– Гісторыя старадаўняга промыслу ў Семежаве бярэ свой пачатак у XVI стагоддзі, калі князь Радзівіл перасяліў сюды рамеснікаў, сярод якіх пераважалі майстры ткацтва і вышыўкі. Перасяленне адбывалася на асаблівых умовах – майстры вызваляліся ад паншчыны, што дазваляла ім займацца сваёй справай свабодна. Яны выраблялі вопратку, частку якой перадавалі князю, а лішкі прадавалі. У рамеснікаў таго часу быў асаблівы статус, які пераўзыходзіў становішча іншых жыхароў, – расказаў старэйшына аграгарадка Уладзімір Выскварка.
Былы дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, кіраўнік народнага калектыву народнай творчасці «Скарбонка» РЦК Галіна Гурло ўспомнілі, як ствараўся цэнтр ткацтва, якая вялікая работа была зроблена па зборы матэрыялаў для стварэння экспазіцыі.
Нагадаем, што раённы цэнтр ткацтва адкрылі ў верасні 2005 года пасля рамонту будынка былога школьнага музея. Аднавілі музейную экспазіцыю, сабралі рэчы сялянскага побыту, а таксама ўсё, што адносілася і з чым была звязана ткацкая справа ў Семежаве. Шмат таленавітых людзей нарадзілася на капыльскай зямлі. Сярод іх былі і майстры, якія займаліся ткацтвам і вышыўкай. Месцамі народнай творчасці акрамя Семежава з’яўляліся таксама вёскі Макраны, Лешня, Кіявічы, Ванелевічы, Праснакі і іншыя.
Сёння захоўвае і папулярызуе найстаражытнае рамяство загадчыца РЦТ Таццяна Волкава. У свой час яна стала самым маладым народным майстрам Беларусі па ткацтве: званне атрымала ва ўзросце 33 гадоў.
– Тэхніка закладнога ткацтва семежаўскіх ткачых адрозніваецца ад звычайнай тым, што палатно тчэцца матрушкамі – наматанымі ніткамі менавіта бела-чырвонага колеру. А сама тканіна ў шахі – ромбікі, квадрацікі. Гэта далікатная і вельмі павольная справа патрабуе неймавернага цярпення і ўседлівасці. Тканыя рэчы не выкарыстоўваліся ў паўсядзённым жыцці, а толькі на свята гаспадыні даставалі іх са сваіх куфэркаў і ўпрыгожвалі дом. Існуе да 20 узораў элементаў: «шурпа», «малаты», «дзяды», «лупач», «бярозавы лісток», «каціная лапка», «п’яўка», «чырвоная зорка» і г.д. Ствараць такі цуд прыходзіцца тыдні два, а то і больш. У Семежаве, дарэчы, усе пажылыя жанчыны ўмеюць ткаць: ад маці ды бабуль навучыліся. Гэта менавіта яны падтрымліваюць традыцыі незвычайнага рамяства, перадаюць вопыт маладым. А значыць, будзе жыць і справа семежаўскіх умеліц. Гэта нашы традыцыі, адметнасці, якімі мы ганарымся, адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў, – падкрэсліла Таццяна Мікалаеўна.
Традыцыя закладнога ткацтва семежаўскіх чырвона-белых ручнікоў уключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Каб не страціць былое, навыкі майстэрства ткацтва перадаюцца юным прыхільнікам народнага мастацтва – навучэнцам «Школы ткачоў», якая на базе цэнтра была створана ў 2010 годзе ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Вучні абавязкова ўдзельнічаюць у розных народных святах і фестывалях, дзе выстаўляюць на продаж сваю прадукцыю. Аб магчымасці займацца ткацкай справай на свяце расказалі самыя юныя ўдзельнікі школы.
Старшыня Беларускага союза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута зрабіў акцэнт на Семежаве:
– Раённы цэнтр ткацтва – гэта брэнд не толькі Семежава, Капыльшчыны і Міншчыны, а ўвогуле Беларусі. Гэта цудоўны асяродак народнага мастацкага тэкстылю, дзе ёсць традыцыйныя і сучасныя работы. Сюды можна завесці любога замежнага госця, а яны вельмі цэняць нашу культуру. Асаблівая цікавасць узнікае тады, калі тут працуюць гурткоўцы «Школы ткачоў» пад пільным наглядам шаноўных майстрых.
А якое ж свята без падарункаў? Яўген Сахута перадаў Таццяне Волкавай ручнік, які раней атрымаў у падарунак ад майстрыхі па ткацтве з вёскі Кіявічы.
– Гэты ручнік з’яўляецца тыповым для дадзенай мясцовасці. Хоць ён захоўваўся ў маім куфры, але лічу важным, каб такая рэліквія заставалася менавіта на радзіме, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч.
Да прысутных звярнуліся намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч, а старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна зачытала віншавальны адрас землякам ад доктара медыцынскіх навук, прафесара Міхаіла Рымжы. Добры настрой майстрам народнай творчасці і ганаровым гасцям у гэты дзень дарылі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры.
Фота аўтара і Дзіяны ТКАЧЭНКІ

Комментарии