У рамках святкавання Дня горада ў гарадскім парку Слуцка адбылося маштабнае свята народных рамёстваў «Слуцкія паясы». Яно аб'яднала творчыя калектывы не толькі з Мінскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Мерапрыемства стала яркай падзеяй, якая прадэманстравала багацце і разнастайнасць народных традыцый.
Капыльшчыну на свяце прадставілі майстры народнага калектыва народнай творчасці «Скарбонка» Капыльскага раённага цэнтра культуры, якія былі задзейнічаны на трох пляцоўках. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягвалі выставы народнай творчасці «Суквецце талентаў» і «Беларускі пояс». Прынялі капыляне ўдзел і ў дэфіле «Традыцыйны касцюм свайго рэгіёна».
– Свята «Слуцкія паясы» падарыла гасцям магчымасць дакрануцца да традыцый беларускага рамяства, натхніцца творчасцю і адкрыць для сябе новыя таленты, – адзначыла кіраўнік народнага калектыва народнай творчасці «Скарбонка» РЦК Галіна Гурло. Такія падзеі ўмацоўваюць сувязь пакаленняў і спрыяюць захаванню нацыянальнай культуры. Прыемна, што па выніках свята капыльскія майстры атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ў вышэй пералічаных намінацыях.
Фота з архіва народнага калектыва
Комментарии