Дзень беларускага пісьменства
Афіцыйнае адкрыццё XXVІІІ Дня беларускага пісьменства ў Капылі адбылося на галоўнай сцэне свята. Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка зачытаў прывітанне гасцям Дня беларускага пісьменства, ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік краіны адзначыў, што ў Год народнага адзінства свята праводзіцца на прыгожай Капыльшчыне, дзе нарадзіліся многія вядомыя дзеячы Беларусі. Да гасцей звярнуліся старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Капыль прымаў удзельнікаў Дня пісьменства абноўленым і святочным: прыведзены ў парадак вуліцы і дамы, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Акрамя таго, у горадзе пабудавалі скейт-пляцоўку. Адным з самых значных абноўленых аб’ектаў Капыля да Дня беларускага пісьменства стаў адміністрацыйны будынак участка паштовай сувязі РУП «Белпошта».
Алея пісьменнікаў
Унікальную Алею пісьменнікаў пабудавалі ў скверы ў цэнтры Капыля. Тут устанавілі 17 інтэрактыўных лавак у выглядзе літар з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся і працавалі ў Капыльскім раёне. Усяго – больш за 50 імёнаў і прозвішчаў, сярод якіх Адам Бабарэка, Алесь Бельскі, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч. Для кожнага аб’екта зроблены ўнікальны QR-код, адсканаваўшы які, любы жадаючы можа атрымаць доступ да біяграфіі беларускага пісьменніка і пазнаёміцца з творамі, якія ён стварыў. На жаль, сёння з-за несумленнасці некаторых грамадзян, якія пашкодзілі частку архітэктурных форм, такая інфармацыя больш недаступна.
Помнік гарбару
Таксама каля раённага краязнаўчага музея ўрачыста адкрылі помнік у гонар Цішкі Гартнага. Яго аўтарамі сталі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў дацэнт, кандыдат мастацтвазнаўства Павел Вайніцкі і архітэктар, намеснік начальніка аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Капыльскага райвыканкама Алеся Атрашкевіч. Месца абрана невыпадкова: менавіта тут у канцы XIX–пачатку XX стст. знаходзілася гарбарная майстэрня, дзе працаваў будучы паэт і грамадскі дзеяч Цішка Гартны, тады яшчэ Дзмітрый Жылуновіч. Тут жа ён напісаў знакаміты нарыс, пазней выдадзены пад назвай «Дзённік гарбара». На долю Жылуновіча выпалі і радасць адкрыццяў, і шчодрасць перамог, памылкі і горыч расчараванняў. Жыццё не раз выпрабоўвала яго на сталасць: выключэнне з партыі, забыццё, рэабілітацыя: спачатку частковая, потым поўная. І ўжо назаўжды – памяць людская...
Да «Дажынак» – бібліятэка і кіназала
Капыльская зямля заўсёды славілася таленавітымі людзь-мі – як хлебаробамі, так і прадстаўнікамі творчай сферы. Яна заўсёды ўслаўляла сваіх герояў, а самі людзі зрабілі шмат добрага не толькі для Мінскай вобласці, але і ў цэлым для краіны. Годна і паспяхова прайшоў у 2021 годзе фестываль «Дажынкі», падчас якога была адкрыта дзіцячая бібліятэка. Яна гасцінна сустрэла сваіх першых гасцей. Камфортная чытальная зала, стэлажы, абстаўленыя мноствам кніг, сучасная мэбля – усё радуе юных чытачоў.
Асаблівым гонарам бібліятэкі стала кіназала. Яна разлічана на 34 месцы з гарызантальным вуглом агляду, выкарыстоўваецца шматканальны гук Dolby, а па ўсім перыметры залы размешчаны шэсць калонак і сабвуфер. Іспанская акустычная сістэма дазваляе адчуваць сябе максімальна пагружаным у дзеянне фільма. А для камфортнага размяшчэння і выдатнага баўлення часу ўсім наведвальнікам прапанаваны зручныя крэслы, пакрытыя спецыяльнай абіўкай з алькантары. Фільмы транслююцца ў фармаце 2D, а чэшскі экран са срэбным пакрыццём дазваляе рабіць паказ трохмернага малюнка. У кіназале эстэтычна падабраны каляровы фон са стылістычна апраўданым графіці на сценах.
У жывёлагадоўлі – новыя збудаванні
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то ў 2021 годзе ў аграгарадку Пацейкі для павелічэння колькасных паказчыкаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і росту пагалоўя жывёлы быў пабудаваны малочнатаварны комплекс з двума кароўнікамі на 560 галоў і даільна-малочным блокам з высокапрадукцыйным абсталяваннем, якое дапамагло істотна павялічыць аб’ёмы выпускаемай жывёлагадоўчай прадукцыі, што, у сваю чаргу, прывяло да ўстойлівага росту выручкі ад рэалізацыі малака. Для людзей – гэта працоўныя месцы і годная заработная плата.
Уведзены ў эксплуатацыю і новы МТК у філіяле «Лакнэя» УП «ПрыёртрансАгра» ў в. Камсамольская на 560 галоў дойнага статка і 200 галоў кароў сухастойнага перыяду і цялушак. Сумесна з інвестарам УП «Прыёртранс-Агра» было прынята рашэнне на змену састарэлым аб’ектам пабудаваць сучасныя фермы. Уведзена ў эксплуатацыю і новае каркасна-тэнтавае збудаванне для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы ў в. Пятрылава.
Комментарии