Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

ОАО «Скабин»: весенние работы проводились в комплексе

08.04.2025

Хлебаробы Капыльшчыны на мінулым тыдні завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых. У ААТ «Скабін» гэтым відам работ займаўся механізатар Андрэй Волкаў. Ён на трактары МТЗ-3522 з глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам «Бярэсце» пасеяў 200 га ячменю. Даведзенае заданне выканаў поўнасцю. У гаспадарцы Андрэй Мікалаевіч працуе 18 гадоў, таму яму, як аднаму з самых вопытных, даручаюць адказныя ўчасткі работы. Днямі ён пачаў сеяць проса з наступным падсевам шматгадовых траў.

Не толькі ўвосень у хлебароба работ восем

Гэта даказваюць аграрыі ААТ «Скабін». Тут усе веснавыя работы вяліся ў комплексе (пакуль палі не апранулі снежнае покрыва). Нічога не зробіш: надвор’е ўнесла свае карэктывы. Як мяркуюць спецыялісты, снег і мінусавыя тэмпературы станоўча не паўплываюць на будучы ўраджай, але трэба спадзявацца на лепшае. Пакуль што аналізаваць рана.

Свой прыезд у сельгаспрадпрыемства мы пачалі, калі можна так сказаць, са своеасаблівай «работы над памылкамі». А дакладней пацікавіліся ў дырэктара Аляксандра Баркоўскага, ці выпраўлены заўвагі па падрыхтоўцы да вясенняй пасяўной, што былі зроблены на пасяджэнні райвыканкама.

Кіраўнік дэталёва прааналізаваў кожную пазіцыю. Так, былі адзначаны нізкія тэмпы ўнясення арганічных угнаенняў пад сяўбу яравых. З-за адсутнасці пэўнай колькасці ўласных раскідвальнікаў звярнуліся па дапамогу да мехатрада райаграсэрвісу. На дадзены момант звяном унесена звыш 15 тыс. тон арганікі, работы прадоўжацца.

Прапрацаваны шляхі пастаўкі азотных угнаенняў, якіх напачатку сяўбы было толькі 55%. Па словах Аляксандра Баркоўскага, асвоены 68 тыс. рублёў, выдзеленых згодна з рашэннем Мінаблвыканкама. Пад сяўбу цукровых буракоў будуць накіраваны яшчэ 48 тыс. рублёў цукровымі камбінатамі праз райаграсэрвіс.

Пытанне па праходжанні тэхагляду вырашана станоўча. Тыя трактары і агрэгаты, якія мелі заўвагі, ужо выйшлі ці гатовы выйсці ў поле.

Скабінскія хлебаробы нараўне з іншымі ў раёне ўжо паспелі пасеяць раннія яравыя збожжавыя і прыступілі да проса. На чарзе – 300 га цукровых буракоў, 500 га кукурузы на зерне і 1000 га – на сілас, 50 га грэчкі.

– Актыўна вядуцца ўсе падрыхтоўчыя веснавыя работы: уносяцца арганіка, мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы, гербіцыды. Рыхтуемся да сяўбы кукурузы: як толькі тэмпература глебы на глыбіні закладкі яе насення (пяць–сем сантыметраў) дасягне хаця б плюс восем–дзесяць градусаў (а для больш цеплалюбівых гібрыдаў плюс 12), сеялкі адразу выйдуць у поле, – спадзяецца Аляксандр Баркоўскі. – Інакш добрага выніку не чакай. Асноўная наша задача – нарыхтоўка якасных кармоў. У ААТ «Скабін» пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае звыш 2600. Жывёлу трэба карміць так, каб расла яе прадукцыйнасць і павялічваліся надоі. Тады ў нас будзе паляпшацца эканоміка.

На дадзены момант працягваецца падкормка шматгадовых траў азотнымі ўгнаеннямі, пачаўся сезон па абароне раслін, у прыватнасці рапсу, ідзе ўнясенне рэгулятараў росту, падкормка мікраэлементамі, праполка азімых збожжавых, затым надыдзе пара праполкі яравых культур.

Па словах мясцовых спецыялістаў, добра выйшлі з зімоўкі азімыя культуры. Ім, безумоўна, адразу ж пастараліся надаць росту і сіл. Першая падкормка была праведзена на больш чым на 1800 га, зараз вядзецца другая – па зазелянелай руні пшаніцы і крыжакветных, а таксама па шматгадовых травах. На гэтым участку старанна працуе малады механізатар Вадзім Дарашэвіч. Хоць у гаспадарцы ён параўнальна нядаўна, але ўжо паказаў сваю працавітасць і адказнасць.

Барацьбу са шкоднікамі на палетках азімага рапсу вядуць даволі вопытныя два Іваны – Салаш і Лук’яновіч. Работнікі пагадзіліся на непрацяглую размову. Вядома, што абодва яны – адны з лепшых у ААТ «Скабін». А нашым чытачам знаёмы па неаднаразовых публікацыях на старонках газеты: іх можна ўбачыць на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, жніве. Пра тое, што яны добрасумленныя работнікі, гаворыць факт, што імкнуцца выконваць даручэнні і ўскладзеныя абавязкі своечасова, без лішніх затрымак і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.

– Да ўборачнай яшчэ трэба ўраджай вырасціць, – усміхаюцца мужчыны, – і не проста ўраджай, а добры. Вось зараз мы над гэтым шчыруем. Сёння апрацоўваем рапс. З карысцю выкарыстоўваем кожную хвіліну.

Добрасумленна працуюць і іншыя скабінскія аграрыі. Кожны займаецца сваёй справай. Напрыклад, на ворыве заняты Дзяніс Барысавец, на падрыхтоўцы глебы – Сяргей Ермаліцкі, Аляксандр Канончык і іншыя.


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/36684-oao-skabin-vesennie-raboty-provodilis-v-komplekse#sigProId987d654dc1
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей