Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копыльщина приняла областной семинар-практикум по сохранению культурного наследия

23.02.2026

Спецыялісты раённых метадычных службаў сталі ўдзельнікамі абласнога семінара-практыкуму па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, які прайшоў на Капыльшчыне.

Пад рэаліі XXI стагоддзя

Знаёмства  пачалося ў раённым цэнтры культуры з наведвання выставы  «Чароўны лоскут». Тут сваю творчасць прадставілі ўдзельнікі народнага калектыву майстроў народнай творчасці «Скарбонка» РЦК пад кіраўніцтвам Галіны Гурло. Сярод аўтараў работ былі Бернарда Леаненка і Ганна Мароцкая. Прэзентаваўшы ўдзельнікам семінара калекцыю пад назвай «Нітка часу», Бернарда Станіславаўна адзначыла, што ўсе традыцыйныя элементы ўжо адаптаваны пад рэаліі XXI стагоддзя. Яна абсалютна пераканана ў тым, што любыя традыцыйныя формы застаюцца актуальнымі і значнымі толькі тады, калі яны гарманічна ўпісваюцца ў сучасны кантэкст і знаходзяць водгук у нашым паўсядзённым жыцці.

Захаванне і пераемнасць традыцый

На адкрыцці семінара-практыкуму загадчык сектара культуры райвыканкама Алена Карпяленя адзначыла, што важна не проста захоўваць сваю культурную спадчыну і народнае багацце, але і дзяліцца вопытам:

– У нас сапраўды ёсць што паказаць і чым падзяліцца. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны 690 аб'ектаў, размешчаных у Мінскай вобласці. З іх 21 адносіцца да катэгорыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На тэрыторыі Капыльшчыны налічваецца 42 аб’екты, якія ўнесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод якіх 40 з'яўляюцца матэрыяльнымі аб'ектамі і два ўяўляюць сабой нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці, характэрныя для Семежава.

– Асаблівымі рысамі семяжоўцаў лічыцца працавітасць, асаблівая любоў да сваёй гісторыі і спадчыны, – адзначыла ў сваім дакладзе метадыст РЦК Настасся Янушка. – Не дзіўна, што менавіта тут, у Семежаве, адроджаны калядны абрад «Цары» і тэхніка закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў.

Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі абласнога практычнага семінара даведаліся пра асабістую рукапісную фальклорную спадчыну, абмеркавалі асноўныя падыходы і прынцыпы электроннага архівавання сучасных фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, азнаёміліся з лепшымі практыкамі захавання і пераемнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Мінскай вобласці. 

Падарожжа ў свет гісторыі і мастацтва

У раённым цэнтры ткацтва прысутныя змаглі не проста азнаёміцца з дзейнасцю гэтай установы культуры, цікавымі экспазіцыямі, але і стаць удзельнікамі майстар-класа «Тканыя вырабы сваімі рукамі». 

– За апошнія гады супрацоўнікі цэнтра дасканала асвоілі тэхніку ткацтва закладных ручнікоў і свае навыкі перадаюць навучэнцам «Школы ткачоў», – падкрэсліла загадчыца РЦТ Таццяна Волкава. –  Дзеці з задавальненнем праводзяць экскурсіі па экспазіцыі цэнтра ткацтва, расказваюць пра асаблівасці семежаўскага закладнога ткацтва.

Таксама ў рамках семінара ўдзельнікі пабывалі ў Семежаўскім цэнтры культуры, дзе больш дасканала даведаліся пра адроджаны калядны абрад «Цары», які сваімі каранямі ідзе ў XVIII стагоддзе.

– Адметнаць абраду – у складзе ўдзельнікаў, касцюмах, дыялогах. А яшчэ ў тым, што праводзіцца ён толькі тут, у Семежаве. Нідзе больш у Беларусі гэты абрад не сустракаецца, – падкрэслілі ў сваіх выступленнях дырэктар установы Юлія Стрэлкіна і Таццяна Шаура, якая стаяла ля вытокаў захавання абраду, занесенага ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Уражаннямі пра ўдзел у абрадзе падзяліўся і Георгій Ціманаў, «цар» у трэцім пакаленні, сёння яго справу працягвае ўнук Данііл.

Падводячы вынікі семінара, удзельнікі аддзначылі, што захаванне і папулярызацыя такіх каштоўнасцей – важная задача не толькі для мясцовых жыхароў, але і для ўсёй Беларусі, бо менавіта ў нематэрыяльнай спадчыне жыве сапраўдны дух і культура народа. Такім чынам, Капыльшчына застаецца жывым прыкладам таго, як традыцыі могуць гарманічна суіснаваць з сучаснасцю, узбагачаючы і ўмацоўваючы культурную прастору краіны.

Спецыяльна для «Слава працы»

Таццяна КУХАРОНАК, кандыдат  гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

– Лічу, што падобны вопыт абавязкова трэба пераймаць. Увасабленне высокіх паняццяў накшталт пераемнасці і захавання культурнай спадчыны: за гэтымі прыгожымі словамі – паўсядзённая праца канкрэтных людзей. Важна разумець, як усё пачыналася, наколькі цяжкім быў шлях і як няпроста часам вызначыць асноўныя моманты.  Вось абрад «Цары» першым трапіў у спіс ЮНЕСКА дзякуючы наяўнасці якаснага відэаматэрыялу. У кожнага абраду свой лёс: адны знаходзяць шчасце, іншым шанцуе менш. Дык вось у каляднага абрада «Цары» лёс шчаслівы склаўся: ён атрымаў прызнанне. Для функцыянавання і захавання гэтага абраду ў сучасным культурным асяроддзі недастаткова толькі вуснай перадачы,  цяпер неабходны зусім іншыя механізмы папулярызацыі, напрыклад, выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі. Таму такія семінары вельмі карысныя і цікавыя. Яны дазваляюць сабраць разам унікальныя веды, уключаючы тэксты, атрыбутыку і паслядоўнасць дзеянняў, характэрныя менавіта для гэтага рэгіёна. Такая ўнікальная лакальная асаблівасць становіцца ўвогуле цікавай для культработнікаў Мінскай вобласці.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/40385-kopylshchina-prinyala-oblastnoj-seminar-praktikum-po-sokhraneniyu-kulturnogo-naslediya#sigProIde6de005ca0
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей