Дзяцінства будучай пісьменніцы прайшло ў беларускім асяроддзі. Менавіта тут, у вёсцы Чыжэвічы, з малых гадоў Міхаліна Даманская праз песні і паданні, пачутыя ад простых сялян, далучылася да беларускай народнай творчасці, якая з часам стала асновай многіх яе твораў.
Страчаная спадчына: Чыжэвічы
Вёска Чыжэвічы ў 1820 г. стала ўласнасцю роду Даманскіх. Па спадчыне маёнтак перайшоў Міхаілу Даманскаму, потым яго сыну Адаму (1831–1891 гг.). Апошнімі ўладальнікамі з’яўляліся дочкі Адама: Міхаліна, Яніна, Ванда.
Міхаліна была старэйшай дачкой Адама, і менавіта з ёй звязваюць маёнтак у Чыжэвічах. Дом быў размешчаны ў жывапісным месцы. Выдзяляўся высокадэкаратыўнай уязной алеяй, якая стала ў далейшым асноўнай дарогай вёскі. У рабоце польскага гісторыка Рамана Афтаназі ёсць звесткі аб унутранай планіроўцы дома ў Чыжэвічах. У правым крыле былі размешчаны бальная зала, салон, сталовая і кабінет, у левым – жылыя і гасцявыя пакоі. Мэб-ля дома была ў стылі ампір, па ўзору мэблі каралеўскай залы ў Дрэздане. У сталовай было змешчана распісное пано з паляўнічымі сцэнамі і пладамі (работа самой Міхаліны Даманскай). У кабінеце віселі 12 сямейных партрэтаў, з якіх найбольш старыя датаваліся канцом XVIII ст.
Была бібліятэка, якая налічвала каля 1500 тамоў, у асноўным кнігі XVII–XVIII стст. Бібліятэка збіралася Міхаілам Даманскім і яго жонкай Гарваттай. У маёнтку таксама была вялікая калекцыя ўрэчскага шкла, французскага фарфору і срэбнага посуду. Дом у маёнтку згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1958 г. будынак быў адрамантаваны, выкла-дзены карніз, пастаўлены двухсхільны дах (быў чатырохсхільны), зменены аконныя праёмы на фасадзе, але не былі ўзноўлены ганачкі.
Творчы рахунак Даманскай…
І хаця ў асноўным усё жыццё пісьменніцы прайшло ў Варшаве, тэма, звязаная з месцам нараджэння, часта прасочваецца ў яе творах. Пяру Міхаліны Даманскай належыць шмат кніг. Гэта найперш аповесці «Непрыгожая», «Арліцкі», «Ціхая сіла», «Ззянне», «Смерць Яна Ходара», «Званы», «Праўдзівыя гісторыі», «Аб невядомых героях» і многія іншыя, што закранаюць розныя аспекты рэчаіснасці.
Не абыходзіла Даманская сваёй увагай і мінуўшчыну. Звярталася да падзей, сведкай якіх была сама. У 1872 г. у Чыжэвічах быў пабудаваны філіял метэастанцыі Якава Атонава Наркевіча-Ёдкі. У 1890–1891 гг. Міхаліна Даманская праводзіла назіранні над снежным покрывам. Яна атрымала добрую адукацыю і наведвала ў якасці вольнай слухачкі Ягелонскі ўніверсітэт у 1900 г. Менавіта тады яна атрымала прэмію бібліятэкі «Спраў абраных» за аповесць «Сорамна». Міхаліна цікавілася і тэхнікай. У маёнтку Чыжэвічы быў лакаматыў. На адной з захаваных фатаграфій сярод мужчын ля лакаматыва можна ўбачыць маладую дзяўчыну ў капялюшыку з кароткімі палямі і доўгай сукенцы. Гэта Міхаліна. Муж Міхаліны раптоўна памёр у 1919 г., і з’язджае ў Варшаву. Менавіта там публікуе кнігу «Эдвард Вайніловіч. Успаміны», у якой нямала «беларускіх старонак», а таксама «капыльскіх», бо, як вядома, Э. Вайніловіч валодаў некалькімі маёнткамі на тэрыторыі Капыльскага раёна.
Творы Міхаліны Даманскай напісаны па-польску. Застаецца толькі спадзявацца, што з цягам часу вядомыя творы нашай зямлячкі будуць перакладзены на беларускую мову. Дарэчы, сама Даманская плённа займалася і перакладчыцкай дзейнасцю, перакладала як з французскай мовы, так і на французскую. Напрыклад, дзякуючы ёй па-французску загучалі асобныя творы Элізы Ажэшкі і Генрыка Сянкевіча.
Міхаліна Даманская займалася і актыўнай грамадскай дзейнасцю. Прымала ўдзел у рабоце таварыства «Асвета». Яна тайна адкрывала школы, у якіх вучыліся дзеці сялян.
… і жаночая доля
Жаночая доля Міхаліны склалася няпроста. Пісьменніца двойчы была замужам. Першы раз за Аляксандрам Шведам, другі – за Радванам Фядушкам. Напрыканцы жыцця Даманская цяжка хварэла. Памерла ў Варшаве 18 сакавіка 1936 г.
Сувязь абарвалася…
Пра Міхаліну мы ведаем, а вось пра яе сястру Ванду расказаў яе сын Адам Катвіцкі, які ў 1992 годзе прыязджаў з Варшавы ў Капыль, каб дакрануцца да зямлі, на якой ён нарадзіўся. Яму хацелася ўбачыць маёнткі ў Чыжэвічах, Савічах, Клярымонтах, Пузаве…
Вайна і эміграцыя ўладальнікаў сядзібы ў Чыжэвічах прывялі да страты яе каштоўнасцей. У сямейным альбоме Адама Катвіцкага-Даманскага ў Варшаве захоўваўся бясцэнны матэрыял па гісторыі нашай капыльскай зямлі: фатаграфіі ўнутранай пабудовы касцёла ў Капылі, падзей Першай сусветнай вайны на плошчы ў Капылі, сядзіб; дакументы і кнігі Міхаліны Даманскай і г.д. Ад’язджаючы, ён абяцаў пераслаць матэрыял у Капыль. Першая пасылка прыйшла, на гэтым сувязь абарвалася. Аднак аўру мінулага захоўваюць фрагменты парку, сада, чалавечая памяць і, вядома ж, кнігі Міхаліны Даманскай.
Фота Капыльскага раённага краязнаўчага музея

Комментарии