Днямі спецыялісты лясной гаспадаркі правялі ацэнку гатоўнасці Капыльскага доследнага лясгаса да пажаранебяспечнага сезона. Праверылі таксама гатоўнасць рэагавання лесапажарных каманд і брыгад на прыродныя ўзгаранні.
Мерапрыемства праходзіла пры ўдзеле інжынера па ахове і абароне лесу Мінскага ДВЛГА Паўла Ільінчыка, галоўнага ляснічага Капыльскага доследнага лясгаса Дзяніса Паўловіча, а таксама начальніка ПАВЧ № 2 аг. Цімкавічы Дзмітрыя Судзенкі.
– Сёння ў Капыльскім доследным лясгасе ў адпаведнасці з графікам Мінскага ДВЛГА праводзіцца агляд гатоўнасці лесапажарных каманд і брыгад да пажаранебяспечнага сезона 2025 года. Гэтае мерапрыемства праводзім перад праблемным перыядам, які сёлета, думаем, пачнецца раней, чым звычайна, – расказаў Павел Уладзіміравіч. – Агляд арганізаваны ў першую чаргу для таго, каб удасканаліць навыкі аператыўнага рэагавання пры ўзнікненні і тушэнні пажараў, а таксама адтачыць зладжанасць каманд і брыгад па выкарыстанні сродкаў пажаратушэння. Мерапрыемства ўключае агляд гатоўнасці пажарнай тэхнікі, якая ёсць у лясгасе. Аналізуем наяўнасць і працаздольнасць абсталявання, інвентара, якія захоўваюцца на пажарна-хімічных станцыях і пунктах супрацьпажарнага інвентара, а таксама ўменне выкарыстоўваць дадзеную тэхніку членамі супрацьпажарных каманд і брыгад.
Як паведаміў Павел Ільінчык, у Мінскай вобласці ў 2024 годзе адбылося 852 загаранні ў прыродных экасістэмах (64 – лясоў, 24 – торфу, 764 – травы і кустоў) на агульнай плошчы 43,5 га. Гэтыя паказчыкі ніжэйшыя за даныя за 2023 год па ўзгараннях на 24,6% і на 1,1% па плошчах. Супрацоўнікам лясгасаў і РАНС удавалася аператыўна выяўляць і рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у лясным фондзе. А сённяшняе мерапрыемства – гэта свайго роду і трэніроўка, бо трэба заўсёды быць гатовым да надзвычайных сітуацый.
Напачатку агляду была праверана спраўнасць транспартных сродкаў і радыёсувязі, а таксама аснашчанасць лясніцтваў сродкамі пажаратушэння тэхнікі і пажарна-хімічных станцый камплектамі вогнеахоўнага адзення, сродкамі аховы вачэй і органаў дыхання. Пасля гэтага прадэманстравана выкарыстанне сродкаў пажаратушэння. Значная ўвага была нададзена ведам і ўменням аператыўна рэагаваць на ўзнікненне ачагу ўзгарання.
– З надыходам сезона лясная пажарная ахова пераходзіць у рэжым павышанай гатоўнасці, каб своечасова папярэдзіць, выявіць і патушыць агонь. Разуменне, як рэагаваць на ўзнікненне пажару, часта дапамагае лесапажарным брыгадам хутчэй яго нейтралізаваць, – нагадаў галоўны ляснічы Капыльскага доследнага лясгаса Дзяніс Паўловіч. – Сёння мы прадставілі каманды і брыгады лясніцтваў для ліквідацыі пажараў у лясным фондзе лясгаса. Праверылі тэхніку на спраўнасць, навыкі каманд. Каб па прыбыцці на тушэнне ляснога пажару ў нас было ўсё наладжана, бо тут вельмі важная хуткасць і камандная спрацоўка, а таксама спраўнасць тэхнікі.
Спецыялісты нагадалі, што за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках прадугле-джаны меры адміністрацыйнага і дысцыплінарнага ўздзеяння, а ў некаторых выпадках – крымінальная адказнасць. Так, паводле арт. 16.21 КоАП Рэспублікі Беларусь – за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках альбо забароны на іх наведванне, якое не прывяло да прычынення ўрону – грашовы штраф у памеры да 12 базавых велічынь, а калі парушэнне пацягнула знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў – да 30 базавых велічынь.
На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, абласных і раённых лесагаспадарчых устаноў размешчана інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна аператыўна адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Карта абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, таму даныя могуць мяняцца на працягу дня.
Пры выяўленні любога загарання, неабходна неадкладна паведаміць у службу МНС па тэлефонах 101 або 112.
Фота аўтара
Комментарии