Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Новосады: вдохнуть жизнь в деревню

30.03.2025

Пасёлак Навасады Капыльскага сельсавета прытуліўся сярод ляснога гушчару. На жаль, сёння ён у ліку малых паселішчаў. Пра гэта сведчаць апусцелыя хаты са старымі платамі і аселымі дахамі. Рэдка позірк спыніцца на «жывой» хаце. Але, калі прыгледзецца, яшчэ можна заўважыць дэталі, якія нагадваюць пра жыццё, што тут калісьці біла крыніцай: шырокая дарога, зарослыя сады, то тут, то там падмуркі, па якіх даўно не ступала нага гаспадара.

Так атрымліваецца, што прырода паступова займае тыя мясціны, якія пакідае чалавек. Але, думаем, Навасады ў бліжэйшы час яшчэ не знікнуць з карты нашага раёна – дзякуючы нешматлікім дачнікам ды ўладальнікам падсобнай гаспадаркі пасёлак і далей будзе жыць сваім ціхім, незаўважным для іншых жыццём.

Крыху з гісторыі

Звестак, адкуль пайшла назва населенага пункта, знайсці не ўдалося. Маўчыць пра гэта інтэрнэт, маўчаць даведнікі і энцыклапедыі. Ад некаторых людзей сталага ўзросту давялося пачуць, што населены пункт, магчыма, быў закладзены з новых садоў ці прысад, а потым ужо і з’явілася паселішча. Па некаторых даных пасёлак склаўся ў 1920-я гады. У пачатку 1930-х знаходзіўся ў Вялешынскім сельсавеце ў калгасе «Чырвоная ніва». У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941-га па ліпень 1944-га быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1960 г. меў статус вёскі з 90 жыхарамі, а ў 2007 г. засталося дзве гаспадаркі, восем жыхароў, увайшоў у СВК «Скабін». Цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Капыльскага сельсавета ў сямі кіламетрах на ўсход ад райцэнтра.

Вярнуцца на малую радзіму

Вярнуць у Навасады жыццё маюць на мэце Алена і Эдуард Квач з суседніх Мазалёў. Справа ў тым, што сям’я набыла тут зямельны ўчастак з домам і вядзе асабістую падсобную гаспадарку. Гэта родныя мясціны Эдуарда, дзе ён нарадзіўся і рос да пераезду ў Скабін. Таму нешта пацягнула яго сюды, на малую радзіму. А Алена, здаецца, хоць і з Капыля, але шмат часу праводзіла ў бабулі ў Слуцкім раёне, ад якой шмат чаму навучылася. Такім чынам, вясковы лад жыцця добра знаёмы абаім.

– Рашэнне завесці асабістую падсобную гаспадарку прымалі ра-зам, – расказвае гаспадыня. – Сумненняў наконт таго, што не справімся, не было. На падвор’і зараз сем кароў, дзве цялушкі, бычкі. Пачыналі толькі з дзвюх рагуль, потым набылі больш, нараджаўся свой прыплод. Хоць уся гэтая гаспадарка і патрабуе многа сіл, увагі, а то і пэўных ведаў, затое заўсёды свежыя малако, сыр, масла, тварог – усё сваё, экалагічна чыстае, карыснае, асабліва для маленькіх дзяцей. Таму і карыстаецца прадукцыя попытам у аднавяскоўцаў, выконваем некаторыя заказы і для жыхароў Капыля.

Такім чынам, каля дваццаці гадоў таму сям’я Квач зрабіла стаўку на асабістую падсобную гаспадарку і не пралічылася. Нават нягледзячы на тое, што працаваць на ўласным падворку неабходна з самай раніцы і да позняга вечара, без выхадных і водпускаў. Дзякуючы працавітасці і настойлівасці яны змаглі стварыць цудоўныя ўмовы жыцця для сябе і сваіх дзяцей у звычайнай вясковай хаце ў Мазалях. Яны апрацоўваюць каля дзесяці гектараў зямлі, якія выдзелены сельсаветам і ААТ «Скабін». З часам купілі трактар, прычапныя касілку, граблі і іншыя агрэгаты. Дарэчы, кармы ў асноўным нарыхтоўваюць самі, нават сянаж і сілас, якія закладваюць у курган. Бывае, што з сенам і караняплодамі дапамагае мясцовая гаспадарка.

Займацца любімай справай

Эдуард і Алена разам сочаць за жывёлай, кормяць яе, пояць, прыбіраюць за ёй. З дапамогай даільнага апарата дояць рагуль, а потым перапрацоўваюць у малочную прадукцыю.

– Сыры – гэта не толькі любімае захапленне, але і мой гонар, – з энтузіязмам адзначыла жанчына. – Навучылася рабіць іх сама. Шмат эксперыментавала, глядзела рэцэпты ў інтэрнэце. У наша стагоддзе інфармацыйных тэхналогій можна навучыцца і самастойна. Было б жаданне.

Пра сыраварэнне Алена, мабыць, раскажа значна лепш нават за кулінарную энцыклапедыю. Жанчына вырабляе восем гатункаў сыру. Выкарыстоўвае традыцыйныя рэцэпты, але эксперыментаваць таксама любіць. Родныя і сябры, а часам і пакупнікі (у гэтым удалося пераканацца асабіста) завяраюць, што, паспрабаваўшы яе сыры аднойчы, адмовіцца ад іх ужо не могуць. У адказ на гэта жанчына толькі ўсміхаецца. На яе думку, сакрэт якасці просты: зроблена з любоўю.

Жывёла – гэта даўняе хобі Алены, нездарма яна атрымлівала ў тэхнікуме прафесію ветэрынара. Пасля працава-ла на свінакомплексе, на свінаферме, загадвала малочнатаварнай фермай. А цяпер займаецца любімай справай для сябе. У сям’і выхоўваюць дзвюх дочак. Праўда, у іх няма такой цікавасці да падсобнай гаспадаркі. Старэйшая Настасся працуе псіхолагам у СШ № 3 г. Капыля, малодшая Зарына атрымлівае прафесію тэхніка-тэхнолага ў каледжы. Яны ўгаворваюць матулю, што лепш чым траціць час на кароў, легла б і адпачыла. Аднак, па словах Алены Віктараўны, сваіх рагуль яна ні на што не памяняе. Ёсць пэўныя спадзяванні ў сям’і, што прадаўжальнікамі справы павінны стаць унукі.

У ТЭМУ

– У сем’ях з такой вялікай асабістай падсобнай гаспадаркай павялічваецца і дабрабыт, людзі ўсё мацней стаяць на нагах, не наракаюць на безграшоўе, – расказала старшыня Капыльскага сельвыканкама Ірына Кісляк. – На вёсцы вельмі важна не ўпусціць тэндэнцыю жывой цікавасці да прыватнай малочнай справы і развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі. Імкнёмся такія сем’і падтрымаць, дапамагчы разабрацца ў праблемах і ўбачыць далягляды. Такія сем’і, як Квач, сваю справу любяць, і гэта характарызуе іх як людзей думаючых, працавітых.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/36562-novosady-vdokhnut-zhizn-v-derevnyu#sigProIda08b25d2d1
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей