Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Весенние хлопоты аграриев Копыльщины

14.03.2025

Што пасеем, тое і пажнём. Гэта народная мудрасць сапраўды стала дэвізам хлебаробаў. Аднак напярэдадні пасяўной зямлю неабходна падрыхтаваць. Чым, дарэчы, і займаюцца зараз вялікараёўскія аграрыі нараўне з усімі ў раёне.

– Надыход вясны мы адчулі з цёплым надвор’ем, таму актыўна ўключыліся ў работу, – расказвае дырэктар філіяла «Вялікая Раёўка» Іван Дамашэвіч. – Вялікі задзел зрабілі яшчэ восенню. На 95% плошчаў узнялі зябліва, так што на вясну засталося толькі каля 50 га. Поўнасцю ўнесены калійныя ўгнаенні, зараз больш планава адносімся да іншых мінеральных тукаў. Максімальна працавалі і з арганікай: за зіму і пачатак сакавіка нарыхтавалі каля 15 тысяч тон пад сяўбу яравых. Зараз поўным ходам выконваем і галоўны агратэхнічны прыём – закрыццё вільгаці, якое неабходна правесці на 500 гектарах. Два магутныя трактары працуць добрымі тэмпамі. Падкормку азімых збожжавых культур і рапсу пачалі адразу ж з усталяваннем аптымальных тэмператур. Праўда, з-за іх паніжэння давядзецца крыху прыпыніць догляд пасеваў. Усяго ж гэтыя работы неабходна выканаць амаль на 1 тысячы гектараў.

Як адзначыў кіраўнік гаспадаркі, праведзена маштабная мадэрнізацыя тэхнікі. Апошнім часам набыта 14 трактароў, абноўлены прычапны састаў. Практыкуецца продаж тэхнікі, у якой скончыўся тэрмін амартызацыі. За зімовы перыяд адрамантаваны ўсе машыны і агрэгаты. Як і патрабавалася, да 1 сакавіка ўсе яны знаходзіліся на лінейцы гатоўнасці.

– У полі працуем з 7 раніцы да 7 вечара – поўны светлавы дзень, – расказвае галоўны аграном Яўген Есьман. – Непрадбачаных сітуацый, на шчасце, не ўзнікае: мы пастараліся напярэдадні адказнай кампаніі. У нашай гаспадарцы і тэхніка спраўная, і людзі працавітыя.

Каб пераканацца ў праўдзівасці вышэйсказаных слоў, дастаткова выехаць у поле: магутныя трактары няспынна апрацоўваюць зямлю. За рулём аднаго – механізатар Сяргей Новік.

– На ўсю сілу рыхтуемся да веснавой пасяўной, зараз займаюся культывацыяй, – дзеліцца Сяргей Іванавіч. – Апрацоўваем глебу, каб як мага больш такой каштоўнай сёлета вільгаці засталося ў зямлі.

Сяргей Іванавіч за рулём трактара ўжо звыш 30 гадоў. Ён прызнаецца: з тэхнікай на «ты». А таму і гэтая кампанія, хаця і ранняя, не стала нечаканасцю. Мужчына гатовы да пасяўной: і маральна, і тэхнічна. Па яго словах, адкладаць працу «на потым» ён не мае намеру.

Такім жа відам работ займаецца і Мікалай Лук’янчык, які на вялікараёўскіх палетках працуе на дзесяцігоддзе больш за свайго калегу – ужо амаль 40 гадоў. Відаць па ўсім, што ён не толькі чалавек справы, але і асоба цікавая, не пазбаўленая пачуцця гумару. Усмешлівы, добры. Словам, працаўнік што трэба. Безумоўна, такімі работнікамі ганарацца.

– Ведаеце, на такіх людзях, як Сяргей Іванавіч і Мікалай Мікалаевіч, трымаецца сельская гаспадарка, – з гонарам расказвае Яўген Есьман. – Яны да сваёй працы ставяцца вельмі добрасумленна, таму што разумеюць: зямля не любіць абыякавасці да яе. Вось і працуюць з поўнай аддачай сіл. Норму заўсёды не толькі выконваюць, але і перавыконваюць. З такімі людзьмі і працаваць адно задавальненне, і слова пра іх добрае сказаць прыемна.

Ёсць у каго павучыцца і маладой змене. Так, падкормкай азімых збожжавых і рапсу на «Расе» ўжо пяць гадоў у гаспадарцы займаецца Юрый Пінчук. Першы год у філіяле працуе Дзяніс Грыбок, зараз ён заняты на падвозе мінеральных угнаенняў. Кіраўніцтва адзначае адказныя і добрасумленныя адносіны хлопцаў да даручанай справы.

Як бачым, вясна ўступіла ў свае законныя правы. Таму аграрыі не марудзяць. Хутка – пасяўная.

Фота аўтара


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/36368-vesennie-khlopoty-kopylskikh-agrariev#sigProId210e72b5db
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей