31-га студзеня ў 12 гадзін ночы ў свае правы ўвойдзе 2025-ы, а значыць, цяпер самы час будаваць новыя планы. Дык чым жа для нас запомніўся 2024 год? Пра што мараць і чаго чакаюць капыляне ад наступнага года? Пра гэта мы і спыталі ў нашых чытачоў.
Андрэй ЛІС, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:
– Год мінуў незаўважна. Як і папярэднія, ён быў насычаны шматлікімі падзеямі. 25 лютага ў нашай краіне ўпершыню ў гісторыі прайшоў адзіны дзень галасавання. Адначасова былі абраны дэпутаты парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Таму вось ужо амаль год мне аказаны давер працаваць у высокіх органах улады.
Цвёрда ўпэўнены, што 2025 год будзе для ўсіх нас шчаслівым, прынясе шмат новых станоўчых уражанняў і пазітыву, паспяхова пройдзе кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі. Наперадзе — ажыццяўленне планаў і задач, якія мы ставім перад сабой. Са святам, шаноўныя капыляне!
Таццяна ВОШКАТ, ветэран працы, удзельнік народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі»:
– Для мяне як для творчага чалавека мінулы год запомніўся мерапрыемствамі, якія мы ладзілі ў раёне і не толькі. У нас вельмі насычанае жыццё. Калектыў нашых супрацоўнікаў не стаіць на месцы, мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых форм і метадаў. Асабліва запомніўся восьмы абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі», што праходзіў у нашым горадзе.
Хочацца верыць: наступны год стане для ўсіх нас радасным і шчаслівым. Жадаю, каб у ім спадарожнікам па жыцці ў маіх родных, блізкіх, сяброў было здароўе, каб у сем’ях панавалі дабрабыт і згода. Асабліва прашу ў Дзеда Мароза ўсіх даброт для маёй матулі Ганны Іванаўны Сланімскай, якая была сведкай спальвання карнікамі в. Жавулкі. У 2025 годзе мой самы дарагі і любімы чалавек адзначыць 95-годдзе. Будзем мы святкаваць і 80 год Вялікай Перамогі.
Алеся КАЛЕВІЧ, урач агульнай практыкі УАЗ «Капыльская ЦРБ»:
– Год, які адлічвае свае апошнія гадзіны, назаўсёды застанецца ў памяці. Вядома, былі ў ім і негатыўныя падзеі, пэўныя цяжкасці і праблемы, але ўсё гэта вырашалася. Для мяне як маладога спецыяліста – урача – ён быў напоўнены і завершанымі, і распачатымі справамі, шчаслівымі імгненнямі, прыемнымі сустрэчамі. За навагоднім сталом мы ў сямейным коле пад бой курантаў абавязкова пажадаем здароўя адно аднаму, мірнага неба над галавой, падумаем пра самыя запаветныя мары і будзем цвёрда верыць, што ў хуткім часе яны збудуцца. Памятаю, як у дзяцінстве мама пад падушку ці ёлку падарункі падкладала. Тады я і зразумела, што мая мама і ёсць Дзед Мароз. Але не хацела ёй гаварыць – свята ўсё ж.
Ігар МАРКЕВІЧ, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі ААТ «Праснакі»:
– Сёння не хочацца ўспамінаць і гаварыць пра нейкія адмоўныя моманты ў нашым жыцці, якія мелі месца ў 2024-м годзе. Наогул, я чалавек пазітыўны, заўсёды знаходжуся ў добрым настроі. Тым больш, нягледзячы на тое што год высакосны, ён для мяне быў знамянальным. Вельмі рады, што мне быў аказаны давер прадстаўляць Капыльшчыну на VII Усебеларускім народным сходзе. Рады, што ў маёй сям’і, родных і блізкіх людзей усё складваецца найлепшым чынам. Вось і я ажаніўся, у нас нарадзілася дзіцятка. У нашай гаспадарцы, дзе я працую, таксама ўсё спорыцца. Спадзяюся, што новы 2025-ы год прынясе нам яшчэ больш поспехаў і дасягненняў і ў той жа час падорыць шмат радасных і шчаслівых імгненняў побач з самымі роднымі людзьмі. Хачу, каб мы і надалей жылі пад блакітным небам нашай незалежнай краіны і працавалі на яе карысць. З надыходзячым Новым годам, шаноўныя сябры!
Комментарии