Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Три неизвестных летчика: история одного памятника

06.07.2025

На беларускай зямлі шмат помнікаў, устаноўленых у гонар загінулых падчас Вялікай Айчыннай. Не выключэнне і Капыльшчына. Ёсць добра вядомыя, але ёсць і тыя, што захоўваюць свае таямніцы. Расказваем адну такую цікавую гісторыю.

Аспект жыццёвы…

Калі ехаць на Вясёлае, з правага боку ў полі бялее помнік. Нават адразу і не зразумееш, што гэта такое. Аднак мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, каму і калі яго ўстанавілі.

Каб патрапіць да помніка, трэба прайсці праз зялёнае мора збожжавых. Каласкі павольна расступаюцца, прапускаючы чалавека да пахавання. Хай прабачаюць аграрыі, аднак памяць павінна жыць і перадавацца нашчадкам.

І вось перад намі ён, той самы загадкавы абеліск. На белым трохярусным падмурку – шэрая пліта са сціплым надпісам: «Три неизвестных лётчика. Июнь 1941. Помним». І ўверсе – выява ордэна Вялікай Айчыннай вайны.

Каб даведацца, каму і калі ўстаноўлены помнік, звяртаемся да мясцовых краязнаўцаў: супрацоўніц Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі Ірыны Шкуцько і Браткаўскай сельскай бібліятэкі-клуба Валянціны Чакун. Жанчыны добра памятаюць тыя савецкія часы, калі на гэтым месцы праводзіліся мітынгі, а школьнікі разам з настаўнікамі Браткаўскай васьмігодкі прыносілі кветкі. Зараз за парадкам сочыць мясцовае сельгаспрадапрыемства – філіял «Руднае».

– Першыя дні вайны запомніліся жыхарам вёскі тым, што ў паветры над Дзягцянымі фашысцкія самалёты з чорнымі крыжамі на крылах дагналі невялікі савецкі самалёт, – расказвае Ірына Яўгеньеўна. – Гэта быў санітарны транспарт, які ляцеў з захаду, праз вёску Савічы, а на яго фюзеляжы віднеўся чырвоны крыж. Аднак гэты знак не спыніў забойцаў. Яны дагналі самалёт і збілі яго. Ён гарэў і падаў. А фашысты, выканаўшы сваю чорную задачу, паляцелі далей на ўсход. Упаў самалёт на ўскрайку вёскі Браткава.

Жыхары адразу кінуліся да месца падзення, але дапамагчы ўжо не было каму. Разам з тымі, хто думаў выратаваць авіятараў, былі і мая матуля з дзядзькам. Калі вяскоўцы прыбеглі да месца падзення, яны ўбачылі, як глыбока ўвайшоў у зямлю нос паветранага судна. Яго крылы былі паламаны, а хвост прыпадняты над зямлёй. Пасля таго, як патушылі полымя, убачылі астанкі некалькіх чалавек і ў прыгожай пальчатцы – жаночую руку. Побач ляжаў партсігар з запіскай унутры. Тут жа жыхар Дзягцяных Адам Бандарык знайшоў і нейкія дакументы. Аднак падчас ваеннага ліхалецця яны не захаваліся. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі, што ў самалёце было тры чалавекі, адна з іх – жанчына. На жаль, імёны тых, хто загінуў, устанавіць так і не ўдалося. Толькі казалі тады, што везлі яны з Брэста параненага палкоўніка. Людзі сабралі тое, што засталося ад экіпажа, і пахавалі ў яме, дзе быў самалёт. Нават і зараз захоўваецца лыжка, якую мой тата вырабіў з металу, што застаўся ад паветранага судна.

– Пасля вайны вучні і настаўнікі Браткаўскай васьмігодкі спрабавалі ўстанавіць імёны лётчыкаў, адпраўлялі запыты, – дапаўняе расказ Валянціна Іванаўна. – Але гісторыя так і засталася загадкавай. На месцы гібелі самалёта напрыканцы 40-х гадоў ХХ стагоддзя ўстанавілі помнік «Скорбящий воин», які пазней перанеслі да будынка сельскага Савета ў Браткаве. А на месцы гібелі застаўся памятны знак. Мы старанна захоўваем памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба над нашай краінай. І гэта зусім не высокія словы. Гэта тая рэальнасць, якая існуе.

…і філасофскі

Гледзячы на гэты помнік, чамусьці ў душы пастаянна гучалі словы з песні пра Алёшу: «Белеет ли в поле пороша, пороша, пороша. Белеет ли в поле пороша, Иль гулкие ливни шумят…» Магчыма, так спрацавала асацыятыўнае мышленне. Але калі паглыбіць і развіць гэтыя думкі, то разумееш: яны маюць пад сабой рацыю. Ёсць у песні і такія радкі: «Стоит над горою Алёша – в Болгарии русский солдат». Дзе цяпер тая Балгарыя, за вызваленне якой пралівалі сваю кроў савецкія воіны, у тым ліку і мой дзядуля? Захоўваюць балгары помнікі нашым салдатам ці разам з прагрэсіўнай Еўропай збаўляюцца ад гэтага напаміну? А мы, беларусы, робім усё магчымае, каб на нашай зямлі ў парадку заставаліся ўсе, нават і такія невялічкія, помнікі, каб нашы дзеці і ўнукі памяталі пра кожнага, хто аддаў сваё жыццё за свабоду, мір і незалежнасць. «Немало под страшною ношей легло безымянных парней», – так гучыць песня далей.

І, ідучы па тым полі да помніка, каб ускласці чырвоныя гваздзікі, задумалася: колькі ж іх, тых, хто знайшоў свой апошні прытулак, пра які не ведаюць родныя і блізкія і на якім не пазначаны імёны? Мужчын і жанчын, старых і маладых… Добра, што ёсць такія апантаныя краязнаўцы, якія на працягу ўсіх 80 гадоў беражліва захоўвалі і захоўваюць фотаздымкі, успаміны, а разам з імі – і памяць пра загінулых невядомых лётчыкаў.

Фота Аксаны МІХАЙЛОЎСКАЙ і з архіва Браткаўскай сельскай бібліятэкі-клуба


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/37615-tri-neizvestnykh-letchika-istoriya-odnogo-pamyatnika#sigProId39b8366bb6
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей