– Акцыя не абмяжоўваецца адной тэматычнай сустрэчай, – адзначае Алена Пілат, дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі ім. А. Астрэйкі. – На працягу ўсяго часу яе правядзення ў бібліятэках арганізаваны спецыяльныя кніжныя выставы. На іх прадстаўлены не толькі класікі беларускай літаратуры, але і сучасныя аўтары, чые творы цікавяць і маладое пакаленне. Асобныя раздзелы прысвечаны краязнаўчай літаратуры, каб кожны мог паглыбіцца ў гісторыю і культуру роднага Капыльскага раёна.
Аднак, галоўнай «жывой» часткай акцыі сталі аглядныя экскурсы і гутаркі. Бібліятэкары праводзяць для наведвальнікаў – і дарослых, і дзяцей – цікавыя агляды прадстаўленых выставак, распавядаюць пра лёсы пісьменнікаў, чые кнігі стаяць на паліцах, чытаюць урыўкі з твораў. Атмасфера спрыяе непасрэднаму дыялогу: наведвальнікі дзеляцца ўласнымі любімымі радкамі, успамінаюць, якія творы вывучалі ў школе, просяць параіць, што пачытаць дома.
«Літаратурнае сузор’е Капыльшчыны»
Капыльская раённая бібліятэка імя А.Астрэйкі прапануе выставу-знаёмства «Чытаем роднае» і выставу «Капыльшчына літаратурная». Кожны ўдзельнік акцыі ў падарунак атрымлівае закладкі серыі «Літаратурнае сузор’е Капыльшчыны».
У рамках акцыі праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя юбілейным датам беларускіх пісьменнікаў, – удакладняе загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Таццяна Гняцько. – Так, бібліятэкары Капыльскай дзіцячай бібліятэкі правялі агляд творчасці «Святло дабрыні», прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння М.Пазнякова. У Браткаўскай сельскай бібліятэцы-клубе арганізавана выстава-сустрэча «Збіральнік залатога зерня слова» да 80-годдзя А.Марціновіча.
Моўна-літаратурны занятак
«Размаўляем і чытаем па-беларуску» – менавіта пад такім цёплым і натхняльным дэвізам бібліятэкары Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі правялі моўна-літаратурны занятак для вучняў 2–3 класаў Цімкавіцкай сярэдняй школы. Дзеці з задавальненнем віталіся па-беларуску, гулялі ў моўныя гульні, адгадвалі загадкі, чыталі ўслых і знаёміліся з вершамі беларускіх класікаў – Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча. Асабліва жывой атрымалася гульня «Пахвалі сябра», якая напоўніла сустрэчу шчырасцю і добрым настроем.
Такія заняткі дапамагаюць дзецям адчуць прыгажосць роднай мовы, развіваюць маўленне і любоў да кнігі.
Што нам засталася ад продкаў
– Акцыя «Чытаем і размаўляем на роднай мове» – гэта добрая нагода для кожнага жыхара Капыльшчыны адчуць асабістую сувязь з беларускім словам, адкрыць для сябе новыя імёны або з прыемнасцю зноў успомніць любімых беларускіх аўтараў, – рэзюмавала Таццяна Гняцько. – Бо родная мова – гэта не толькі звычка, гэта душа народа, якая захоўваецца на старонках кніг і ў штодзённай шчырай гутарцы. Прыходзьце ў бібліятэкі Капыльскага раёна, каб пачуць, убачыць і пагаварыць на мове, што нам засталася ад продкаў.
Фота з архіва бібліятэкі

Комментарии