Любоў да слова, роднай мовы прывяла мяне спачатку на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, пасля заканчэння якога давялося непрацяглы час папрацаваць у школе, затым у маладзёжнай арганізацыі. Але недзе ў глыбіні душы заставалася цяга да работы са словам.
Любоў да радыё ў мяне, можна сказаць, з самага дзяцінства. Памятаю, як яшчэ ў школьныя гады любіў слухаць праграмы беларускага радыё, якія трансліраваліся па правадной сетцы. Быў неаднаразовым удзельнікам і пераможцам літаратурнай радыёвіктарыны «Адгадай, адкуль гэта?», за што атрымліваў прызы – кнігі з подпісам вядучага, вялікага знаўцы беларускай мовы Уладзіміра Юрэвіча. Пазней былі «Рамантыкі» – перадача для дзяцей і юнацтва, якую вяла наша зямлячка, пісьменніца Людміла Дрожжа з Рымашоў. Яе чароўны голас і манера данесці інфармацыю да слухача проста заварожвалі. Заўсёды з цікавасцю чакаў і праграм Капыльскага раённага радыё. Дарэчы, гісторыя мясцовага радыёвяшчання даволі сціплая, але яна цесна пераплялася з лёсам раённай газеты. На вялікі жаль, не захаваліся ўсе прозвішчы работнікаў радыё. Вядома толькі, што пасля вайны перадачы вёў былы партызан Аляксандр Паўлавіч Бохан. Ён знаходзіўся тады ў штаце работнікаў колішняга райкама партыі. У розныя гады працавалі на радыё Алена Кандыбовіч, Валянціна Паўлюшчык, Усевалад Гурыновіч, Тамара Пратасевіч, Аляксандр Паўлаў. Здаецца, зусім нядаўна з радыёкропкі даносіліся галасы Рыгора Швеца, Тамары Корзун, Марыі Шэінай, Таццяны Бурак, Мікалая Лосіка…
На памяць прыходзіць адзін эпізод. Апошні званок у Пацейкаўскай СШ. Разам з ганаровымі гасцямі з раёна прыехала рабіць радыёрэпартаж журналіст Марыя Шэіна. Як зараз бачу: Марыя Уладзіміраўна з вялікім рэпарцёрам і мікрафонам робіць запіс, потым бярэ інтэрв’ю ў выпускнікоў, настаўнікаў, бацькоў. А як цікава было пачуць усё гэта потым у эфіры! На той час здавалася, што ўсе гэтыя людзі, якія працуюць на радыё ці тэлебачанні, нейкія недасягальныя, незямныя. І вось мне пашчасціла быць побач з імі. Не ўсё атрымлівалася, але слушныя, мудрыя парады калег, прафесіяналаў дапамагаюць зацвердзіцца ў журналістыцы.
Працаваць на Капыльскім раённым радыё пачынаў з дыктара, пазней быў прызначаны на пасаду загадчыка аддзела радыё і інфармацыі. Разам з намеснікам галоўнага рэдактара (па сумяшчальніцтве дыктарам) Маргарытай Саковіч мы расказвалі пра жыццё раёна, знаёмілі з яго жыхарамі. На жаль, адышло ў нябыт правадное радыё. Яму на змену прыйшлі новыя тэхналогіі. Мясцовае радыёвяшчанне выходзіла на FM-хвалях. Нас чулі не толькі на Капыльшчыне, але і ў суседніх раёнах. Старыя «бабіннікі» і іншая гуказапісная апаратура была заменена на сучасную камп’ютарную тэхніку і дыктафоны. Але і гэта ўжо ў мінулым…
Памятаю тыя бяссонныя неспакойныя ночы, калі баяўся праспаць, бо ў 6.25 трэба было на вузле электрасувязі выпусціць праграму ў эфір. Некаторы перыяд мясцовае радыёвяшчанне выходзіла і па суботах. Калі ўсе ў выхадны дзень яшчэ адпачывалі, мне даводзілася да 8 раніцы трапіць у рэдакцыю, каб слухачы своечасова пачулі мясцовыя навіны.
Вялікім попытам у той час карысталіся «Віншавальныя паштоўкі». Для многіх было вялікай радасцю перадаць у адрас роднага ці блізкага чалавека цёплыя словы і любімую песню. Дарэчы, самай папулярнай была песня «Домик окнами в сад».
А яшчэ раённае радыё – гэта магчымасць сустрэцца з вядомымі людзьмі. Быў акрэдытаваны для асвятлення візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Цімкавічы, удзельнічаў у прэс-канферэнцыях кіраўніка дзяржавы. Працаваў і з памочнікам Прэзідэнта па Мінскай вобласці Уладзімірам Сіняковым. Вядома ж, былі інтэрв’ю з шэрагам міністраў, дэпутатаў парламента і прадстаўнікоў розных ведамстваў. Успомніўся прыезд у Капыль пасла ФРГ у Беларусі Хорста Вінкельмана, якога зацікавіў прынцып работы праваднога радыё (у Германіі было толькі эфірнае вяшчанне).
Засталіся ў памяці і гутаркі з беларускімі спевакамі. Надзея Мікуліч, Ірына Дарафеева, Георгій Калдун, ансамблі «Бяседа», «Свята» і многія іншыя. Самае ганаровае знаёмства адбылося з Аляксандрам Саладухам, з якім праведзена не адно інтэрв’ю.
Словам, радыё стала незабыўнай старонкай маёй біяграфіі. Крыху сумна было з ім развітвацца. Але жыццё працягваецца. І галоўнае – успаміны засталіся. Толькі добрыя.
Цікава
Разам з супрацоўнікамі рэдакцыі ўпраўленне сельскай гаспадаркі, народнага кантролю і іншых арганізацый выязджалі на раён, дзе «нараджаліся» рэпартажы, інтэрв’ю.
Фота з архіва «СП»

Комментарии