даяркай. Муж быў кавалём, але ў 1971-м памёр. Таму прыйшлося самой паднімаць пецярых дзяцей. Усе яны атрымалі адукацыю.
Сёння на тым месцы ў Калінінградскай вобласці, дзе стаяў яе дом, пабудаваны Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр.
У Грозава, дзе раней уладкавалася дачка Наталля, Ганна Міхееўна прыехала толькі ў 1998 годзе. Памерла ж прабабуля ў 2010 годзе.
Я ніколі не бачыў прабабулю, але мама заўсёды казала, што тая была добрай, клапатлівай, працавітай і жыццярадаснай жанчынай. Яна шанавала кожны момант, кожную дробязь у жыцці, разумеючы, якое яно хуткаплыннае, і пражыла 87 гадоў. Для мяне, чатырнаццацігадовага падлетка, мая прабабуля Ганна з’яўляецца сімвалам стойкасці і мужнасці!
Акцэнт
– Пагадзіцеся, гісторыя жыцця Ганны Гаркушы падобная на гісторыі жыцця многіх юнакоў і дзяўчат, чые дзяцінства і юнацтва прыйшліся на 30-40-я гады XX стагоддзя, – разважае настаўнік Грозаўскай СШ Таццяна Мароз, якая дапамагала хлопчыку шукаць інфармацыю пра прабабулю. – У год, аб’яўлены Прэзідэнтам нашай краіны Годам беларускай жанчыны, неабходна ўспамінаць не толькі яркія подзвігі, што былі здзейснены ў імя Перамогі, але расказваць і простыя гісторыі, у аснову якіх ляглі цяжкія асабістыя перажыванні і пакуты. Бо перанесці знаходжанне ў фашысцкім рабстве ў гады вайны ў Нямеччыне і выжыць – гэта дарагога варта. Упэўнена, што расказаная гісторыя – жывое сведчанне пакут і надзеі. Лёс Ганны Міхееўны дапамагае захаваць памяць пра тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай.
Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Касцюкевіча

Комментарии