Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Рассказываем, как прошел фестиваль «Тимковичские вытоки»

22.06.2025

Літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі» ўжо чацвёрты год запар у аграгарадку Цімкавічы збірае гасцей на малой радзіме беларускага класіка Кузьмы Чорнага і прымеркавана было сёлета да яго 125-га дня нараджэння. Арганізатарамі фестывалю выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Капыльскі райвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Прысвячалася мерапрыемства і 80-годдзю Вялікай Перамогі.

Менавіта з ускладання вянкоў і кветак да помніка помніка героям-пагранічнікам і воінам, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад фашыстаў.  Невялікі мітынг, падчас якога словы маладога пакалення цімкаўлян гучалі як даніна павагі тым, хто не вярнуўся з той жудаснай вайны.

А вось  на тое месца, у невялікую вёсачку Жабчава, дзе некалі стаяла бацькоўская хата класіка, ушанаваць памяць прыехалі гімназісты з Капыля. Намеснік дырэктара гімназіі Валянціна Балажынская правяла экскурсію для дзяцей. Разам з ёй пра мінулае Чорнага расказаў і Сяргей Баран, чый дом знаходзіцца па суседстве. Памятны знак на гэтым месцы быў устаноўлены 25 гадоў таму, падчас святкавання 100-годдзя Кузьмы Чорнага

А ўвогуле яркі фэст, які пакрысе становіцца яшчэ адным культурным брэндам раёна, сабраў нямала прыхільнікаў роднага слова, краязнаўства і самабытных традыцый. Для гасцей арганізаваны экскурсіі па музеі класіка, пазнавальныя квэсты і гульні, канцэрт мясцовых калектываў мастацкай самадзейнасці, майстар-класы, гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі. Іх падрыхтавалі ўстановы культуры, адукацыі раёна, тут жа прапанавала сваю імправізаваную выставу рэдакцыя газеты «Слава працы» Акрамя гэтага можна было паразмаўляць з сучаснымі маладымі літаратарамі, якія прэзентавалі сваю творчасць.

Намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Ірына Юха лічыць, што творчы форум набірае абароты і з'яўляецца добрым складальнікам для ўзмацнення турыстычнай прывабнасці краю:

– Любы раён чымсьці ўнікальны і багаты. І культурная спадчына нашага краю – не выключэнне. Заўважыла, што сёлета свята прыцягнула ўвагу прадстаўнікоў розных пакаленняў, асабліва моладзі, якая цікавіцца гісторыяй, культурай, літаратурай.

– Цімкаўляне пяшчотна зберагаюць памяць пра свайго знакамітага земляка. Тут дзейнічае адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі – Літаратурны музей Кузьмы Чорнага. Імя пісьменніка носіць мясцовая сярэдняя школа. І вось ізноў у Цімкавічах раённыя ўлады сумесна з музеем ладзяць свята ў гонар літаратара, – адзначыў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік.

Адметна, што ў гэтым годзе ў чарговы раз удзел у мерапрыемствах прыняла дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў складзе старшыні аддзялення – Леаніда Крываноса, паэта Рагнеда Малахоўскага і паэтэс Галіны Мароз, Паліны Дваранскай, Аляксандры Жалязновай. Значны ўклад у мерапрыества зрабілі і пераможцы раённага агляду-конкурсу «Патрыёт.by»: удзельнікі мастацкай самадзейнасці Цімкавіцкага СДК, Мікіта Чарнушэвіч, Багдан Змітровіч і іншыя.

Акрамя таго ў гэтую цудоўную летнюю пару на Капыльшчыне стала традыцыяй праводзіць святы вёскі. Так што «Цімкавіцкія вытокі» сталі падвойным святам роднага кутка. Землякоў вітала старшыня мясцовага сельвыканкама Наталія Прохарава.

Узгадалі пра тых, хто пераступіў 90-гадовую мяжу жыцця. У прыватнасці, сёлетняя юбілярка Фаіна Данілаўна Тараповіч, якая прысвяціла сябе сельскай гаспадарцы, за што мае шэраг узнагарод.

Былі ўшанаваны і бацькі самага юнага цімкаўляніна Багдана Карнейчыка, мнагадзетная сям’я Ждан, Ала і Уладзімір Маліноўскія, якія 45 гадоў ідуць поплеч, а таксама чэрвеньскія юбіляры, а лепшымі гаспадарамі прызнаны Кацярына і Мікалай Валькоўскія.

Працаўнікоў вёскі вітала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Капыльскае» Галіна Пашко. Адзначана сямейная дынастыя Швайкоўскіх.

А на святочнай сцэне не спынялася музыка і песні. Выступленнямі радавалі артысты з Капыля, Цімкавіч, Лешні, Лоцвін, народны вакальны калектыў «Мядовіца» з Дзяржынска, эстрадны спявак Сяргей Славянскі і гурт «Замкавая гара».

Сваімі меркаваннямі дзеляцца ўдзельнікі свята.

Валянціна, в. Лешня:

– На свяце прысутнічаю ўпершыню. У папярэднія гады не было магчымасці прыехаць на «Цімкавіцкія вытокі». Але знаёмая шмат пра іх расказвала. Таму, адклаўшы ўсе гаспадарчыя справы, прыехала сюды і не шкадую, бо адразу ўзняўся настрой. Наогул, атмасфера добразычлівая, усе шчырыя, адкрытыя і размаўляюць паміж сабою, як даўнія знаёмыя.

Кацярына Пятроўна, г. Слуцк:

– Мабыць, ужо чацвёрты год спецыяльна з мужам прыязджаем у Цімкавічы, каб сустрэцца са светам прыгажосці і духоўнасці. На гэты раз арганізатары здзівілі навінкамі. З’явілася выстава з дзіцячымі творамі мастацтва. Створаны фотазоны. Пашырылася колькасць гандлёвых кропак, арганізавана работа міні-кафэ. Гэта таксама добра, бо мерапрыемства запланавана больш чым на пяцьгадзін. Ад прадстаўленых вырабаў народных майстроў – драўляных, гліняных, ільяных шэдэўраў – проста вочы разбягаюцца! На наступны год абавязкова прывязу сюды сваіх сяброў. Пра такое не раскажаш, гэта трэба бачыць!

Нямала гасцей сёлета, як і ў папярэднія гады, на «Цімкавіцкія вытокі» прыехала з Мінска. Міхаіл Пятровіч вырашыў паўдзельнічаць у свяце разам з дачушкай Машай.

– Пра падзею даведаўся з сацыяльных сетак, я прыхільнік беларускай літаратуры, у прыватнасці, Кузьмы Чорнага. Лічу, што трэба ведаць пра свае карані і далучаць да гэтага дзяцей. Свята атрымалася яркім, выдатным, пазнавальным. У музеі даведаліся шмат цікавых фактаў пра жыццё і творчасць класіка. Спадзяёмся, што гэтая добрая традыцыя атрымае працяг, і сюды будуць з радасцю прыязджаць яшчэ больш гасцей.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/37506-rasskazyvaem-kak-proshel-festival-timkovichskie-vytoki#sigProId760baf4054
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей