Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Листая старые подшивки: о чем писала районная газета в новогодние праздники?

31.12.2025

Заўсёды цікава, як сустракалі Новы год нашы матулі, дзядулі, бабулі. Каб даведацца пра гэта, мы зазірнулі ў архіў рэдакцыі «СП» і пагарталі газеты. І шмат чаго цікавага знайшлі на іх старонках. Дзелімся з вамі.

Атмасфера даўніх часоў

Вось перад намі чатырохстаронкавы выпуск – маленькі гістарычны артэфакт, які беражліва захоўвае дух сваёй эпохі. Кожнае слова, кожная фатаграфія – адлюстраванне падзей той пары.

На першай старонцы нязменна красуюцца лозунгі з заклікамі: «З Новым годам, дарагія сябры!», «З вялікімі поспехамі!», «Са шчасцем!», «Са святам, таварышы!» – сведчанне аптымізму і веры ў светлую будучыню. Тут жа публікуюцца віншавальныя звароты выканкама, райсавета дэпутатаў працоўных, кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў. Іх шчырыя пажаданні гучаць урачыста і натхнёна, падкрэсліваючы важнасць свята для кожнага жыхара раёна.

Чытаючы старыя нумары раёнкі, здзіўляешся багаццю лексічнай спадчыны: мова артыкулаў простая і зразумелая. Асаблівай увагі заслугоўваюць мастацкія ілюстрацыі, створаныя таленавітымі мастакамі тых гадоў. Без сучасных тэхналогій і графічных рэдактараў майстры ўвасаблялі сваё бачанне свету на паперы. Фотаздымкі простых рабочых, сцэны працоўных будняў і радасных момантаў сямейнага жыцця перадаюць цяпло і ўтульнасць паўсядзённага жыцця савецкай правінцыі.

Чорна-белыя здымкі, зроб-леныя на плёнку, выклікаюць пачуццё настальгіі. Фатаграфіі масавых мерапрыемстваў, партрэты перадавікоў вытворчасці, кадры кірмашоў і прыгажосці горада – усё гэта стварае жывы вобраз часу, напоўненага надзеямі і марамі.

1946 год: надзеі на будучыню

Артыкул, які падводзіць вынікі 1945 года, быў апублікаваны ў навагоднім выпуску газеты, тады яшчэ «Калгасніка Капыльшчыны» за 1 студзеня 1946 года. «Савецкі народ перажывае 1945 год – год, напоўнены сусветна-гістарычнымі падзеямі, і ўпэўнена ўступае ў новы, 1946 год. Перажываючы 1944 год, мы ускладвалі надзею на 1945, што ён будзе гістарычным, што ён прынясе поўную перамогу над цёмнымі сіламі фашысцкай агрэсіі. І нашы надзеі збыліся: 1945 год адказаў за 1941. Ад мяча загінуў той, хто з мячом прыйшоў на нашу зямлю…

Але галоўная работа яшчэ ўперадзе. У наступныя пяць год неабходна поўнасцю залячыць раны, нанесеныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі, давесці ўзровень развіцця народнай гаспадаркі вышэй, чым ён быў да вайны. Значных поспехаў у аднаўленні  народнай гаспадаркі дабіліся працоўныя нашага  раёна. У мінулым го-дзе на Капыльшчыне зарадзіўся выдатны рух трактарыстаў-тысячнікаў, які распаўсюдзіўся на ўсю рэспубліку…

Навагодняе свята  – 1 сту-дзеня  супадае з гадавінай існавання Беларускай савецкай дзяржавы. 27 год назад беларусы ўпершыню атрымалі сваю дзяржаўную самастойнасць – была створана БССР. Будучы ўпэўненым за сваё шчаслівае будучае, цвёрдаю нагой уступае беларускі народ у новы, 1946 год, які, безумоўна, прынясе  яму новыя поспехі ў справе залечвання цяжкіх ран вайны».

1966 год: «З вялікімі поспехамі!»

У замалёўцы на першай старонцы гаворыцца: «Бывай слаўны, працоўны 1965-ы!  У кожнага з нас з ім звязаны нейкія асабістыя радасці, памятныя падзеі. Азірнёмся ж на пражыты год, прыгадаем яго волатаўскі поступ і мы, працоўныя раёна. Ён быў на нашай Капыльшчыне, як дбайны гаспадар, руплівы працаўнік сельскагаспадарчай вытворчасці. Калгасы і саўгасы раёна паспяхова выканалі планы продажу дзяржаве мяса, малака, збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў. Буйным зернем напоўнены засекі калгасаў «Піянер», імя Ціміразева, «Гвардзеец», імя Ульянава, саўгаса «Доктаравічы». З вялікім працоўным энту-зіазмам папрацавалі жывёлаводы племзавода імя Дзяржынскага, калгасаў «Семежава», «Піянер» і многіх, многіх іншых гаспадарак».

1976 год: «Навагодняя – рэкордная»

Дасягненні працоўных капылян у навагоднюю ноч знайшлі адлюстраванне на старонках газеты ў рубрыцы «Дзённік прадзедаўскага спаборніцтва»: «Як толькі бой Крамлёўскіх курантаў абвясціў аб пачатку новага года, на працоўную вахту заступіла змена хлебапёкаў майстра капыльскай хлебапекарні Софіі Майсееўны Рыбак. Першыя восем гадзін новага года змена азнаменавала ўдарнай працай і дабілася высокай выпрацоўкі. Было выпечана 4700 кг чорнага хлеба і 210 кг белага, у той час, як сярэдняя выпрацоўка змен складала раней 4–4,5 тоны.

У навагодні дзень першага студзеня на Цімкавіцкую чыгуначную станцыю з розных куткоў краіны прыбывалі вагоны і платформы з грузамі для працаўнікоў Капыльшчыны. Два вагоны драўляна-стружачных пліт атрымалі мэбельшчыкі завода гумава-тэхнічных вырабаў. Запасы будаўнічых матэрыялаў папоўніць завод ЖБІ, якому прыбыло   чатыры  вагоны    цэменту.  10 вагонаў торфабрыкету створаць рэзерв паліва для Капыльскага гартопа. Механізатары парадуюцца новымі сельгасмашынамі, якіх за два дні прыбыло два вагоны».

1986 год: «Дзякуй вам, нашы памочнікі!»

У навагоднім нумары сустракаем наступную навіну: «Напярэдадні Новага года  падведзены вынікі сацыялістычнага спаборніцтва пазаштатных карэспандэнтаў і рабселькораў. Самым актыўным прысуджаны грашовыя прэміі. У ліку ўзнагароджаных пазаштатныя карэспандэнты: У.В. Аляшкевіч – загадчык кабінета палітасветы РК КПБ, Таццяна Маліноўская – студэнтка факультэта журналістыкі БДУ, У.М. Калацкі – пенсіянер, загадчык прыёмнай рэдакцыі ў Цімкавіцкім сельсавеце, А.А. Кандыбовіч – персанальны пенсіянер, загадчык прыёмнай рэдакцыі ў Слабада-Кучынскім сельсавеце, І.М. Холад – настаўнік Чырвонадуброўскай СШ і інш.

Калектыў рэдакцыі райгазеты шчыра дзякуе сваім актыўным памочнікам, усім чытачам, хто сваімі допісамі абагачае змест раёнкі, сардэчна віншуе з Новым годам, жадае ўсяго самага найлепшага».

У Новы год – разам

З году ў год прыходзіць Новы год у кожны дом, захоўваючы сямейныя традыцыі і грэючы сэрцы цёплымі ўспамінамі. Перагортваючы архіўныя старонкі нашай любімай газеты, можна ўбачыць прыгожыя здымкі зімовага горада, усмешлівыя твары землякоў і дзіцячыя фотаздымкі ўдзельнікаў святочных ранішнікаў, пасталеўшых чытачоў...

Газета ідзе поплеч з вамі вось ужо цэлых 95 гадоў! За гэты час не аднойчы мянялася назва, але цяпер нашы падпісчыкі атрымліваюць свежыя навіны не толькі традыцыйным спосабам – старонка ў руках, але і імгненна знаёмяцца з навінамі на нашым сайце і ў сацыяльных сетках. Мы пашырылі гарызонты, ствараючы відэакантэнт і менавіта дзякуючы вашай падтрымцы працягваем упэўнена рухацца наперад! Заставайцеся з намі і ў новым 2026 годзе!

Р.S. Тагачасны стыль і арфаграфія тэкстаў захаваны.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/39742-listaya-starye-podshivki-o-chem-pisala-rajonnaya-gazeta-v-novogodnie-prazdniki#sigProIdca9f41dcd3
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей