Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Узнали, кто стал лучшим техником-осеменатором в Копыльском районе

18.06.2025

На сучасным этапе развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці ў справе селекцыі жывёлагадоўлі без штучнага асемянення проста не абысціся. Вось чаму актуальнасць якаснай падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў увесь час узрастае.

Каб садзейнічаць павышэнню кваліфікацыйнага ўзроўню асемянатараў, штогод арганізуюцца конкурсы-атэстацыі прафмайстэрства аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Удзельнікаў чарговага раённага конкурсу прымалі ў ААТ «Семежава».

Прафесія тэхніка-асемянатара за апошнія два дзясяткі гадоў стала адной з самых важных і запатрабаваных у вёсцы. Гэта звязана найперш з тым, што дзякуючы росту колькасці пагалоўя жывёлы і, адпаведна, вытворчасці малака і мяса, паляпшаецца эканоміка не толькі канкрэтнага працоўнага калектыву, але і рэгіёну, краіны ў цэлым. Менавіта асемянатар у адказе за рытмічны, прадукцыйны працэс узнаўлення статка.

– Справа няпростая, нават фізічна цяжкая, але вельмі важная, – вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, падкрэсліў галоўны ветэрынарны ўрач РУСП «Мінскае племпрадпрыемства» Уладзімір Шаўкун, за плячыма якога багаты ўласны вопыт у гэтай сферы.

Уладзімір Мікалаевіч і начальнік лабараторыі Нясвіжскага племпрадпрыемства Вольга Смяглікава ўзначалілі судзейскія камісіі двух пастоў. Конкурс складаўся з тэарэтычнай і практычнай часткі. Кампетэнтнае журы праверыла веды тэхнікаў-асемянатараў па пытаннях правільнай арганізацыі іх працоўнага месца, падрыхтоўкі інструментарыя да асемянення, размарозкі і вызначэння якасці семя, а таксама ацаніла вядзенне журналаў ацёлаў і асемянення БРЖ. Але, вядома, галоўны крытэрый адзнакі – вынікі фактычнай працы за мінулы год, гэта значыць – колькасць асямененых жывёл, эфектыўнасць іх апладнення, атрыманне прыплоду на 100 галоў кароў.

Перад пачаткам атэстацыі вопытныя працаўнікі і тыя, што робяць першыя крокі на гэтай ніве, нібы студэнты перад дзвярыма аўдыторыі, дзе праходзіць складаны іспыт, яшчэ і яшчэ раз праглядвалі адказы на тэматычныя пытанні, кансультаваліся з калегамі, як правільна паступіць у той ці іншай сітуацыі. І ўсё ж, выцягнуўшы білет, многія хваляваліся, аднак змаглі прадэманстраваць высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі.

І вось усе хваляванні пераадолены, у зале Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу сабраліся для абвяшчэння імёнаў прызёраў. Падлічыўшы колькасць набраных балаў за правільныя адказы па тэорыі, дэманстрацыю практычных навыкаў і вынікі працы за мінулы год, судзейская калегія прызнала пераможцам Тараса Жанчака з ААТ «Піянер-Агра», другое месца – у Валянціны Стралені з ААТ «Ціміразеўскі» і трэцяе – ва Уладзіміра Кавалені з ААТ «Прагрэс 2010».

Галіновы прафсаюз адзначыў самага маладога асемянатара. Ім стаў Дарус Валюкявічус з ААТ «Прагрэс 2010», які, дарэчы, прыйшоў у гаспадарку як эканаміст, але з цягам часу кардынальна змяніў напрамак дзейнасці. За вернасць прафесіі ўдастоена прафсаюзнага Дыплома Наталля Лобан з ААТ «Капыльскае», яе стаж ужо налічвае 37 гадоў у адной спецыяльнасці. За ўзорнае выкананне абавязкаў і лепшы пункт па асемяненні заахвоцілі Зою Сяргей з УП «Пік-Лясное». Усе пераможцы і ўдзельнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды і памятныя падарункі. Сапраўднае свята падарыў канкурсантам калектыў мастацкай самадзейнасці мясцовага цэнтра культуры, які падрыхтаваў добрую канцэртную праграму.

Падводзячы вынікі Уладзімір Шаўкун адзначыў:

– Тэхнікі-асемянатары Капыльскага раёна ў чарговы раз паказалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, адказвалі на пастаўленыя пытанні годна. Упэўнены, кожны на сваім участку гатовы нармальна працаваць, у іх ёсць неабходныя веды, скажу больш, уласціва своеасаблівая жылка да гэтай справы. Яны ініцыятыўныя, не саромеліся пытаць нешта, удакладняць нюансы, якія ім спатрэбяцца ў наступнай рабоце. У ходзе атэстацыі адбыўся дыялог, і гэта вельмі радуе.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/37458-uznali-kto-stal-luchshim-tekhnikom-osemenatorom-v-kopylskom-rajone#sigProIddea98e1f63
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей