Днямі быў праведзены маніторынг умоў працы і пражывання моладзі. З удзелам прадстаўнікоў галіновых прафсаюзаў і ідэалагічных структур разгледжаны пытанні адаптацыі ў працоўных калектывах. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Гарбацэвіч разам з галоўным спецыялістам аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Аленай Малеж, спецыялістам райкама ГА «БРСМ» Настассяй Давыдзенка паглядзелі, у якіх умовах жыве моладзь. У ходзе маніторынгу вывучалася замацаванне за імі настаўнікаў, узровень заработнай платы, а таксама правілы ўнутранага працоўнага распарадку.
Падчас дыялогавай пляцоўкі персанальна з кожным юнаком і дзяўчынай пазнаёмілася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Маліноўская.
Пазнаёмімся з некаторымі з іх і мы.
Начальнік гандлёвага аддзела райспажыўтаварыства Данііл Лугоўскі прыехаў на працу пасля заканчэння Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта ў Гомелі. Расказвае, што Капыль выбраў сам. Хлопец, які нарадзіўся, вырас і жыве зараз у Слуцку, дзеліцца ўражаннямі:
– Мяне вельмі цёпла сустрэў калектыў. Тут працуюць светлыя, добразычлівыя людзі, з якімі вельмі лёгка. Усе стараюцца дапамагчы, падказаць, параіць. Кожны дзень езджу дамоў, падвоз забяспечвае арганізацыя.
Эколаг КУП «Капыльская ЖКГ» Марыяна Скобля закончыла аграрны каледж у Навагрудку, адкуль сама родам. У пакоі інтэрната, выдзеленым ёй прадпрыемствам, дзяўчына жыве адна. Умовамі працы і пражывання задаволена:
– Пакой нядрэнны, галоўнае, што добрыя суседзі. Ёсць усё, што неабходна для камфортнага пражывання. Канешне, мне многаму яшчэ трэба навучыцца, але веру, што на прадпрыемстве наб’ю руку і стану прафесіяналам сваёй справы.
Прадавец магазіна «Родны кут» па вуліцы Цімкавіцкай у Капылі Алёна Канончык скончыла Капыльскі дзяржаўны каледж. Святлана Маліноўская пацікавілася ў дзяўчыны, ці няма складанасцей на працоўным месцы.
– Абсалютна ніякіх. За мной замацаваны настаўнік, які дапамагае ўнікнуць у прафесію, зразумець усе тонкасці. Астатнія калегі таксама дапамагаюць і словам, і справай, – адказала Алена.
Але ў далейшым сябе дзяўчына бачыць поварам. таму спецыялісты райспажыўтаварыства параілі ёй атрымаць гэту спецыяльнасць у Баранавіцкім тэхналагічным каледжы.
Таваравед Кацярына Шкурынская зарэкамендавала сябе за гэты непрацяглы тэрмін адказным і добрасумленным работнікам, якому можна даверыць любую справу. Яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў спецыялізаванай ВНУ ў Гомелі. Жыве з бацькамі. Вольны час прысвячае заняткам вакальнымі спевамі, таму яе выступленні можна ўбачыць падчас раённых канцэртаў.
Кладаўшчык гандлёва-размеркавальных складоў Віктар Палавінкін сваю спецыяльнасць нараўне яшчэ з адной – лагіста – атрымаў у Капыльскім дзяржаўным каледжы. Юнак вельмі задаволены калектывам, у які ён трапіў. Любіць сваю работу, але будучыню бачыць у праграміраванні.
Важна адзначыць, што як у райспажыўтаварыстве, так і ў ЖКГ для маладых спецыялістаў прадугледжаны пэўны пакет гарантый, які ўключае ў сябе выплаты да асноўнай зарплаты і аднаразовыя пад’ёмныя. Пры стварэнні сям’і маладажоны атрымліваюць грашовую дапамогу. Сродкі ўкладваюцца ў аздараўленне работнікаў прадпрыемстваў і іх дзяцей: аказваецца дапамога ў набыцці пуцёўкі ў санаторыі і дзіцячыя аздараўленчыя лагеры.
– Абарона сацыяльна-эканамічных, працоўных правоў і інтарэсаў працуючай моладзі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці адміністрацый і прафсаюзаў. Забеспячэнне маладых спецыялістаў камфортнымі ўмовамі для працы і пражывання – важны аспект замацавання моладзі на першым працоўным месцы, – падкрэсліла Святлана Маліноўская. – На сустрэчах з маладымі кадрамі мы заўсёды расказваем пра прадугледжаныя гарантыі і правы, пільную ўвагу ўдзяляем узроўню заработнай платы, забеспячэнню жыллём, пытанням аховы працы. Важна, каб юнакі і дзяўчаты, якія прыйшлі пасля вучобы на сваё першае працоўнае месца, адчулі сябе запатрабаванымі, змаглі смела прымяніць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы і ў поўным аб’ёме набыць увесь сацыяльны пакет. У калектыўных дагаворах прадпрыемстваў раёна маецца раздзел, які прадугледжвае аказанне дапамогі новым работнікам. Магу з упэўненасцю сказаць, што з маладымі спецыялістамі на прадпрыемствах і ў арганізацыях узаемадзейнічаюць даволі актыўна. За імі замацоўваюць старэйшых калег. І гэта мае станоўчы эфект. З моладдзю неабходна працаваць, але трэба, каб і яна сама адгукалася на тое, што ёй прапануюць.
Комментарии