– Сёння «Спадчына» – гэта сфармі-раваны калектыў аднадумцаў, якія разумеюць ролю народнага мастацтва ў культурным развіцці нашага грамадства, яго высокай місіі ў захаванні гістарычных каранёў, у выхаванні нацыянальнай свядомасці. Яны прыходзяць у свой вольны час на рэпетыцыі, выступаюць на розных канцэртных пляцоўках і з задавальненнем спяваюць беларускія народныя песні, аддаючы часцінку сваёй творчай душы гледачам. За доўгія гады свайго існавання ў ім выступалі многія адораныя людзі, чые таленты значна садзейнічалі развіццю калектыву. Менавіта таму было прынята рашэнне аб’яднаць усіх – і ранейшых удзельнікаў, і самадзейных аўтараў, і ганаровых гасцей, каб прадставіць гледачам незабыўны канцэрт, – адзначыла мастацкі кіраўнік Валянціна Зарамбоўская.
Атмасфера свята адчувалася з першых хвілін канцэрта, і значную ролю ў стварэнні настрою адыграла яго вядучая Людміла Давідоўская. Сярод ганаровых гасцей прысутнічала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч. Яна сардэчна павіншавала юбіляраў і ўручыла Ганаровыя граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціне Зарамбоўскай, Наталлі Фінке, Юліі Наўмовіч, Алене Дзямідчык. Падзячныя лісты ад дырэктара Капыльскага РЦК Ганны Кільчэўскай былі ўручаны і іншым удзельнікам калектыву – Іне Місючэнка, Генадзю Кісламу, Яраславу Грыбку, Леаніду Матусу, Вераніцы Зянько і Антону Шышмарову.
Сваіх сяброў павіншавалі народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі» пад кіраўніцтвам Любові Галубовіч, артыст РЦК Вячаслаў Курчык, удзельнік першага складу калектыву Аляксандр Анціпаў, акардэаніст Аляксандр Карповіч, выхаванцы малодшай групы вакальнага ансамбля «Радуга» гімназіі № 1 г. Капыля, Юлія Наўмовіч з дачушкай Аляксандрай і мамай Ядвігай Карпучок, а таксама самадзейны паэт Мікалай Майсюк і кампазітар Ірына Аўсюк. Дарэчы, менавіта ў цесным супрацоўніцтве Майсюка і Аўсюк нарадзілася цудоўная песня «Пакуль вёсачка жыве».
Шмат выхаванцаў ансамбля звязалі свой лёс з мастацкай творчасцю, сталі сапраўднымі прафесіяналамі ў гэтай галіне, выкладчыкамі па вакале, кіраўнікамі калектываў народнай творчасці: Вераніка Берднік, Наталля Каспяровіч, Дзмітрый Жук, Яна Мароз, Іван Філіпенка, Людміла Гладкая. Віншавальны падарунак ад паплечнікаў адрасавала Вераніка Берднік.
Дзякуючы спагадлівасці жыхароў Капыля і гасцей творчага вечара мерапрыемства атрымалася яркім і цікавым. Артысты ансамбля выканалі народныя песні, падзяліліся ўспамінамі аб гісторыі стварэння калектыву, свабодна размаўляючы адзін з адным і з гледачамі.
Фота аўтара

Комментарии