У ААТ «Капыльскае» паралельна са жнівом звозяць салому з палёў і рыхтуюць глебу пад ураджай-2026.
Збожжавы клін гаспадаркі сёлета – 3100 га. На сёння 40 працэнтаў плошчаў асвоена. Поўнасцю завяршылі ўборку азімага і яравога ячменю. Сярэдняя ўраджайнасць – 54 ц/га. Убраны азімы рапс, пад які сёлета адведзена 850 га, радуе і ўраджайнасць – 52,2 ц/га.
– На хлебнай ніве лёгка не бывае: свае ўмовы дыктуе надвор’е. Таму выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвіліну. Экіпажы, а іх у нас 13, працуюць у тэмпе і дасягаюць пастаўленых мэт. Зжаць якасна і без страт, захаваць ураджай – вось першачарговыя задачы, – гаворыць намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргей Мацюшэнка. – Вядома, надвор’е ўнесла свае карэктывы. Тэрміны ўборачнай зрушыліся на некалькі тыдняў. Але з года ў год задачы не мяняюцца. Наліў зерня адбываецца, не было засухі, ад якой пакутуюць збожжавыя. Агранамічным і тэхналагічным працэсам надаём належную ўвагу: своечасова ўносім угнаенні, праведзены падкормкі, праполкі, апрацоўкі ад шкоднікаў. Механізатары нашы малайцы, працуюць вельмі адказна, хвалююцца за ўраджай.
Пад’ём у пяць раніцы і праца амаль да самай ночы, калі ідзе самая гарачая пара. Аграрыі лічаць такі распарадак дня цалкам звыклым.
Такога складанага жніва механізатар з 19-гадовым стажам Віталь Лобан (неаднаразовы лідар мінулых гадоў) не ўзгадвае.
– Цяперашнія вясна і лета – выпрабаванне на трываласць для аграрыяў. Майскія замаразкі змяніліся зацяжнымі чэрвеньскімі дажджамі. Тым не менш прагнозы на ўраджай аптымістычныя, – адзначае ён. – Зараз, пасля азімага рапсу, прыступілі да азімай пшаніцы. Сёлета ў мяне новы памочнік Сяргей Гарашчэня, ужо намалацілі больш за тысячу тон, думаю, у далейшым усё будзе атрымлівацца не горш.
Свой камбайн Віталь рыхтуе да ўборачнай старанна – усё перабірае да апошняй гайкі. У сельскую гаспадарку яго прывяла любоў да тэхнікі і зямлі.
– Беларускія машыны – надзейныя, камфортныя. Працаваць адно задавальненне, – прадаўжае Віталь. – У полі з раніцы і да позняга вечара. Бывае, і да 12 ночы працуем. Я і мае калегі імкнёмся ўсе сілы аддаваць уборцы ўраджаю, каб было з чым зімаваць. Галоўнае – любіць тое, чым займаешся, тады і будзе вынік.
Побач працуе маладзёжны экіпаж у складзе Аляксандра Чаюка і Аляксея Крывецкага, гэта іх трэцяя ўборачная. Камбайнеры ўжо перасягнулі тысячную мяжу па намалоце.
– Па прафесіі я выратавальнік, працую ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, – расказаў памочнік Аляксей. – Лічу сваім доўгам падчас водпуску дапамагчы роднай гаспадарцы. Заканчваем уборку на адным полі, тут жа пераязджаем на суседняе. Камбайн у нас добры, працаваць на ім адно задавальненне. Абеды і ваду заўсёды прывозяць у поле, усё вельмі смачна, сытна. І заробкамі не крыўдзяць.
Ужо каля дзясятка сезонаў на камбайне шчыруе Генадзь Чапляеў. Сёлета ў памочнікі ён узяў сваю жонку Алену.
– Ведаеце, ніколькі не шкадую, што прапанаваў ёй працаваць разам, – дзеліцца камбайнер. – Алена даволі хутка ўвайшла ў курс справы. На ўборцы патрэбна кемлівасць і жаданне працаваць на вынік. Не паспаць, крыху раней устаць і зрабіць усё сумленна – вось галоўны сакрэт. Тады і дома добра будзе, і на душы спакойна. Працуем у гарачую пару шмат, але затое і атрымліваем добра. Працы нямала, адпачываць будзем зімой, зараз трэба сабраць хлеб, забяспечыць гаспадарку кармамі.
Чапляевы – сям’я шматдзетная. Алена зараз знаходзіцца ў так званым дэкрэтным водпуску. Цікавімся, каму ж даверыла сваё дзіцятка.
– У тым, каб я пайшла дапамагаць мужу і гаспадарцы, мяне падтрымалі мама і наша старэйшая дачушка, якой ужо 18 гадоў, – з гонарам адказала памочнік камбайнера.
Комментарии