У гарачым рытме работы ў палях сельгаспрадпрыемстваў раёна не спыняюцца ні на дзень. Напрыклад, у ААТ «Скабін» паралельна з уборачнай кампаніяй вядзецца корманарыхтоўка, ворыва, набліжаецца да завяршэння агратэхнічны тэрмін і для сяўбы азімага рапсу.
У полі за в. Нізкавічы сеяў рапс Ігар Гарнастай на энерганасычаным трактары МТЗ-3522, які прыйшоў на дапамогу з ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс». Пасяўныя работы і новую тэхніку даверылі вопытнаму механізатару са шматгадовым стажам, які, па словах кіраўніцтва гаспадаркі, да работы адносіцца адказна і старанна.
– Трактар абсталяваны спадарожнікавым навігатарам і камп’ютарнай сістэмай, якая выстаўляе арыенціры, і гэта дапамагае пазбегнуць прасеваў, ды і ўсходы потым атрымліваюцца ідэальна роўныя, – гаворыць механізатар.
А камфорту ў кабіне дадае сістэма кандыцыяніравання, асабліва, калі жнівеньскія дні бываюць гарачыя, ды і не трэба дыхаць пылам, што ўзнімаецца слупам пасля праходжання сеялкі.
Як паведаміў галоўны аграном ААТ «Скабін» Андрэй Табала, пад азімы рапс у гаспадарцы адведзена 450 га. На полі, дзе вялася сяўба, рос яравы ячмень, які з’яўляецца добрым папярэднікам для рапсу. Тут выкананы перадпасяўныя работы: унесены мінеральныя ўгнаенні, праведзены ворыва і перадпасяўная падрыхтоўка глебы. Узорвае палеткі пад будучую сяўбу добра вядомы механізатар Андрэй Волкаў. Падчас сустрэчы пытаемся, чаму не пайшоў на камбайн.
– А хто ж, калі не я, араць будзе? – чуем у адказ. – Трэба ж і пра будучы ўраджай думаць.
Глебу на раней узараных плошчах рыхтуе таксама вопытны Дзяніс Барысавец. Работы праводзяць згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі – не раней чым за суткі да пачатку сяўбы рапсу, каб не згубіць неабходную для культуры вільгаць.
– Як і ў мінулым годзе, перавагу аддалі гібрыднаму насенню. Сяўбу азімага рапсу важна правесці ва ўстаноўленыя тэрміны, каб усходы былі дружнымі, да халадоў набраліся сіл і змаглі добра перазімаваць. Думаю, да 25 жніўня з сяўбой справімся, – адзначае Андрэй Іванавіч.
Сёлета ў «Скабіне» атрымалі 36 ц/га алейнай культуры. На наступны сезон у аграрыяў большыя спадзяванні, для гэтага яны гатовы прыкласці максімум намаганняў, галоўнае, каб толькі не падводзіла надвор’е.
– Рапс – адна з найбольш прыбытковых культур, якая дазваляе сельгасарганізацыям атрымаць неблагі грашовы прыбытак, а таксама забяспечыць жывёлагадоўлю карыснай крыніцай бялка, – адзначыў Андрэй Табала. – Каб вырасціць добры ўраджай, трэба вытрымліваць тэхналогію, бо культура гэта даволі патрабавальная для вырошчвання. Улічваючы спрыяльныя ўмовы надвор’я, калі дажджы намачылі глебу, вельмі важна не губляць час і максімальна эфектыўна выкарыстаць яго для правядзення пасяўных работ. Важкі ўраджай можна атрымаць, калі пасеяць рапс у аптымальныя тэрміны, рацыянальна і своечасова ўнесці неабходныя ўгнаенні. І самае важнае – своечасова правесці абарону культуры ад шкоднікаў і хвароб. Менавіта з гэтых фактараў і складаецца высокая ўраджайнасць алейнай культуры.
Фота аўтара
Комментарии