Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Делегация Копыльского района побывала на выставке «Моя Беларусь»

16.01.2025

Дэлегацыя Капыльскага раёна пабывала на маштабнай выставе ў міжнародным выставачным цэнтры «Белэкспа», які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў напярэдадні Новага года. А паглядзець сапраўды тут ёсць на што і ёсць чым ганарыцца. Усе дасягненні краіны сабраны ў адным месцы і носяць назву «Мая Беларусь».

...На падыходзе нас сустракае экспазіцыя на адкрытай пляцоўцы: тут прадстаўлена розная тэхніка – ад беспілотнага трактара «Беларус» да... танка. Так, сапраўднага танка і невялікага верталёта. Дарэчы, менавіта яны карыстаюцца асаблівым попытам у
наведвальнікаў – на іх з задавальненнем фатаграфуюцца малыя, якія ўяўляюць сябе будучымі абаронцамі Радзімы. Між іншым, тут таксама прадстаўлены камбайны «Гомсельмаш», розная іншая тэхніка.

Унутры наведвальнікаў чакаюць некалькі залаў. За галоўнай лакацыяй «Мая Беларусь» ідзём наперад і трапляем у месца, дзе нараждаюцца ўспаміны аб дзяцінстве, тактыльныя адчуванні хлебнай руні, карацей, інтэрактыўнага месца, дзе да ўраджаю можна літаральна дакрануцца рукой. Прычым на апошніх хвілінах сонца, якое адыходзіць да сну... Нараджаецца адчуванне лёгкасці і непарыўнай сувязі з бацькоўскай хатай, родным куточкам сваёй зямлі.

Далей – болей. Інтэрактыў на гэтым не заканчваецца. Спачатку – гукі роднай краіны: ад спеваў птушак да крумкання жаб. Акрамя таго, сваю краіну можна не толькі пачуць, але і адчуць яе водар. У розных праявах: духмянай гарбаты з ліпавым мёдам і свежымі абаранкамі, смалістага лесу з ядлоўцам, смачнага застолля з салам, салёным агурком і часнаком, ягадных «пацерак» з суніц і чарніц, што нанізвалі малымі на травіну і з задаваль- неннем потым з’ядалі... Такім чынам, удыхнуў водар – перанёсся ў летні вечар, дзе пахне чабаром, спелымі суніцамі і ліпавым мёдам. Дзе тоўстыя чмялі гудуць над вухам, а ў хаце чакае шклянка цёплага малака і кніжка...

Аднак жа вернемся да сучаснай рэчаіснасці. На выставе можна азнаёміцца з касмічнымі дасягненнямі нашай краіны (нават сфатаграфавацца на фоне капсулы, якая вярнула з арбітальнай станцыі на Зямлю нашага першага ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўта Марыну Васілеўскую), яе спартыўнымі, прамысловымі, культурнымі і іншымі поспехамі! Літаральна дакрануцца да ўсяго можна асабіста.

Прыемна, што права прадставіць культурную спадчыну Капыльшчыны і Міншчыны было дадзена майстру народнага клуба майстроў народнай творчасці «Скарбонка» Марыі Кіслухінай па правядзенні майстар-класа по вырабе народнай лялькі. З ёю ж працавала і
кіраўнік раённага цэнтра ткацтва, народны майстар Беларусі Таццяна Волкава.

Людзі кажуць

Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея:

– Аб тым, што прыехала сюды, не пашкадавала. Ёсць на што паглядзець і што паказаць дзецям, і не толькі. Гэта наш айчынны гонар – нашы дасягненні. Замест таго, каб тысячу раз сказаць, што і як у нас вырабляецца, дастаткова адзін раз тут апынуцца і ўбачыць на ўласныя вочы. У гэтым будынку, сапраўды, сабрана ўсё самае лепшае, што ёсць у краіне па ўсіх галінах: лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні. Мы ўсе вельмі ўражаны ад убачанага!

Вольга КУКРАШ, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Ціміразеўскі»:

– Ведаеце, увесь гэты інтэрактыў робіць свою справу: я быццам апынулася ў дзяцінстве, калі бяжыш басанож на траве, адчуваеш водар траў, а потым дакранаешся да спелых каласоў далонямі – закрыла вочы і – я ў вёсцы, бабуля кліча на падворак, заганяць і даіць кароў (гэтаму я навучылася з маленства). А на прыпечку чакае вячэра – малочная зацірка ці бульба з кіслым малаком. Хоць ты не расплюшчвай вочы...

Фота аўтара і з раённага цэнтра ткацтва


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/35611-delegatsiya-kopylskogo-rajona-pobyvala-na-vystavke-moya-belarus#sigProId7e2b4f798e
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей