У ладзе і згодзе
Амаль 60 гадоў на кукавіцкай зямлі жыве сям’я Фалько. Ганна Аляксандраўна – ураджэнка гэтых мясцін, а Васіль Вячаслававіч – вялікараёўскі. Як яны заўважылі, калісьці былі самымі маладымі ў вёсцы, а цяпер могуць назваць сябе людзьмі самага паважанага ўзросту. Праўда, на лета вяртаецца на сваю малую радзіму найстарэйшы тутэйшы жыхар Надзея Мікалаеўна Занько, якой праз некалькі месяцаў споўніцца 99 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, бабуля штогод імкнецца прыехаць менавіта у родныя мясціны.
– Мала нас стала, – гаворыць сямейная пара. – Нават калі лічыць па каровах, якіх было тры гурты па 20 галоў, то зразумела, што людзей у нас жыло многа. Цяпер жа засталося пару чалавек, ды на дачны сезон прыязджаюць гараджане.
Нельга не адзначыць, што Фалько – сям’я паважаная сярод землякоў. Васіль Вячаслававіч – кавалер ордэна Працоўнай Славы, шмат гадоў працаваў вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы: і на ГАЗ-51, і на аўтобусе, і на «лятучцы», і на малакавозе. Пятнаццаць гадоў шчыраваў на жніве. За перадавую працу ў 1976 годзе і быў удастоены гэтай дзяржаўнай узнагароды.
– Цяпер на камбайне можна ў белай кашулі ездзіць: чысціня, кандыцыянер. Не тое, што раней: адной рукой руль круціш, а другой, як кажуць, слёзы выціраеш ад пылу і гарачыні, – расказвае мужчына.
Ганна Аляксандраўна шмат гадоў ўзначальвала комплексна-прыёмны пункт камбіната бытавога абслугоўвання ў Вялікай Раёўцы. Па адукацыі яна закройшчык, таму працаваць было проста. Слава пра мясцовых партніх ішла далёка. Не было адбою ад заказчыкаў з усяго раёна.
Сям’я Фалько выгадавала дваіх годных дзяцей. Дачка Ірына працуе ў галаўным упраўленні Беларусбанка, а сын Юрый – начальнік упраўлення ў Белаграсэрвісе, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Яны, а таксама ўнукі, частыя госці ў бацькоўскай хаце, асабліва ў летні час.
– Як жывецца вам тут, у Кукавічах? – пытаюся ў сваіх суразмоўцаў.
– Ведаеце, няблага, – адказваюць яны. – Знаходзім агульную мову і з Цімкавіцкім сельвыканкамам, і з мясцовым сельгасфіліялам. Бачна, што яны імкнуцца многае зрабіць для насельніцтва, асабліва па добраўпарадкаванні. Добрым словам хочам успомніць былую старшыню сельвыканкама Алену Острыкаву, і цяперашняя Наталія Прохарава ад яе не адстае. Шмат зрабіў для вяскоўцаў і былы дырэктар «Вялікай Раёўкі», дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Руднянскай выбарчай акрузе № 21 Іван Дамашэвіч, пакінуў пасля сябе добры след. Адзначым і гандлёвае абслугоўванне. Заўсёды своечасова да нас прывозіць тавары прадавец аўтамагазіна Дзяніс Варэйка, які не толькі прапануе, што лепш набыць, але і знойдзе для кожнага добрае слова.
Калісьці на падвор’і Фалько трымалі неблагую падсобную гаспадарку: карову з цяляткамі, па чацвёра свіней, птушку. Цяпер жа засталіся толькі куры ды кот. Надзел зямлі таксама быў немалы, на ім вырошчвалі бульбу, буракі, збожжавыя, касілі травы на сена. Зараз жа гаспадыня больш займаецца кветкамі і эстэтычным афармленнем участка. Нездарма некалькі год запар іх сядзіба прызнавалася пераможцай у раённым конкурсе «Лепшае ветэранскае падвор’е».
Гістарычная даведка
Кукавічы ўпершыню ўпамі-наюцца ў ХV ст. У 1492 годзе сяло ў складзе маёнтка Нясвіж, шляхецкая ўласнасць. У 1579 годзе маёнтак, уласнасць Маклокаў, прададзены Міхалу Радзівілу. У 1775 годзе маёнтак Кукавічы перайшоў ва ўладанне сям’і Петразолінаў (на вясковых могілках захаваліся крыжы радавога пахавання).
На пачатку ХХ ст. вёска ў Пацейкаўскай воласці Слуцкага павета. У 1909 годзе 48 двароў, каля 260 жыхароў. У 1917 годзе 58 двароў, 333 жыхары. У канцы 1920-х гадоў утвораны калгас «Шлях Леніна», на пачатку 1930-х – «Памяць Леніна». У 2007 годзе 19 гаспадарак, 29 жыхароў, у складзе сельгасфіліяла «Вялікая Раёўка» ААТ «Крыніца». На дадзены момант зарэгістраваны восем жыхароў.
Гісторыка-культурнай каштоўнасцю вёскі з’яў-ляецца брацкая магіла савецкіх воінаў, якая знаходзіцца на могілках, у ёй пахаваны 125 воінаў, якія ў 1944 годзе памерлі ад ран у шпіталі (выбіта 25 прозвішчаў).
На могілках ёсць і помнік архітэктуры – рэшткі Крыжаўзвіжанскай царквы.
Знакамітыя землякі
У 1908 годзе ў гэтых мясцінах нарадзіўся Іпаліт Канановіч, дзяржаўны дзеяч, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Мінскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну.
У 1871 годзе ў Кукавічах нарадзіўся паэт і публіцыст Лявон Лобік, якога Максім Багдановіч вобразна назваў «паэтам-земляробам». Аўтар вершаваных апавяданняў «Залом у жыце» (1911), «Лекар-вядзьмар» і «Калядны вечар» (1912), якія вызначаюцца вострай сацыяльнай накіраванасцю, крытычным пафасам.
У красавіку 1930 года гэтыя мясціны далі свету беларускага кампазітара Міхаіла Шуміліна. У няпоўныя 30 гадоў таленавіты кампазітар напісаў шмат музычных варыяцый. Яшчэ пры яго жыцці былі вельмі папулярнымі сярод моладзі «Мінскі вальс», «Залатыя каласы», «Ой, мяцеліца», «Край мой любы».
Тут жа ў 1938 годзе нарадзіўся беларускі пісь-меннік Іван Канановіч. Аўтар кніг прозы «Заводскія світанні» (1978), «Белы чыгун» (1981), «Цёплы камень» (1985), «Асобая зона» (1991), «Чорныя цені» (2003), «Старыя званы» (2008).
У тэму
Меркаванне старшыні Цімкавіцкага сельвыканкама Наталіі Прохаравай:
– Згадзіцеся, калі на тэрыторыі сельсавета ажно 30 населеных пунктаў, а са штатных работнікаў толькі старшыня ды кіраўнік спраў, уся апора на старэйшын. Яны лепш за іншых ведаюць пра клопаты ўлады і турботы кожнага жыхара.
У Кукавічах менавіта такім памочнікам з’яўляецца Ганна Аляксандраўна Фалько, – дзеліцца Наталія Мікалаеўна. – Ветэран працы – надзейнае звяно паміж вяскоўцамі і сельвыканкамам, нераўнадушная да праблем аднавяскоўцаў, з энтузіязмам бярэцца за любую справу. Яна дапамагае вырашаць самыя надзённыя пытанні. Вось і жыхары вёскі Кукавічы па дапамогу звяртаюцца да старэйшыны. Пра клопаты і імкненні сваіх, хоць і нешматлікіх, землякоў ведае ўсё. Дапамагае ёй у гэтай грамадскай працы муж Васіль Вячаслававіч. Сям’я – актывісты, працаўнікі, якія вельмі адданыя малой радзіме. Думаю, што наша жыццё стала б больш простым, калі б такіх людзей было як мага болей.
Фота аўтара
і Дзіяны ТКАЧЭНКІ

Комментарии