Праводзіцца дасканалы агляд, выяўляюцца дэфекты і паломкі, складаюцца акты, паводле якіх па меры магчымасці будуць закупляцца неабходныя запчасткі. Гэта дазваляе ўжо зараз планаваць рамонтныя работы, чарговасць падрыхтоўкі той ці іншай адзінкі тэхнікі, а таксама размяркоўваць грошы на закупку. Як адзначаюць спецыялісты, непасрэдна пастаноўка на захоўванне патрабуе дбайнасці і акуратнасці: неабходна зняць рэжучыя працоўныя часткі, рамяні, зліць гаручыя вадкасці, пачысціць усе працоўныя паверхні, вымыць тэхніку, размясціць на стойках. Ад умоў падрыхтоўкі і захоўвання самаходных машын і прычапных прылад залежаць не толькі перыяд іх службы, але і выкананне агратэхнічных тэрмінаў працы ў новым сезоне.
– Найважнейшым нарматыўным дакументам, патрабаванні якога неабходна няўхільна выконваць, з’яўляецца ДАСТ 7751-2009 («Тэхніка, што выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Правілы захоўвання»), – адзначыў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Капыльскага райвыканкама Валерый Прахарэня. – Аднак да зімоўкі ў гаспадарках тэхніка рыхтуецца як рознымі тэмпамі, так і з рознай якасцю. Праводзіць работу больш актыўнымі тэмпамі трэба на мех-дварах ААТ «Ціміразеўскі», «Скабін», ЗАТ «Жыліхава». Сітуацыю там неабходна як мага хутчэй выпраўляць. Зараз такі час, што трэба лічыць кожны зароблены рубель. Кіраўнікі гаспадарак ведаюць, як важна эканомна і разумна абыходзіцца з грашыма. І значыць, тэхніку трэба берагчы. Ад яе своечасовай пастаноўкі, правільнага захоўвання і рамонту залежыць будучы ўраджай і, зразумела, эканамічныя паказчыкі. Са станоўчага боку можна адзначыць філіял «Лакнэя», УП «ПІК-Лясное», а таксама ААТ «Капыльскае».
Паводле слоў Сяргея Ігнатовіча, галоўнага інжынера ААТ «Капыльскае», некалькі адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі таварыства яшчэ задзейнічана ў полі – на ворыве і адвозцы арганічных угнаенняў. Але да першачарговай задачы – да наступлення моцных халадоў паставіць агрэгаты на захоўванне – ужо прыступілі.
– За кожным механізатарам замацавана тэхніка, на якой ён працуе. Яны ж самі яе і рамантуюць, – тлумачыць Сяргей Аляксеевіч.
На адной з пляцовак механізаванага двара ў в. Навасёлкі і ў гаражах некаторыя агрэгаты ўжо пастаўлены на захоўванне – прыстасаванні для апрацоўкі глебы, сеялкі, граблі, раскідвальнікі мінеральных і ар-ганічных угнаенняў, а таксама збожжаўборачныя камбайны.
У мехмайстэрні таксама кіпіць праца, дзе да рамонту рыхтуюць культыватар слесары Максім Шкуцько, Андрэй Новік і Дзмітрый Солдзень.
Работнікам гаспадаркі створаны неабходныя ўмовы для бяспечнай працы і рамонту сельскагаспадарчых машын. Пакуль жа афармляюцца акты пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, дэфектавальныя ведамасці, дакументацыя па ахове працы. Для ацяплення набыты печы на мясцовых відах паліва «Везувий», адрамантаваны дах, заменены вокны, цёпла і ўтульна стала ў дыспетчарскай і пакоі адпачынку, ёсць мікрахвалевая печ і халадзільнік.
Фота аўтара
Комментарии