Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

"Сладкий" сезон: как в Тимковичах свеклу принимают

16.10.2025

У апошнія восеньскія месяцы, калі ўраджай большасці сельскагаспадарчых культур сабраны, асноўныя намаганні земляробаў сканцэнтраваны на ўборцы цукровых буракоў.

Пад’язджаючы да Цімкавіцкага буракапрыёмнага пункта, мы ўбачылі ўнушальную чаргу з магутных аўтамабіляў, загружаных салодкімі караняплодамі. У гэты ранні час (а было дзесьці а палове дзявятай) на ўсю моц кіпела работа на нарыхтоўчым прадпрыемстве, якое з’яўляецца своеасаблівым пасрэднікам паміж вытворцамі салодкіх караняплодаў і перапрацоўшчыкам – Слуцкім цукроварафінадным камбінатам.

Як і дамаўляліся, сустрэў нас начальнік буракапрыёмнага пункта Дзмітрый Пешкур. Па ўсім было відаць, што настрой у яго добры. Чаму ж не радавацца, калі справы ідуць належным чынам: толькі паспявай машыны разгружаць ды вагоны на Слуцк адпраўляць. Па словах Дзмітрыя Аляксандравіча, стаіць задача прыняць звыш 90 тысяч тон сыравіны. І праблем з выкананнем задання не павінна ўзнікнуць: буракі выраслі нядрэнныя, а ўтрыманне цукру ў іх у сярэднім 17,43 %, што на адзін працэнт вышэй за базісную норму. На момант нашага наведвання было ўжо прынята звыш 40 тысяч тон.

Вялікагрузы імчаць у Цімкавічы з гаспадарак Капыльскага і Уздзенскага раёнаў. Цікавімся, хто ж найбольш паставіў салодкіх каранёў. У ліку лідараў Дзмітрый Пешкур назваў ААТ «Старыца-Агра», на рахунку аграрыяў якога звыш шасці тысяч тон.

Дарэчы, графік работы на пункце вар’іруецца ў залежнасці ад сітуацыі. Караняплоды складзіруюцца на захаванне, некаторыя партыі адразу адпраўляюцца перапрацоўшчыку. Калі паток машын з гаспадарак вялікі, калектыў выходзіць і ў выхадныя, часам працоўны дзень павялічваецца. За змену ў сярэднім разгружаецца каля 35 машын, аднак бывае і больш.

Каб працэс ішоў рытмічна, нарыхтоўшчыкі старанна рыхтаваліся да сезона: праводзілі неабходныя рамонтныя работы, абслугоўвалі тэхніку. Штодня працуюць чатыры буртаўкладачныя машыны (БУМы), тры франтальныя пагрузчыкі «Амкадор».

Першымі аўтамашыны пры ўездзе на тэрыторыю буракапрыёмнага пункта сустракаюць на вагавой Валянціна Янкіна і Галіна Барэйша, у залежнасці ад якасці прадукцыі транспарт накіроўваецца да вызначанага бурта – самыя моцныя і якасныя караняплоды выгружаюцца ў насыпы, так званыя кагаты, якія могуць чакаць запатрабаванасці ад перапрацоўшчыка працяглы час (аж да новага года).

Далей транспартныя адзінкі здатчыкаў праходзяць больш пільны кантроль у лабараторыі, дзе аператар Юлія Філіпава і лабарант Фаіна Кашперка бяруць пробы і ў лічбавым выглядзе ўстанаўліваюць узровень іх забруджанасці.

Пастаянны штат Цімкавіцкага буракапрыёмнага пункта – дзесяць чалавек. Аднак у перыяд масавай прыёмкі ўраджаю ён вырастае да васямнаццаці, папаўняючыся сезоннымі працаўнікамі. Сёмы сезон шчыруе на БУМе Аляксандр Янкін, а Сяргей Салянка ў наступным годзе будзе адлічваць дваццатую нарыхтоўку. Па меры неабходнасці механізатары могуць быць машыністамі БУМа ці кіраваць пагрузчыкам. Узаемазаменнасць у гэтым невялікім і дружным калектыве стопрацэнтная.

– Наогул мы не дзелім калектыў на часовых і пастаянных, – сцвярджае Дзмітрый Пешкур. – Усе – нашы людзі, і кожны працуе з поўнай аддачай на даручаным яму ўчастку. Што, адпаведна, дае магчымасць падраздзяленню паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Як бачым, тыя, хто мае дачыненне да вырошчвання салодкай сыравіны, цяпер спадзяюцца, у першую чаргу, на спрыяльнае надвор’е, каб без страт і ў кандыцыйным выглядзе прыбраць усё да апошняга кораня і тым самым забяспечыць бесперабойную работу цукровага завода і адмысловым па якасці цукрам краіну.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/38673-sladkij-sezon-kak-v-timkovichakh-sveklu-prinimayut#sigProIdcba4a97ac7
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей